Новы пуць

Общество

(Працяг)

БАБУЛЯ НАДЗЕЯ

Першая жылая хата ў другой частцы Новага Пуці прыцягвае ўвагу незвычайным аздабленнем — кругам з чырвонай зоркай, як знакам воінскага гонару. А побач з ім вісіць падкова. Некалькі нацягнутых вяровак у двары шчыльна завешаны памытай бялізнай, сярод якой — прыгожыя вышыванкі.

Самае адметнае ў хаце, акрамя, зразумела, яе гаспадыні, — чорна-белыя фотаздымкі-партрэты продкаў, каляровы маляваны — унучкі і цікавыя карціны якіхсьці ўсходніх матываў. І ў гэтай хаце, як цяпер можна часта назіраць у вёсцы, старажытнае паядналася з сучасным…

— Тут нарадзілася, тут і памру, — так адказвае яе гаспадыня, Надзея Сцяпанаўна Канарская, на пытанне, ці мясцовая яна.

Указвае і арыенцір, дзе колісь стаяла бацькоўская хата, — «вунь, дзе бяроза вялікая…» Зрэшты, высозных дрэваў у Новым Пуці стае ў абедзвюх яго частках.

— А дзе вы вучыліся і колькі класаў заканчвалі?

— Тры класы ўсяго! Вунь, за Рэпішчам, на горачцы наша школа стаяла. Там і ўрач была, пакойчык невялікі мела, як ФАП ці што… А ў другой палове хаты жыла мая цётка Прасіння з дзядзькам Войценкам. Дык нам добра было: пабяжым да цёткі, паабедаем…

— А колькі ў вашай сям’і было дзяцей?

— Шэсць дзевак. Праўда, яшчэ тры хлопчыкі нараджаліся, ды памерлі.

— А як ваша дзявочае прозвішча?

— Шылко. Тут многія прозвішчы — полацкія. Яны ж на Саламянцы аснаўляліся — і тут, у Новым Пуці.

— А ці расказвалі бацькі, чаму сюды перасяліліся?

— Казалі, што там зямлі не было. Азёры, лясы, балоты…

— А іх бацькі адкуль?

— З Полацка. Яны дарослыя ўжо былі, а іх бацькі — старыя. Я памятаю, як бацькаў бацька памёр. Пахавалі яго на могілках у раваніцкім Хутары. А пасля і знайсці не маглі. Быў арыенцір па дрэвах. Памятаем, што ля сцежкі хавалі… Яшчэ мой бацька быў жывы, як мы спрабавалі адшукаць пахаванне. Ды так і не знайшлі. Бацька бацькаў зваўся дзед Нікан. А мамін бацька — дзед Юстын. Ён жыў на Саламянцы. Гэта я добра памятаю.

— А бацькі вашы як зваліся?

— Тата — Сцяпан Мікалаевіч Шылко. Ён тут усё жыццё хлеб пёк. У нас пякарня стаяла — там, дзе Рэня цяпер… А мама — Анастасія Усцінаўна Кастаненка.

— Надзея Сцяпанаўна, а там, на Полаччыне, у вас родзічаў не засталося?

— Заставалася многа, але пераехалі ў Мінск. Тут сястра, брацельнік… Ну, а я ўжо засталася тутака… Замуж выйшла. І мы спачатку там, далей жылі, — на пасёлку Зара…

— Чырвоная Зара?!

— Ага. Толькі там людзей мала было — хатаў 8 ці 10 стаяла. А тады… На гэтай сядзібе Васька Грышкаў жыў адразу. Жонка яго памерла, а ён разбурыў хату, прадаў некаму. А мы ўжо сюды перасяліліся…

— Дык а хата гэтая — з якога часу?!

— Не памятаю. Мы яе адтуль перавезлі. Гэта ягоны бацька даў такую невялічкую хатку. Тады ўжо яе пашырылі. А пасля муж захварэў, памёр, а я адна засталася. Дзеці ў Мінск паехалі.

— А дзяцей у вас колькі?

— Чатыры дзеўкі. Адна — у Дамавіцку, другая — у Барсуках, а дзве — у Мінску.

— А ўнукаў?

— Зараз вам скажу…. У той, што ў Дамавіцку, — адна Настачка. У той, што ў Барсуках, — двое, хлопчык і дзяўчынка, вялікія ўжо. У Люды з Мінска нядаўна мужык памёр, тры дзеўкі засталося. І ў Марусі з Мінска — дзве дзяўчынкі. Восем усіх…

— Прыязджаюць?

— На выхадныя — так.

— Надзея Сцяпанаўна, а гэта вы самі столькі бялізны намылі, што на двары сушыцца?!

— Ды не, дачка ўчора была з унучкай. Дачка — самая старэйшая, на пенсіі ўжо. Купілі аўто, унучка за рулём. Дык пральную машыну дасталі… «Мамка, ты толькі сама нічога не рабі…» Ды я ўжо і не магу.

— А кім вы рабілі?

— Рабочай у саўгасе.

— Гаспадарку трымалі?

— Так. Карову, свіней, гусей, індыкоў, качак — усё на свеце! Дзяцей колісь у нас было — цэлы пасёлак! Весела… А цяпер нас тут — тры бабкі. А так — дачнікі ўсе. І то цэлую зіму няма іх…

— А чым вы вечарамі займаецеся?

— Тэлевізар гляджу. Нікуды далёка не хаджу, мае ножачкі баляць. Во па мужу помнік ужо новы паставілі, а я і схадзіць не магу. Раз дзеці былі, мяне завезлі. Але дождж дужа вялікі ішоў, дык я і не бачыла добра…  Цяпер чакаю, калі яшчэ звозяць…

— Надзея Сцяпанаўна, а вы — веруючы чалавек?

— Ну як вам сказаць… Маліцца каб добра — дык не ўмею…

— А вас хрысцілі?

— А як жа! Дзядзька Мікіта быў хросным, а цётка Адарка, браціха мамкіна, — хросная. Усё было… А во бачыце, дрэвы якія вялікія?! Гэта мой гаспадар яшчэ садзіў. Калі мы сюды перасяліліся, дык усіх прымушалі садзіць ліпы. А нашто?  Сад вялікі каля хаты… Яшчэ да нас быў. Мы толькі дзве яблынькі пасадзілі.

— А агарод зараз ці садзіце?

— Саджу. Дзеці дапамагаюць. Ды я і сама памаленьку. Пайду, цэлы дзень калупаюся. Услончык маленькі вазьму. Параблю трошкі — пасяджу…

 

А ў працы, як вядома, і час хутчэй бяжыць. У чарговы раз захапляюся даўнейшай вясковай загартоўкай. Ужо больш за 80 гадоў мае Надзея Сцяпанаўна Канарская, а ўсё туды ж — у агарод…

(Працяг будзе)

 

Святлана АДАМОВІЧ   (тэкст і фота)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *