У шосты раз ладзіўся конкурс кухарскага майстэрства «Смак», у якім удзельнічалі ўстановы сацыяльнага абслугоўвання Мінскай вобласці

Общество

Кожны год для спаборніцтва ў кулінарным мастацтве прапануюцца розныя тэмы. Зараз конкурс праходзіў пад назвай «А ў нашай хаце — свята» і быў прысвечаны 80-годдзю ўтварэння Мінскай вобласці. Не ўпершыню ўдзельнікі конкурса прыязджаюць у Чэрвеньскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. Тут іх заўсёды сустракаюць з радасцю. На гэты раз повары — прадстаўнікі 22-х устаноў сацыяльнага абслугоўвання — прыехалі змагацца за званне лепшага кухара. Усе свае кулінарныя шэдэўры яны прысвяцілі юбілею Мінскай вобласці.

Конкурс ацэньвала журы. У складзе яго Алег Семянчук, старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама; Надзея Скрыннік, загадчык аддзела грамадскага здароўя дзяржаўнай установы «Мінскі абласны цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя»; Таццяна Дамарацкая, першы намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама; Уладзімір Філімонаў, старшыня Мінскай абласной арганізацыі работнікаў дзяржаўных устаноў і іншых арганізацый; Вера Падароўская, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама; Вячаслаў Варанкоў, галоўны спецыяліст камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінскага аблвыканкама; Віталь Казлоў, старшыня Чэрвеньскага райвыканкама; Ала Шахоцька, намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў свята, Алег Семянчук адзначыў, што быць поваром няпроста: гэта не толькі ўменне развесці агонь, трэба быць і мастаком, і фокуснікам, і скульптарам адначасова. Не кожнаму гэта дадзена.
— Сёння, — сказаў Алег Аляксеевіч, — мы ўбачылі мноства прыгожых страў. Такую прыгажосць могуць стварыць толькі прафесіяналы. З кожным годам расце і ваша майстэрства. Радуе тое, што вы з задавальненнем удзельнічаеце ў гэтым конкурсе. І колькасць удзельнікаў павялічваецца — адкрываюцца новыя сацыяльныя ўстановы. Няхай не ўсе яны сёння прадстаўлены, але самыя адданыя гэтай справе зараз тут. Жадаю ўсім удзельнікам удачы, прыемных стасункаў.

У конкурсе бралі ўдзел ўстановы сацыяльнай абароны Чэрвеньскага, Валожынскага, Барысаўскага, Стаўбцоўскага, Пухавіцкага, Мядзельскага, Слуцкага, Любанскага, Капыльскага, Маладзечанскага, Нясвіжскага, Лагойскага, Старадарожскага і Клецкага раёнаў.

Першы конкурс называўся «Хатняе заданне». Кухары прадстаўлялі мясную, рыбную, мучную стравы і дэсерт. Кожны ўдзельнік прэзентаваў свае стравы ў вольнай форме. Фантазіі кухараў не было межаў! Якіх толькі вырабаў тут не было! А якія назвы далі ім аўтары гэтых кулінарных шэдэўраў! «Каралеўская страва», «Банкетная трапеза», «Каралеўскі прысмак», «Гаспадыня», «Хатні гасцінец», «Мясная фантазія», «Асалода», «За вушы не адцягнеш», «Гусь-спадар» і іншыя. Нават курачкі былі «апранутыя» ў нацыянальнае адзенне. Гэта ўсё мясныя стравы.

Рыбныя — «Судак на блюдзе», «Лавіся, рыбка», «У самага сіняга мора», «Баль Няптуна», «Карп у смятане», «Карп па-лагойску», «З царскай асятрынай», «Шчупак-царэвіч» і гэтак далей. Мучныя стравы былі прадстаўлены пірагамі і піражкамі з розным начыннем, блінамі, рулетамі, мафінамі. Прычым выпечка была вельмі прыгожа аформлена. Тут можна было ўбачыць хаткі і пянькі, розных звярушак, птушак, грыбкі і ягады. На паляне — цэлая сям’я вожыкаў.

Ад дэсертаў немагчыма было адарваць позірк. Сапраўдныя кулінарныя шэдэўры. Хтосьці выпек торт ў выглядзе флага, хтосьці — у выглядзе нацыянальнай кашулі, хтосьці — карты Беларусі, хтосьці змайстраваў цэлы замак, была нават і Пізанская вежа.

Уявіце, як цяжка было журы ацаніць усе гэтыя мастацкія вырабы! Прычым кожны кухар прадстаўляў свае справы так: хто ў вершаванай форме, хто спяваў. Была гэта прэзентацыя падобная на цэлае тэатралізаванае прадстаўленне.

Другі конкурс прадугледжваў гатаванне халоднай закускі на вачах у прысутных. І тут кухары паказалі свой спрыт, мастацкі густ і прафесійнае майстэрства. Ад «Салабургера» ў гасцей свята натуральна пацяклі слінкі. Цікавы і прыгожы атрымаўся салат «Гняздо бусла». Салаты «Кніга», «Свежасць», «Букет цюльпанаў», «Кактэльны» і іншыя былі не толькі прыгожа аформлены, але і сачылі прыемную духмянасць…

Пакуль журы падводзіла вынікі, усім астатнім ўдзельнікам свята работнікі аддзела культуры Чэрвеньскага райвыканкама Вера Капачова, Андрэй Хурсевіч, Міхаіл Шчэрбач; Марына Сіняўская, мастацкі кіраўнік гурта Чэрвеньскага псіханаўралагічнага дома-інтэрната «Дарящие радость», і яго ўдзельнікі Валерый Гардзіенка і Людміла Папова падарылі свае песні.
Урэшце пачалося ўзнагароджванне пераможцаў. Алег Семянчук зазначыў, што ўсе ўдзельнікі стараліся, усе — цудоўныя прафесіяналы і цудоўныя людзі. Выказаў задавальненне тым, што сярод кухараў з’явіліся мужчыны. Ён таксама засведчыў, што стравы аказаліся не толькі прыгожымі знешне, але і вельмі смачнымі. Прыгадаў, што некаторыя з канкурсантаў у папярэднія гады ўдзелу ў гэтым конкурсе губляліся, зараз сталі больш упэўненымі ў сабе і сваім майстэрстве. З часам развіўся не толькі прафесіяналізм, але і артыстычны талент кулінарных майстроў.

Алена Цярэшчанка

Спачатку на сцэну запрасілі пераможцаў у намінацыях. У намінацыі «Лепшая мясная страва» перамагла кухар Маладзечанскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната Ілона Бажко. У намінацыі «Лепшая мучная страва» — Наталля Бобрык, Нясвіжскі дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. У намінацыі «Лепшая рыбная страва» — Таццяна Якімовіч, Слуцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. У намінацыі «Лепшы дэсерт» — Алена Локтыш, Копыльскі спецыяльны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў. У намінацыі «Лепшы повар халодных закусак» — Алена Бандарэнка, Пухавіцкі псіханеўралагічны дом-інтэрнат. У намінацыі «Прыз сімпатый гледачоў» — Аляксей Фёдараў — Чэрвеньскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат.

Дыплом трэцяй ступені і адпаведна трэцяе месца ў конкурсе дасталіся Людміле Ліпніцкай са Стаўбцоўскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната. Другое месца і Дыплом другой ступені атрымала Аксана Гамза з Нікалаеўшчынскага дома інтэрната для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў. Пераможцам конкурсу стала Наталля Лявіцкая са Свірскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната.

Аляксей Фёдараў

Ала Шахоцька ў сваёй прамове адзначыла, што такое мерапрыемства нельга назваць конкурсам.
— Мы бачылі, што гэта — свята, — сказала яна. — Гэта свята майстэрства, творчасці, кулінарнага мастацтва, высокага прафесіяналізму. З такімі кухарамі ва ўстановах сацыяльнага абслугоўвання, я ўпэўнена, што харчаванне пастаўлена на высокім ўзроўні.

Ад імя Чэрвеньскага райвыканкама Ала Канстанцінаўна ўручыла Алене Цярэшчанка, кухару Чэрвеньскага дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, «Прыз-удзячнасць».

Алег Семянчук падзякаваў за ўдзел у конкурсе, уручыў усім кухарам-удзельнікам у падарунак пледы. Асаблівую удзячнасць ён выказаў гаспадарам свята — Чэрвеньскаму псіханеўралагічнаму дому-інтэрнату за гасціннасць. Артыстам — за падараваны добры настрой.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *