У Чэрвені ўрачыста адкрылі сімвалічнае месца для маладажонаў

Актуальное Культура

Першыя маладажоны навесілі замочак на «дрэва сям’і».

У адным з мінулых нумароў “Раённы веснік” паведамляў пра ўстаноўку малых архітэктурных форм з металу – двух “дрэў сям’і” – на пляцоўцы каля фантана і касцёла. Ужо ў мінулую суботу адбылося ўрачыстае адкрыццё знакавага месца для маладажонаў.

Прыгожую традыцыю распачала маладая сямейная пара з Чэрвеня – электраманцёр Аляксандр і медсястра Таццяна Кірнішнюк. Менавіта ім першым пашчасціла навесіць замочак на імправізаванае дрэва з металу.

Сімвалічнае месца для закаханых адкрыла дырэктар Чэрвеньскага Дома культуры і адпачынку, дэпутат Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Алена Гоман. Яна звярнулася да маладажонаў са словамі віншавання:

— Сёння вы стаіце на парозе вашага сямейнага жыцця. І якое яно будзе, залежыць толькі ад вас дваіх. Сімвалам сям’і з’яўляецца дрэва. Яно добра адлюстроўвае сям’ю: нашы продкі, бацькі — гэта карані, камель дрэва, а шматлікія галінкі і лісце — дзеці, унукі. Я жадаю, каб ваша сямейнае дрэва было моцным, галінастым і доўга-доўга расло на радасць усім.

Алена Барысаўна прапанавала маладажонам у знак доўгіх, моцных і верных сямейных сувязей павесіць замочак на адно з дрэў, каб такім чынам замацаваць свой саюз.
Адметна, што нават дожджык, які пачаўся якраз пасля таго, як замок быў навешаны на “галінку дрэва”, не сапсаваў настрой шчаслівых маладажонаў і іх гасцей. Пад вясёлую песню ў выкананні Андрэя Хурсевіча яны, прыгожыя і ўлюбёныя, танчылі на пляцоўцы каля “дрэў сям’і”. Жадаем шчаслівага і доўгага сямейнага жыцця маладой сям’і Кірнішнюк!

Кацярына ШУМКО.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *