Экскурсія ў манастыр

Общество

7658556На мінулым тыдні група навучэнцаў Чэрвеньскай школы мастацтваў ездзіла на экскурсію ў Свята-Елісавецінскі жаночы манастыр. Сертыфікат на гэту паездку яны атрымалі за актыўны ўдзел у раённым фестывалі «Праваслаўны перазвон». Суправаджалі школьнікаў дырэктар Цэнтра культуры і адпачынку Алена ГОМАН і благачынны Чэрвеньскай царкоўнай акругі пратаіярэй Віктар КАРНІЛОВІЧ.

Ад манахіні-экскурсавода юныя чэрвеньцы даведаліся, што манастыр — амаль іх равеснік: узнік нядаўна, 17 гадоў таму. Першыя сёстры пасяліліся тут, каб дапамагаць хворым з псіханеўралагічнага дыспансера, што знаходзіцца непадалёку. З часам на гэтым месцы пабудавалі храм і інтэрнат для манашак, паслушніц і паслушнікаў. А зараз манастыр уяўляе сабой своеасаблівы царкоўны гарадок — некалькі храмаў, свой атэль, пякарня, млын, швейная і сталярная майстэрні, мядовая лаўка, майстэрні па вырабу сувеніраў, крамы, кафэ.
Адзін з храмаў на тэрыторыі манастыра пабудаваны ў гонар царскай сям’і Раманавых, прызнанай царквой святымі пакутнікамі. Некаторыя з экскурсантаў, нягледзячы на невялікі ўзрост, ведаюць, што Чэрвень таксама звязаны з іх імёнамі, бо ўжо некалькі гадоў у Свята-Мікольскай царкве захоўваецца свяшчэнная рэліквія — частка шалі цэсарэвіча Аляксея Раманава.
Калі экскурсавод у другім храме распавядала пра асветніцкую і царкоўную дзейнасць Ефрасінні Полацкай і яе імкненне да распаўсюджвання праваслаўя на Беларусі, нашым юным землякам таксама было што паведаміць у адказ. Бо наш гарадок, які раней зваўся Ігумен, па паданню, заснаваны адной з ігуменняў, якія падтрымлівалі і працягвалі справу Ефрасінні.34656
Экскурсанты пабывалі ва ўсіх храмах, некаторых майстэрнях, дзе назіралі, як майстры вырабляюць вельмі прыгожыя сувеніры. Затым з задавальненнем падсілкаваліся ў манастырскай трапезнай, адведалі сціплай, але карыснай ежы. Разгледзелі зблізку купель, у якой дарослыя праходзяць абрад хрышчэння. Таксама на свае вочы ўбачылі, як будуецца новая вялікая драўляная царква божага ўгодніка Іаана Шанхайскага, даведаліся аб цікавым жыццёвым шляху гэтага свяціцеля. Канешне ж, набылі і сувеніры ў крамах. Акрамя таго, для дзяцей правялі майстар-клас па мастацкаму аздабленню гіпсу. У выніку ўсе павезлі дадому маленькіх гіпсавых анёлаў, якіх размалявалі самі кожны на свой густ. А яшчэ — забралі дадому часцінку боскай благадаці, якая амаль фізічна адчуваецца ў намоленым месцы і робіць сэрцы больш мяккімі і спагадлівымі.

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *