Прызванне – будаваць

Общество

Пасля земляроба найбольш старажытная і значная прафесія, напэўна, прафесія будаўніка. Шалаш, церам, палац узводзілі будаўнікі. І не згіне гэтая прафесія, колькі хто ні гаварыў бы аб заняпадзе будаўнічай галіны. Канешне, аб’ёмы не тыя, якія б хацелася мець, але людзі занятыя, заработную плату атрымліваюць.

121212
Сяргей Купровіч

-Зараз у нас працуе 115 чалавек, — гаворыць дырэктар ПМК № 237  Сяргей Купровіч. – З іх 110 маюць стаж у нашай арганізацыі болей за 10 гадоў. Былі моманты, калі ад нас сыходзілі, шукалі лепшае месца працы. Тады мы не мелі  шмат аб’ектаў, заработную плату выплочвалі з вялікімі цяжкасцямі. Зараз таксама хапае праблем, але людзі да нас вярнуліся. Нялёгкія крызісныя часы перажываюць розныя прадпрыемствы. А тут — работа побач з домам, стабільная, хоць і не вельмі вялікая зарплата. Сярэдняя па нашай арганізацыі – 4 недамініраваных мільёны рублёў. Маем сёння 8 аб’ектаў працы. Самае вялікае багацце любой арганізацыі – гэта людзі. Зараз у нас склаўся, бадай, самы лепшы за ўсе часы калектыў.

Сам Сяргей Уладзіміравіч прыйшоў  у ПМК №237 на работу майстрам у 1988 годзе.  У 2005-тым  узначаліў калектыў. Кожнага работніка добра ведае, нават іх сем’і, дзяцей і ўнукаў. Не задумваючыся называе імёны лепшых работнікаў. Каменшчыкі Генадзь Корзун, Сяргей Дашыневіч, тынкоўшчыкі Таццяна Хацько і Вера Машкова, цесляры Анатолій Дзержановіч і Аляксандр Забаўскі, машыніст пагрузчыка Леанід Вікторчык, Рыгор Кандрацін. Большасць з іх сустрэлі мы на пляцоўцы па падрыхтоўцы месца пад будаўніцтва 80-ці кватэрнага дома ў Чэрвені побач са спартыўным комплексам.

-У планах развіцця нашага раёна прадугледжана будаўніцтва шматкватэрных дамоў і ў горадзе Чэрвені, і ў гарадскім пасёлку Смілавічы. А значыць будаўнікі без работы не застануцца, —  падводзіць вынік размовы Сяргей Купровіч.

Гэтак жа аптымістычна глядзіць у будучае і кіраўнік ААТ “ПМК №8” Генадзь Давыдоўскі. Яго жыццёвы покліч: “Ніколі не адчайвацца, думаць як жыць далей, рабіць тое, што павінен, верыць, што будучае будзе такім, як патрэбна”. Галоўным у жыццядзейнасці арганізацыі ён таксама лічыць людзей. З агульнай колькасці працуючых (57 чалавек), інжынерна-тэхнічных работнікаў толькі 9. Каб пазнаёміцца з лепшымі, накіроўваемся на аб’ект – будаўніцтва адміністрацыйнага будынка будучага перапрацоўваючага завода ля гарадской звалкі пад Мінскам.

Плошча пляцоўкі ўражвае памерамі. Ажно дух захоплівае ад панарамы будаўніцтва.

-Заказ на ўзвядзенне гэтага аб’екта знайшлі нашы акцыянеры – ААТ “Мінскводбудаўніцтва”, — тлумачыць Генадзь Арцёмавіч. — Яны маюць 53 працэнты нашых акцый. Канешне, зацікаўлены ў атрыманні заказаў на працу нашага калектыву, а нам такі клопат толькі на радасць.

Падчас паездкі Давыдоўскі не проста знаёміць мяне з рабочымі, але і праводзіць працоўную нараду, карэктыруе заданні.

Пільна запісвае ўсе заўвагі кіраўніка прараб Сяргей Ціхіня. Яму 57 гадоў, з іх 36 адпрацаваў у ПМК -8. Шчаслівы бацька двух дачок.

4321
Муляры Міхаіл Баброў і Сяргей Гантарэнка

З 1993 года працуе ў арганізацыі кранаўшчык Анатоль Кулік, з 2000 года  Юрый Мількевіч. Будаўнічую прафесію галоўнай у сваім жыцці лічаць Міхаіл Баброў, Сяргей Гантарэнка, Аляксандр Міньчонак, Аляксандр  Ніціеўскі. Усе майстры сваёй справы і гонар арганізацыі.

Дарэчы, сярэдняя заработная плата ў гэтай арганізацыі 5,8 мільёны недамініраваных  рублёў.

У філіяле “Чэрвеньскае РСУ” ААТ “Універсалрэмбуд працуе зараз 43 чалавекі, з іх 6  інжынерна-тэхнічных работнікаў.  Сярэдняя заработная плата – 3 мільёны недамініраванных рублёў, але выплочваецца з цяжкасцямі. Шмат каму павінны будаўнікі, але хапае даўжнікоў і ў іх. Асноўны аб’ект сёння – будаўніцтва будынка прыдарожнага сэрвісу ў вёсцы Карзуны.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *