Веснавыя канікулы ў Чэрвенскіх яслях-садку №1

Общество

У садках таксама ёсць веснавыя канікулы. У гэтыя дні не праводзяцца заняткі — увесь тыдзень складзены з цікавых пазнавальных, забаўляльных, інтэлектуальных і аздараўленчых мерапрыемстваў.

         Кожны дзень атрымаўся цікавым, насычаным падзеямі, карысным. Але самым  запамінальным і незвычайным быў чацвер  —  “Дзень роднай мовы”.   На сустрэчу з выхаванцамі прыйшоў паэт і пісьменнік Генадзь Аўласенка. Ён прынёс свае кнігі, якія напісаў для дзяцей. Сярод іх —  аповесць-казка “Ветрык і крысіны кароль”, казачная аповесць “Снегавік і вясна”, Малпачка”, зборнік “Зайка  польку танцаваў” і  іншыя.

         Калі  аўтар  чытаў свае творы, у тым ліку і жартоўныя, загадваў загадкі, нашы выхаванцы з здавальненнем слухалі і адгадвалі. Нездарма Генадзь  Пятровіч працаваў у школе настаўнікам. Ён здолеў так распавесці пра сваю творчасць, засяродзіць іх увагу, што слухалі яго на адным подыху і з увагай. Ён умела спалучыў свой расповед з фізкультхвілінкамі і пальчыкавай гімнастыкай. Усе дзеці дружна выконвалі дзеянні, рухаліся, пляскалі ў далоні, тупалі нагамі і падскоквалі, паўтараючы нескладаныя рыфмаваныя радкі. Актыўнасць дзяцей была вялікай, таму што было вельмі цікава. Асабліва спадабаліся ім гумарыстычныя загадкі, небыліцы і перакруты. Яшчэ дзеці даведаліся, што Генадзь Аўласенка піша фантастыку для дарослых.

         Напрыканцы сустрэчы Генадзь Пятровіч падараваў  выхаванцам адну  са сваіх апошніх аповесцей  “Снегавік  і вясна”. І, канешне, мы зрабілі сумеснае фота на памяць.   

         На гэтым стасункі з цікавым чалавекам не скончыліся. Мы запрасілі Генадзя Аўласенку згуляць з нашымі выхаванцамі ў шашкі. Ён адразу згадзіўся, бо, па яго словах, быў неаднаразовым чэмпіёнам па шашках яшчэ ў  школе. І сапраўды, перамагчы яго не атрымалася нікому: ні лепшаму нашаму іграку — Ульяне, ні педагогам.

Вось такі ён, Генадзь Аўласенка – камунікабельны, таленавіты, працавіты, вясёлы, з добрым пачуццём гумару і ўменнем наладзіць добразычлівыя адносіны з дзецьмі. А галоўнае – сапраўдны беларус, патрыёт сваёй Радзімы, добра валодае роднай мовай, які за кароткі час здолеў “запаліць”  у сэрцы кожнага прысутнага на сустрэчы часцінку цеплыні і павагі да роднай мовы.

Жанна БАРНАВІЦКАЯ, намеснік загадчыка ясляў-сада №1 г.Чэрвеня.

Фота аўтара

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *