Прапанавана ўдасканальваць прафілактычную работу

Безопасность

На чарговым пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама абмеркавалі пытанне «Аб рабоце па прафілактыцы супрацьпраўных дзеянняў ва ўстановах адукацыі «Чэрвеньскі прафесійны будаўнічы ліцэй», «Смілавіцкі сельскагаспадарчы ліцэй» і «Смілавіцкі аграрны дзяржаўны каледж».

Папярэдне па патрабаванню Мінскага аблвыканкама быў даследаваны стан злачыннасці сярод непаўналетніх. Рост злачыннасці мае месца ў 15 раёнах, Чэрвеньскі ў іх лік не ўваходзіць. Амаль кожнае другое злачынства здзейснена навучэнцамі ПТВ.  Даследаванне выявіла наступнае: за 9 месяцаў 2014 года непаўналетнімі і з іх удзелам у раёне здзейснена 8 злачынстваў (2013 г.- 10). У тым ліку 7 непаўналетнімі, з іх 4 на пачатак кастрычніка сталі паўналетнімі. За парушэнне антыалкагольнага заканадаўства затрымана 39 непаўналетніх: 23 — навучэнцы Чэрвеньскага прафесійнага ліцэя, 2 — беспрацоўныя, 1 — працуе, 1 — навучэнец СШ №2 г.п.Смілавічы, 2 — навучэнцы Смілавіцкага ліцэя, 9 — навучэнцы ўстаноў адукацыі іншых раёнаў. Таксама засведчана, што ва ўстановах адукацыі работа па прафілактыцы сямейнай нядобранадзейнасці вядзецца недастаткова.

За 8 месяцаў са Смілавіцкага ліцэя адлічаны 16 непаўналетніх: 1 — на падставе прыгавору суда, 1 — па прычыне пераводу ў іншую навучальную ўстанову, 1 — у сувязі з працаўладкаваннем, 13 — па асабістаму жаданню, яны знаходзяцца на ўтрыманні бацькоў. У Чэрвеньскім ліцэі адлічана 4 непаўналетніх, адзін з іх сірата, што недапушчальна.

У ліцэях і каледжы  выхаваўчая работа вядзецца ў адпаведнасці з планамі, маюцца праграмы па фарміраванні здаровага ладу жыцця, прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі, алкагалізму, наркаманіі, ужывання псіхаактыўных рэчываў, выкананне якіх прадугледжвае ўзаемадзеянне ўсіх суб’ектаў выхаваўчага працэсу. Працуюць саветы па прафілактыцы безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Аднак, як адзначыла старшыня камісіі па справах непаўналетніх Ала Шахоцька, планы работы з цяжкімі падлеткамі  неканкрэтныя. Не ўлічваюцца асаблівасці кожнага:  узяты ён на ўлік за ўгон транспарту, або за п’янства, ці за што іншае. Па яе словах, трэба запланаваць правядзенне з кожным канкрэтных мерапрыемстваў, такіх, каб палепшыць яго становішча ў сям’і, прычым абмеркаваць і ўзгадніць іх з бацькамі. А пасля, выканаўшы запланаванае, мы павінны зразумець, што ва ўсведамленні дзіцяці памянялася. Іншы раз гутаркі з імі і бацькамі не даюць ніякіх вынікаў. Таму неабходна выкарыстоўваць іншыя меры ўздзеяння: ліст у працоўны калектыў, або тэлефанаванне кіраўніку ўстановы, дзе працуюць бацькі, з просьбай аб садзейнічанні сям’і і школе ў выхаванні. Не дапамагае — далучаць праваахоўныя органы, выкарыстоўваць увесь комплекс адміністрацыйных мер.

— Права прызнаць умовы выхавання дзіцяці ў сям’і сацыяльна небяспечнымі мае Савет прафілактыкі навучальнай установы, — сказала намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталля Сцяжко, —  а  таксама і канстатаваць факт таго, што дзіцяці неабходна дзяржаўная ахова. У гэтым выпадку дзіця забіраюць з сям’і. Іншы раз даводзіцца ісці і на такія меры. Мы павінны працаваць у імя захавання жыцця і здароўя дзіцяці.

Камісія прыняла рашэнне, у якім прадпісаны меры па ўдасканаленню работы па прафілактыцы супрацьпраўных дзеянняў навучэнцаў, таксама разгледзела матэрыялы ў адносінах бацькоў, якія не выконваюць свае абавязкі па выхаванню дзяцей і непаўналетніх, якія здзейснілі правапарушэнні. Да іх прыняты адпаведныя меры спагнання.

 

Таццяна МАРЦЬЯНАВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *