Зняважыў у сацыяльнай сетцы — атрымай штраф

Безопасность

Падчас сакавіцкага пасяджэння камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама гаворка найперш ішла пра змены, якія ўнесены ў Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 мая 2003 года «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх». У прыватнасці — у артыкул 14, дзе адзначаны падставы для прымусовага змяшчэння непаўналетніх у спецыяльныя вучэбна-выхаваўчыя ці лячэбна-выхаваўчыя ўстановы. Думаю, і непаўналетнім, і дарослым Чэрвеньшчыны трэба гэта мець на ўвазе.

Так, рашэнне аб змяшчэнні дзяцей альбо падлеткаў у названыя спецыяльныя  ўстановы можа быць прынята, калі непаўналетні на працягу года тры разы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за: наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў, альбо дробны крадзеж, альбо наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, альбо дробнае хуліганства, альбо распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў ці піва ў грамадскім месцы, альбо з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане ап’янення, а таксама за кіраванне транспартным сродкам у стане ап’янення альбо без права кіравання і пасля правядзення індывідуальна-прафілактычнай работы зноў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

У пералічаных выпадках камісія па справах непаўналетніх прымае рашэнне падрыхтаваць іскавую заяву ў суд. А суд вырашае, накіраваць непаўналетняга ў спецыяльную ўстанову ці не, на які тэрмін.

Гэтыя змены былі агучаны на пасяджэнні камісіі, паколькі разглядаліся паводзіны непаўналетніх, прыцягнутых за распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва ў грамадскім месцы. Яны папярэджаны аб магчымым разглядзе пытання аб накіраванні іх у спецыяльную вучэбна-выхаваўчую ўстанову закрытага тыпу — у выпадку паўторнага парушэння закону.

Непаўналетніх, прыцягнутых да адказнасці за парушэнне антыалкагольнага заканадаўства, на пасяджэнні было сямёра. І толькі адзін з іх атрымаў папярэджанне. На астатніх накладзена спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры ад адной да васьмі базавых велічынь.

Члены камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама разгледзелі пратакол у адносінах да непаўналетняга за зневажанне — наўмыснае прыніжэнне гонару і годнасці, выказанае ў непрыстойнай форме… ў сацыяльнай сетцы «ВКонтакте». І парушальнік, і пацярпелы — жыхары г.Чэрвеня, навучэнцы сярэдне-спецыяльных устаноў, былыя сябры. З дапамогай інтэрнэту адзін дасылаў другому выказванні ў зневажальнай форме. Пацярпелы раздрукаваў перапіску «ВКонтакте» і напісаў заяву ў Чэрвеньскі РАУС. Гэтая раздрукоўка ёсць у матэрыялах справы. Яна сапраўды ўражвае… Быў складзены адміністрацыйны пратакол. Камісія па справах непаўналетніх, разгледзеўшы яго і заслухаўшы парушальніка разам з яго законным прадстаўніком, прыняла рашэнне — накласці спагнанне ў выглядзе штрафу ў памеры 10 базавых велічынь — 1.300.000 рублёў.

Хочацца верыць, што гэтая інфармацыя прымусіць задумацца многіх непаўналетніх, якія спадзяюцца на поўную беспакаранасць у сеціве. Насамрэч, як вы бачыце, гэта не так. Любому дзеянню ў інтэрнэце таксама можа быць дадзена прававая ацэнка.

Дарэчы, гэта ўжо другі такі пратакол за апошнія чатыры месяцы. Першы быў складзены на дзяўчыну, навучэнку сярэдне-спецыяльнай навучальнай установы, якая наўмысна зневажала ў сеціве хлопца з іншага раёна.

Між іншым, максімальныя штрафныя санкцыі па гэтаму артыкулу — 20 базавых велічынь. Варта задумацца, ці каштуе такіх грошай пэўнае спалучэнне літар на клавіятуры, набраных і накіраваных некаму…

Разгледжаны таксама паводзіны аматара язды на аўтамабілі без права кіравання гэтым відам транспартнага сродку. У адносінах да яго ў камісію паступілі чатыры адміністрацыйныя пратаколы аб парушэннях Правілаў дарожнага руху. Першыя тры складзены за кіраванне без вадзіцельскага пасведчання, адсутнасць дакументаў на машыну і страхавога пасведчання. А чацвёрты — пазней, у іншы дзень, калі вадзіцель стаў пешаходам, але знаходзіўся на праезнай частцы без флікера ў цёмны час сутак. Ён павінен заплаціць штраф у памеры 10 базавых велічынь.

Яшчэ адно нестандартнае адміністрацыйнае парушэнне здзейсніла непаўналетняя, якая знаходзілася на лячэнні ў Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы. Яна ў 24.00… курыла ў палаце! Таму знайшліся сведкі — дзяўчаты, якія таксама праходзілі лячэнне. Была заява ад медработнікаў. У адносінах да непаўналетняй складзены адміністрацыйны пратакол за курэнне ў неўстаноўленым месцы. Паколькі парушальніца — вучаніца школы, сваіх даходаў не мае, замест штрафу яна атрымала папярэджанне. Таксама папярэджаны і яе законны прадстаўнік — тата, які прысутнічаў на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх. Акрамя гэтага, дзяўчына ўзята на ўлік як у навучальнай установе, так і ў інспекцыі па справах непаўналетніх Чэрвеньскага РАУС, дзе з ёй будзе весціся неабходная прафілактычная работа.

За нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы непаўналетні атрымаў штраф у памеры 2 базавых велічынь — 260 тысяч рублёў. Бацькі, якія неналежным чынам арганізавалі суправаджэнне сваіх дзяцей у начны час — з 22.00 да 6.00, атрымалі папярэджанні.

Камісія прыняла рашэнне аб вяртанні дзіцяці біялагічнай маці — пасля забрання яго з сям’і па Дэкрэту Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №18 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях». З самага пачатку жанчына імкнулася ліквідаваць прычыны, якія прывялі да такой сітуацыі. Яна прайшла лячэнне ад алкагольнай залежнасці, працаўладкавалася. І па месцы пражывання, і па месцы працы на працягу апошніх пяці месяцаў характарызавалася станоўча. Часта наведвала дзіця ў прытулку. Таму было прынята такое рашэнне. Спадзяёмся, што больш праблем у гэтай сям’і не ўзнікне. Тры сям’і (чатыры дарослыя), у якіх дзеці знаходзяцца на дзяржзабеспячэнні, засталіся на кантролі. Вырашана працягнуць з імі работу, бо не ўсе прыкметы нядобранадзейнасці ліквідаваны. Яшчэ тры сям’і ўзятыя на ўлік, бо па месцы жыхарства дарослыя скандалілі ў стане алкагольнага ап’янення ў прысутнасці сваіх непаўналетніх дзяцей.

Разгледжаны прамежкавыя вынікі правядзення акцыі «Шчаслівае дзяцінства», якая доўжыцца з 10 сакавіка да 10 красавіка. На момант правядзення пасяджэння камісіі была абследавана 21 сям’я. Пытанні па неналежнаму выкананню бацькоўскіх абавязкаў з’явіліся да дарослых з дзвюх сем’яў. Ім дадзены тыдзень для выпраўлення становішча. Калі гэта не адбудзецца, дзеці будуць прызнаныя маючымі патрэбу ў дзяржаўным забеспячэнні.

Наталля СЦЯЖКО,

намеснік старшыні камісіі па справах

непаўналетніх

райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *