ТУТ МІНУЛАЕ З СЁННЯШНЯЙ ЯВАЙ ЯДНАЕЦЦА

Общество

Аб тым, як раней жылося ў Іванічах, пра тагачасны побыт дзядоў і бацькоў даюць уяўленне звыш 140 непаўторных рэчаў, якія прадстаўлены ў этнаграфічнай зале сельскага Дома фальклору. Здаецца, тут прытулілася сама гісторыя і самым цесным чынам яднаецца з сённяшнім днём, перакідваючы нябачны масток у заўтрашні. Многія рэчы сталі ўжо рэліквіяй, выклікаюць у наведвальнікаў шчырую цікавасць і сапраўднае захапленне, сцвярджаючы тым самым талент і здольнасць іх  майстроў.

Здавён хапала ў Аточнай Слабадзе, Іванічах, навакольных вёсках здатных ткачоў, бондараў, краўцоў, жанчын, якія  прыгожа вышывалі і вязалі.  Іх вырабы мелі пераважна побытавае значэнне. Але кожны майстар лічыў за прафесійны гонар зрабіць такія кросны,  дзежачку, бойку, выткаць посцілку, коўдру, рушнік, ходнік, сурвэту, пашыць апранаху, каб людзі захапляліся, ацэньваючы работу.

Створаная з даўнейшых рэчаў і сённяшніх, зробленых таленавітымі рукамі мясцовых майстрых, этнаграфічная зала, як і фальклорны калектыў “Вечарына”, — таксама плён працы Аляксандры Венедзіктаўны Гаўрыльчык. Гэта яе сведчанне шчырай павагі да сваіх землякоў, адданай любві да роднай зямлі, жаданне абудзіць такія ж пачуцці ў нашчадкаў.

Дзякуючы Аляксандры Венедзіктаўне — уся гэтая прыгажосць, — зазначае дырэктар Іваніцкага сельскага Дома фальклору Ларыса Мікалаеўна Арэхава. — Яна сабрала гэтыя рэчы.

У кожнай з іх сваё жыццё, свая гісторыя. Не аднаго дня і года клопат Аляксандры Венедзіктаўны бачны сёння ў аформленай пад мінуўшчыну этнаграфічнай зале. На ганаровым месцы ў яе інтэр’еры — кросны. Выпрасіла іх Гаўрыльчык у Любові Сідараўны Сцяжко з Аточнай Слабады. А змайстраваў гэтую вельмі патрэбную па тым часе рэч яе муж Пятрок — родны дзядзька Аляксандры Венедзіктаўны. Ён шмат каго адарыў кроснамі. Яны стаялі амаль у кожнай хаце.

Раней жа ўсё тканае было, — кажа Аляксандра Венедзіктаўна, — убранне, пакрывалы, коўдры, посцілкі…

З маленства памятаецца ёй, як пад матчынымі рукамі “спявалі” кросны сваю дзіўную песню, як маланкай гойсаў па іх чаўнок, як прызвычайваліся дзеці да гэтага старажытнага рамяства. З якім зачараваннем глядзелі яны на першую сатканую самімі рэч!

Пра другога дзядзьку — Кастуся Сцяжко — нагадвае змайстраваная ім адмысловая дзежачка.

Нельга не заслухацца расповедам Аляксандры Венедзіктаўны пра яе  запамінальныя вандроўкі па вясковых хатах у пошуках даўнейшых рэчаў і прыладаў працы:

“Штосьці ў адных выпрашу, штокольвечы — у другіх, з кімсьці дамоўлюся. Зайшла аднойчы да Марыі Мікалаеўны Ладуцька, а ў яе гуляе суседка Марыя Уладзіміраўна Толсцік, што праз дарогу. Кажу: “Вось люльку нідзе не знайду”. А яна ўсміхаецца, ды гаворыць: “Шура, у мяне на гарышчы ляжыць. Пайшлі, аддам…” Гэтай рэчы ўжо больш за 60 гадоў. У ёй гаспадыня дзяцей і ўнукаў пагадавала. А калыску драўляную — у Ніны Нікіцічны Слабодчыкавай прыдбала. Яна хацела пафарбаваць, каб лепей глядзелася, але я гавару: не варта. Важна, якой гэтая рэч захавалася. Два рушнікі аддала Маруся Прышывалка. Адзін з іх ажно з 1905 года захаваўся. Ёсць і прыгожы рушнік Таццяны Сцяпанаўны Максіменкі.

Маленькі куфэрчык застаўся ад маёй прабабулі. На ім пазначана, што зроблены ў 1726 годзе. Быў ён у дзядзькі Петрыка, у яго я ўзяла. А пра вялікі кованы куфар мой сын Саша дазнаўся і разам з сябрамі на кані прывёз у клуб. Доўга не магла знайсці церніцу, якой раней жанчыны лён церлі. Амаль што ўсё сяло абпытала, а яна, лічы, побач была — у суседкі Аляксандры Піліпаўны Мельнік. Як толькі падзялілася з ёй гэтым сваім клопатам, яна кажа: “У мяне ёсць, ідзі  забірай”.

Аб тым, у каго можна ўзяць драўляны грэбень для часання льну, падказала Ганна Колас. Гаспадар хацеў з яго цвікі падаставаць. Слухай, кажу, я табе кілаграм цвікоў куплю, а ты ў клуб аддай гэтую рэч. Праўда, аддаў…

За жорнамі доўга давялося пахадзіць, пакуль угаварыла гаспадароў. Так вось і вопратку дабывала, ткацкія вырабы, вышыванні, вязаныя рэчы.

Убранне жаночае Зінаіда Мікалаеўна Прымака з Аточнай Слабады дала. І вышытую мужчынскую кашулю 1890 года. Ткала калісьці гэтую рэч Хонская, затым яна дасталася яе ўнучцы — Зінаідзе Прымака. Спадніцу саматканую з воўны — Соф’я Якаўлеўна Верына падаравала.

Рэдкая рэч, якая дасталася ад нашых продкаў, — наметнік. Гэта вышыты галаўны ўбор. Яго завязвалі маладой напрыканцы вяселля, зняўшы вянок”…

 

Аляксандра Гаўрыльчык

Выклікаюць цікавасць у этнаграфічнай зале і іншыя рэчы, вытканыя матулямі і бабулямі вяскоўцаў старэйшага ўзросту, якія яны захоўвалі ў сваіх куфрах, шафах, каморках і на гарышчы.

Добра валодае спрадвечнымі навыкамі рамяства і сама Аляксандра Венедзіктаўна. Яна ўмее ткаць, вязаць, вышываць. Гэтае сваё майстэрства перадае іншым у гуртку “Чароўная нітачка”.

Калі сэрца да нейкай справы ляжыць, дык чалавек увесь ёй аддаецца. Менавіта такая  і Аляксандра Венедзіктаўна Гаўрыльчык у сваіх памкненнях пастаянна ўзвышаць ролю Іваніцкага асяродка культуры. Сёлета 28 чэрвеня споўнілася 40 гадоў яе руплівай працы загадчыкам клуба, а пасля — дырэктарам Дома фальклору.

Год таму змяніла яе Ларыса Мікалаеўна Арэхава, чые цудоўныя вышываныя рэчы таксама прадстаўлены ў этнаграфічнай зале. З асаблівай асалодай распавядае яна, як уражваюць наведвальнікаў экспанаты. Бываюць тут людзі розныя: дзеці і моладзь, асобы сярэдняга ўзросту і пенсіянеры, удзельнікі раённых мерапрыемстваў, мясцовыя дачнікі, прыехаўшыя адпачываць у Чырвоны Бераг мінчане і нават французы, жыхары Аўстраліі. Ім цікава пабачыць і пачуць, што ўяўляюць сабой гэтыя рэчы. Асабліва падабаецца, калі Аляксандра Венедзіктаўна садзіцца за кросны, пачынае ткаць і расказваць, якое значэнне мелі ў продкаў лён, воўна і вырабы з іх.

Удзячная за ўсё, што з маладых гадоў мела ў стасунках з Аляксандрай Венедзіктаўнай, за яе адданую, адзначаную раней шматлікімі Граматамі, Дыпломамі  і Падзякамі працу, Ларыса Мікалаеўна напрыканцы ўсё ж усхвалявана крыўдуе на раённых начальнікаў ад культуры. Па яе словах, нягледзячы на дзве нядаўнія адметныя даты ў жыцці Гаўрыльчык, на ўрачыстым сходзе з нагоды прафесійнага свята яе абмінулі увагай.

То можа яшчэ ёсць магчымасць аддаць гэтаму няўрымсліваму энтузіясту адраджэння і захавання спадчыны даніну павагі?

 

Аляксандр БУШЭНКА.

Фота Эмы МІКУЛЬСКАЙ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *