Засталася жыць — і стала медыкам

Общество

Вольга Фёдараўна Патапейка нарадзілася ў вёсцы Брыцалавічы Асіповіцкага раёна. Дзяцінства сваё ўзгадвае з цеплынёю: раздольныя вясковыя прасторы, паблізу працякала рака Свіслач, вясёлыя гульні з сяброўкамі, вучоба ў школе… Чатырнаццацігадовай дзяўчынкай застала яе вайна. І ў адзін момант прымусіла пасталець… Колькі гора, страт і страху прыйшлося сцярпець! У 1942 годзе немцы акружылі вёску, сабралі людзей. Цудам не патрапіла туды дзяўчына, бо яе бацька схаваў у склеп. Астатніх жыхароў вёскі, улічваючы дзяцей і сталых, сагналі ў школу, трымалі там трое сутак. Пасля выводзілі па некалькі чалавек і расстрэльвалі. Як пазней аказалася, сярод забітых былі маці, сястра і брат Вольгі. Пра гэта расказала цётка, якая выпаўзла з вялікай гары расстраляных… Яна і надалей паведамляла пра абстаноўку там, па-за склепам.

Пасля гэтай страшнай трагедыі Вольга разам з бацькам дапамагала партызанам. Ішла ў лес, быццам па ягады, па дамове прыносіла анучы для бінтоў і іншыя рэчы. Пасля разам з бацькам апынулася ў партызанскім атрадзе імя Ракасоўскага. Спачатку была ў гаспадарчай роце, а потым навучылі страляць, выдалі вінтоўку. Аднойчы, падчас аперацыі па ўзрыву чыгуначнага палатна, яна атрымала раненне ў нагу. «У тую ноч прыняла сур’ёзнае рашэнне: калі буду жыць, то абавязкова стану медыкам. Наглядзелася на параненых, скалечаных людзей! Вырашыла, што абавязкова буду дапамагаць, лячыць. Самой нават не верыцца, што да вайны баялася крыві…», — са слязьмі на вачах успамінае Вольга Фёдараўна.

Пасля вайны паступіла Вольга ў Бабруйскую фельчарска-акушэрскую школу. Атрымала спецыяльнасць фельчара-акушэра. Па заканчэнні вучобы накіравалі маладога спецыяліста ў Чэрвеньскі раён. На выбар было тры месцы, куды патрабаваўся работнік. Пайшла на Калодзежскі ФАП, дзе працаваў земскі доктар Круглік. Вось як успамінае першыя месяцы працы Вольга Фёдараўна:  «Я прыехала ў Калодзежы адна. На малой радзіме застаўся толькі бацька ды мачаха. Дапамогі чакаць не было ад каго, жылося цяжка. Але я заўсёды ішла насустрач людзям, дапамагала ўсім. Таму і паважалі мяне, давяралі. За гэта мяне частавалі і ягадамі, і іншымі ласункамі. Пазней ужо стала крыху лягчэй — калгас выдзяліў рад буракоў і два бульбы».

Як пазней аказалася, Вольга Фёдараўна са сваім будучым мужам Мікалаем Мікалаевічам Чарнаўцом, ураджэнцам вёскі Новая Ніва, вучылася разам на адным курсе. Але лёс блізка пазнаёміў іх толькі тады, калі яна працавала ў Калодзежах, а ён — у Барсуках. Часта сустракаліся па рабочых справах. Так і  спадабаліся адзін аднаму. У 1948 годзе пажаніліся. Мікалай Мікалаевіч перавёз яе ў Барсукі, дзе працаваў загадчыкам ФАПа, Вольга Фёдараўна — медсястрой. Пасля закрыцця гэтай медыцынскай установы працавалі разам у Старым Прудзе. А пасля сям’я даведалася, што ў Велікаполлі плануецца адкрыць ФАП. На прапанову галоўнага ўрача Чэрвеньскай бальніцы Гурыновіча там працаваць, маладая сям’я з дзвюма дзецьмі ахвотна згадзілася і пераехала.

«Муж працаваў фельчарам, я — акушэркай, — распавядае Вольга Фёдараўна. — Абслугоўвалі вёскі Язоўкі, Велікаполле, Дубнікі, Бярозаўка, Плецявішча. Працы было вельмі шмат! Пачыналі з нуля. Цяжка было пераконваць людзей, што трэба рабіць прышчэпкі. Асабліва баяліся маці з дзецьмі. Я купляла цукеркі, насіла з сабою, каб частаваць дзетак. Гэтак «сябравала» і з малымі ў дзіцячым садку, школе. Актыўна нам дапамагалі ў прафілактычнай і агітацыйнай рабоце настаўнікі».

Пазней, праз некалькі гадоў, Мікалай Мікалаевіч самастойна пабудаваў хату для сваёй сям’і, а таксама будынак, у якім размяшчаўся ФАП. Ён быў вялікі, прасторны, у чатыры пакоі: фельчарскі, акушэрскі, працэдурны і санпрасветработы. Трыццаць тры гады адпрацавала Вольга Патапейка на гэтым ФАПе. З гордасцю зазначае, што яны не раз займалі першае месца па санітарнаму стану сярод ФАПаў вобласці.

«Цяпер працаваць лягчэй, — успамінае Вольга Фёдараўна. — А раней жа не было электрычнасці, таму прыходзілася захоўваць шпрыцы пэўным чынам: выкапвалі яму, каб падтрымліваць патрэбную тэмпературу. Таксама самастойна стэрылізавалі шпрыцы, падрыхтоўвалі да работы. Не было тэлефонаў, мала аўтамабіляў… Часта прымала роды ў дарозе, дома. Пры святле свечкі прыходзілася і ўколы рабіць, і роды прымаць. Можа, таму зараз я амаль поўнасцю страціла зрок…»

Каб пракарміць сям’ю, трымалі вялікую гаспадарку. Нарадзілі з мужам траіх дачок. Але ў асноўным увесь час аддавалі людзям. «Дзеці і цяпер памятаюць, як часта ноччу ў вокны стукалі, прасілі дапамогі, — гаворыць Вольга Фёдараўна. Ні я, ні муж ніколі не адмаўлялі людзям. І ноччу, і цераз лес да хворых хадзіла».

Вельмі рана пайшоў з жыцця Мікалай Мікалаевіч. Жанчыне прыйшлося самой і дзяцей гадаваць, і гаспадарку трымаць, і фельчарам-акушэрам працаваць… «Меншую дачку гадавалі старэйшыя, за працай я амаль не бачыла сваіх дзяцей. І па гаспадарцы яны мне вельмі дапамагалі. А на ФАПе трэба было самой і печ прапаліць, і дроў нарыхтаваць. Сяду на веласіпед, еду ў сельсавет, выпісваю. Пасля еду дамаўляцца на лесасеку. Усё было на маіх плячах. Але працы ніколі не баялася», — успамінае Вольга Фёдараўна.

У Вольгі Патапейка, акрамя дачок, расце пяць унукаў, дзве праўнучкі. Яны наведваюць маці і бабулю ў Велікаполлі, не пакідаюць яе адну. А на зіму матулю забірае да сябе старэйшая дачка Галіна. Вольга Фёдараўна задаволеная сваім жыццём. Прызнаецца, што цяпер ўсяго хапае, але только здароўя няма. І вельмі засмучае і клапоціць яе той факт, што ў Велікаполлі ўжо даўно не працуе ФАП. «Нават лекі няпроста набыць, — скардзіцца жанчына. Трэба ехаць у Чэрвень, або ў Ляды. А для сталых людзей гэта сапраўдная праблема. Дапамагаюць толькі дзеці або сацыяльныя работнікі».

Вольга Фёдараўна мае шмат узнагарод. Гэта медалі «За перамогу над Германіяй», «Партызан Беларусі», «Ветэран вайны», «Ветэран працы», медаль Жукава, шмат юбілейных, а таксама Ордэн «Айчыннай вайны II ступені», значок «Выдатнік аховы здароўя».

Віншуем Вольгу Фёдараўну  з 90-гадовым юбілеем  і жадаем здароўя, даўгалецця, радасных дзён! Дзякуй Вам за тое, што зрабілі для людзей!

Кацярына ШУМКО.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *