Энергія будучыні: «Капсула часу» стала сімвалам пачатку актыўнай фазы будаўніцтва новай кацельні

Благоустройство Важное

«Капсула часу» са зваротам да будучых пакаленняў, якую напрыканцы мінулага тыдня заклалі ў фундамент новай кацельні ў Чэрвені старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталь Казлоў і дырэктар літоўскага закрытага акцыянернага таварыства «Enerstena» Лайманас Кучынскас , стала сімвалам пачатку актыўнай фазы будаўніцтва гэтага знакавага для горада аб’екта.

Будаўніцтва новай кацельні ў Чэрвені, якое ажыццяўляе ЗАТ “Enerstena”, стала магчымым, дзякуючы фінансавай падтрымцы Еўрапейскага банка развіцця. Рэалізацыю праекта, на які выдаткавана амаль 6 мільёнаў долараў, плануецца завяршыць у наступным годзе. На аб’екце ўстановяць два катлы для падагрэву вады магутнасцю 5 і 2 МВт, якія працуюць на біяпаліве, а таксама два катлы для падагрэву вады магутнасцю па 3 МВт, якія працуюць на прыродным газе. Адметна, што яны будуць аснашчаны кандэнсацыйнымі эканамайзерамі вытворчасці кампаніі “Enerstena” – першымі ўстаноўкамі падобнага тыпу ў Беларусі.

Удзел ва ўрачыстасці з нагоды закладкі ў фундамент будоўлі «капсулы часу» са зваротам да будучых пакаленняў бралі прадстаўнікі раённых уладаў, кіраўнікі, спецыялісты і рабочыя арганізацый, якія ўдзельнічаюць ва ўзвядзенні новай кацельні. Подпісы пад зваротам паставілі старшыня Чэрвенскага раённага выканаўчага камітэта Віталь Казлоў і дырэктар ЗАТ “Enerstena” Лайманас Кучынскас. У ім, у прыватнасці, гаворыцца: “Мы спадзяемся, што гэтая наша інвестыцыя важная не толькі для пакалення, якое жыве ў XXI стагоддзі. Мы ўпэўненыя, што сёння пры будаўніцтве кацельні мы пестуем традыцыі спальвання біялагічна чыстага цвёрдага паліва.

Акрамя таго, нам важна, якім паветрам будуць дыхаць будучыя пакаленні, таму, пачынаючы будаўнічыя работы, мы закладаем краевугольны камень не толькі ў падмурак гэтага аб’екта, але і ў больш чыстую Беларусь”.

Увод у эксплуатацыю новай кацельні ў Чэрвені дасць магчымасць эканоміць паліўна-энергетычныя рэсурсы, а таксама зробіць больш камфортнымі ўмовы пражывання ў горадзе. У дамах і кватэрах чэрвенцаў круглы год будзе гарачая вада, а басейн фізкультурна-аздараўленчага комплексу пачне працаваць не толькі ў ацяпляльны сезон.

Ігар АДАМОВІЧ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *