Фальклорны калектыў «Вечарына» прымаў гасцей з Францыі

Общество

Добрай традыцыяй стала ў Іванічах прымаць гасцей з Францыі. Фальклорны калектыў «Вечарына» ўпадабаўся ім яшчэ ў 2008 годзе. З таго часу і завязалася сапраўднае сяброўства. Як адзначыў кіраўнік дэлегацыі спадар Бернар, мы сталі як родзічы, нягледзячы ні на палітычныя, ні на якія-небудзь іншыя абставіны. Яго жонка Сафія, такая абаяльная і добразычлівая, нават не хацела ад’язджаць. Для кожнага ў яе — і для спявачак, і для дзяцей знайшліся і цёплыя словы, і ўсмешкі, і сувеніры. А ўжо што датычылася танцаў — дык, мусіць, ні на адной сучаснай дыскатэцы не бывае гэтак весела, запальна і бадзёра.

Некаторыя з французаў наведаліся да нас упершыню, і было відаць, што іх здзіўленню няма мяжы: цікавіла ўсё.  Дзе жэстамі, дзе з перакладчыкам растлумачвалі ім, як працуе ткацкі станок, як абрабляецца лён, як грабуць сена, як збіваюць масла і іншыя-іншыя нашы сакрэты.

І яшчэ раз упэўніваюся — нам ёсць чым ганарыцца. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Сакалоўская адзначыла ў сваім выступленні адметнасць нашай вёскі, падзякавала  жанчынам за іх шчодрасць і гасціннасць.

А я, у сваю чаргу, хачу выказаць шчырую падзякам сваім прыгажуням-красуням. Каторы раз не перастаю здзіўляцца іх непаўторнасці, беларускай сапраўднай прыгажосці. Адкуль бярэцца гэтая чысціня, абаяльнасць, пяшчота? Мабыць, ад роднай зямелькі, на якой яны выраслі і шчыруюць, не шкадуючы сябе. І агароды, і гаспадарка, і сямейныя клопаты не пазбаўляюць, а, здаецца, наадварот, даюць ім духоўную сілу радавацца самім і дарыць радасць людзям.

Аляксандра Венедзіктаўна Гаўрыльчык, якая аддала сорак гадоў нашаму клубу, такою спякотаю з хворымі нагамі прытупала ў свой родны кут — і памаладзела. Галіна Мікалаеўна Кісель, нягледзячы на свае хваробы, таксама расквітнела, заззяла ўсімі фарбамі вясёлкі. Пра Ганну Мікалаеўну Колас магу толькі сказаць, што ні час, ні ўзрост, ні якія іншыя абставіны ёй непадуладны. Нязменна бадзёрая, вясёлая і вечна маладая. Дзякую Ніне Мікітаўне Слабодчыкавай за яе пяшчоту і цеплыню, добразычлівасць і сціпласць. Марыі Фёдараўне Карасік — асобная падзяка  за яе шырокую душу: здаецца, яна створана для таго, каб аддаваць людзям усё, што мае сама. Яе вышываныя рушнікі, сурвэткі гавораць за сваю стваральніцу — такія ж яскравыя і прыцягальныя. Вялікі дзякуй кажу нязменным удзельніцам “Вечарыны” Верынай Валянціне Фёдараўне, Ладуцьцы Марыі Дзянісаўне, Корзун Наталле Пятроўне. Столькі ўжо выступленняў, праграм, мерапрыемстваў было на іх вяку, але з кожным разам адкрываюцца ўсё новыя і новыя рысы іх мастацкага таленту. Галіна Іванаўна Папова нядаўна прыйшла ў калектыў і, нібы зорачка на небасхіле, заззяла, засвяцілася яркім агеньчыкам. Маладосць, незвычайны голас, энергетыка — вось яе стрыжань, які дапамагае і іншым адчуваць сябе сапраўднымі артыстамі. Маёй дарагой сястрыцы Зоі Мікалаеўне Ладуцьцы нізкі паклон за яе не толькі маральную падтрымку,  але і за ўсё, што яна робіць на карысць нашага клуба. Гэта і шыкоўна накрытыя сталы, і адпрасаваныя касцюмы, і з густам аздобленае памяшканне, і іншае, іншае, іншае.

Не магу не падзякаваць сваіх любімых дзетак, якія прымалі неспасрэдны ўдзел у сустрэчы гасцей з Францыі. Гэта Саша Карнейчык, Ангеліна Манулік, Юра Філіповіч. Маладзенькія, прыгожыя, яны хоць крыху і хваляваліся, але належна і з гонарам выканалі сваю праграму. Гледзячы на іх, разумею, што калі ёсць такая моладзь, якая шануе і паважае народныя традыцыі, значыць у народа ёсць будучыня. Таксама дзякую народнаму майстру Соф’і Іванаўне Лысай,  якая хоць і не прысутнічала на мерапрыемстве, але перадала свае цудоўныя вышываныя вырабы, якімі мы аздобілі наш клуб. Яшчэ адна падзяка — Зінаідзе Мікалаеўне Бурай, якая , жывучы па-суседству, ніколі не застаецца абыякавай да нашых мерапрыемстваў. Вось і ў гэты раз напякла разнастайных прысмакаў і пачаставала ад душы ўсіх.

…Буслы, якія жывуць ужо шмат гадоў на нашым будынку, збіраюцца адлятаць. Але ж я ўпэўнена, што на будучы год яны абавязкова вернуцца да сваёй дамоўкі. І, назіраючы за імі, веру, што гэтая сімвалічная птушка прынясе на сваіх крылах у нашу вёску яшчэ ні адну радасць. Хай жывуць нашы беларускія буслікі ў мірным і спакойным небе. А хто б да нас ні завітаў — мы разам з птушкамі заўсёды будзем рады сустрэць  гасцей.

 

Ларыса АРЭХАВА,

вёска Іванічы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *