З НАТАЛЬЕЎСКІХ ПАЛЕТКАЎ — ВЫТВОРЦАМ І СПАЖЫЎЦАМ

Аграрный сектор

Эксперыментальная база «Натальеўск» здавён славіцца сваёй бульбай. На сёння гэта —  валаўтваральнае і насенняводчае сельгаспрадпрыемства па яе вытворчасці ў вобласці.

— Нават у самыя эканамічна складаныя гады менш за 150 гектараў бульбы мы не садзілі, —  зазначае дырэктар гаспадаркі Алена Махнач. — Сёлета яна займала 230 гектараў. Каб дасканала выканаць усе тэхналагічныя патрабаванні да вытворчасці, спатрэбілася шмат фізічных і матэрыяльных выдаткаў. Затое колькасць і якасць бульбы радуе. Убраўшы 82 працэнты палеткаў, накапалі 4009 тон клубняў. У сярэднім з гектара збіраем па 212 цэнтнераў. Найбольш ураджайныя гатункі — «Брыз», «Скарб», «Атлант». Неблагія вынікі паказваюць «Янка», «Рагнеда», «Лілея», » Дэльфін». Тысячу тон насенных клубняў пакінем сабе, яшчэ столькі ж прапануем для набыцця гаспадаркам Міншчыны…

Убіраць бульбу ў эксперыментальнай базе «Натальеўск» пачалі яшчэ напрыканцы ліпеня. Рэалізоўвалі яе праз магазіны. Яшчэ адзін трывалы рынак збыту займелі, выйграўшы тэндэры на дзяржаўныя пастаўкі бульбы ў вайсковыя часці (ранняй і для закладкі на асенне-зімовы перыяд). У якасці шэфскай дапамогі гаспадарка традыцыйна забяспечвае клубнямі школы і дзіцячыя садкі райцэнтра. Таксама натальеўская бульба карыстаецца добрым попытам на рынку ў Чэрвені.

У адпаведнасці з праграмай развіцця бульбаводства, летась у эксперыментальнай базе «Натальеўск» , узяўшы 17,5 мільярда рублёў крэдыту ў банку «Развіццё» пачалі будаваць сучаснае бульбасховішча на 4 тысячы тон. Гэтымі днямі новабудоўлю ўжо абжываюць, запаўняючы засекі бульбай новага ўраджаю.

Падвозячы-адвозячы кантэйнеры, тут увішна сноўдаюць аўтакары. А жанчыны-рабочыя, схіліўшыся над канвеерам сарціравальнага агрэгата, пільна сочаць, каб на захоўванне і продаж траплялі толькі якасныя клубні.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *