Памяці Уладзіміра Дарагужа

Общество

Прысвяцілі вечарыну, якая адбылася напрыканцы мінулага года ў літаратурна-паэтычным клубе “Ветразь”. Мерапрыемства падрыхтавалі загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Галіна Ніціеўская і бібліятэкар Алена Адамовіч.

На вечарыне адбылася прэзентацыя кнігі Уладзіміра Георгіевіча “Рака майго жыцця”. У кнігу ўвайшлі матэрыялы, якія раней друкаваліся ў рэспубліканскіх перыядычных выданнях, а таксама на старонках раённай газеты. Яны карпатліва збіраліся і сістэматызаваліся аўтарам на працягу многіх гадоў, вывяраліся ў навуковых гістарычных выданнях. У кнізе прыводзяцца вытрымкі з твораў краязнаўцаў Аляксандра Ельскага і Паўла Шпілеўскага. Чытачы маюць магчымасць са старонак кнігі пазнаёміцца з гісторыяй роду Дарагужоў, друкуюцца здымкі, зробленыя ў розныя гады. Уладзімір Георгіевіч — выхадзец з шляхецкага роду Забельскіх, які меў назву “Тшаска”(Trzaska). Ён ўзнік у ХІІІ стагоддзі ў Польшчы, а да нас прыйшоў у ХV стагоддзі. Забельскія – шляхта вайсковага саслоўя, якая ў Вялікім княстве Літоўскім складала больш за 10 адсоткаў (працэнтаў) насельніцтва.
Цікава пазнаёміцца і з успамінамі дзяцінства аўтара. Ён прыгадвае, як малым хлапчуком разам з маці хадзіў на раку Ігуменку і бачыў, як яе спрамлялі. А рака ў той час (гэта канец 1940-х — пачатак 1950-х гадоў) была глыбокай і былі крыніцы з чыстай і гаючай вадой. Стаўшы дарослым, даведаўся, што там працавалі зняволеныя пад наглядам байцоў НКУС.
У кнізе ёсць звесткі пра рачулку, што выцякае з возера Дзікае і нясе ваду ў раку Ігуменку. Прыток яе знаходзіцца ля вёскі Шалашы.
Змястоўныя матэрыялы прыводзяцца Уладзімірам Георгіевічам пра гісторыю роднага горада. Грунтоўна ён апісаў падзеі Першай сусветнай вайны і лёс сваіх землякоў, якія выбраў з навуковых прац і ўспамінаў сведкаў. Яго памяць захавала падзеі лютага 1942 года, калі ва ўрочышчы Глінішча былі расстраляны 2000 яўрэяў, сярод іх былі аднакласнікі, з якімі Уладзімір Дарагуж вучыўся ў першым класе. Ён не мог раўнадушна глядзець, як разбураўся касцёл Святога Антонія і палац Слатвінскіх у Раванічах, а гэта — адно з месцаў яго малой Радзімы: у Раваніцкай школе яго маці працавала настаўніцай, а бацька быў дырэктарам. Хваляваў яго і лёс гісторыка-культурных каштоўнасцей – курганоў. З гэтым пытаннем звяртаўся ў Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, прасіў узяць іх на ўлік і ахоўваць.
Шмат здымкаў было зроблена аўтарам у 80-я гады мінулага стагоддзя. Фатаграфаваў усё: архітэктурныя помнікі, паркі, гарадзішчы, курганы. Не пакідаў без увагі сельскія гаспадаркі, прамысловыя прадпрыемствы, установы адукацыі, культуры, медыцыны, гандлю. Яго каштоўныя матэрыялы – добрая творчая спадчына аб падзеях культурнага і грамадскага жыцця будучым пакаленням. Ён аўтар кніг “Курапаты Чэрвеньшчыны”, “Каменьчыкі ў агарод”, яго творы змешчаны ў першым і другім выпусках зборніка “Мая Ігуменшчына”.
Уладзімір Георгіевіч Дарагуж на працягу 30-ці гадоў быў старшынёй літаратурна-паэтычнага клуба ”Ветразь”.
Успамінамі пра Уладзіміра Георгіевіча Дарагужа — рупліўцу-асветніка, краязнаўца, чалавека інтэлігентнага, з энцыклапедычнымі ведамі, няўрымслівага, актыўнага, прагнага да ўсяго новага, што адбываецца ў свеце, адданага сваёй радзіме, які любіў родную мову і культурную спадчыну, дзяліліся ўдзельнікі літаратурна-паэтычнага клуба “Ветразь”: Уладзімір Адамовіч, Анатоль Турбал, Яўген Несцяровіч, Аляксандр Капанец, Яўгенія Клаўсуць, Зоя Сушкевіч, Соф’я Гурына.

Алена ШУЛЬГА, бібліёграф Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі
Фота Святланы Ждановіч



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *