ЗБОЖЖА «АГРАБУДА»

Аграрный сектор

СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» сёння ўваходзіць у пяцёрку лепшых гаспадарак раёна па ўраджайнасці зерневых культур.

Але гэта не дужа радуе тутэйшых хлебаробаў: летась колас быў нашмат больш умалотным. Галоўная прычына — агульнавядомая: дрэнная перазімоўка азімых зерневых культур з-за неспрыяльных умоў надвор’я.

— Зараз у сярэднім з гектара намалочваем па 32,4 цэнтнера збожжа, — распавядае галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік. — Не было б і гэтага, калі б своечасова не перасеялі яравымі амаль палову азімых. А так ёсць надзея мець сёлета каля 6 тысяч тон зерня.

Каб максімальна захаваць вырашчанае, у СВФ «Аграбуд» найперш убіраюць тыя палеткі, якія можа закрануць палегліца, пераважна — ячмень. «Тут, калі прамарудзіш, можна страціць палову ўраджайнасці, а то і больш», — кажа Леанард Мельнік.

… Спорыцца праца на хлебнай ніве гаспадаркі. Арыенцір для іншых задаюць на жніве вядомыя на Чэрвеньшчыне камбайнеры.

Па намалоту збожжа наперадзе неаднаразовы пераможца раённага спаборніцтва на ўборцы зерневых Андрэй Пятруша. Сёлета ў яго — новы памочнік — грабёнскі школьнік-адзінаццацікласнік Аляксандр Бандаровіч. Увішным напарнікам Андрэй задаволены. І ўпэўнены, што налета ён сам зможа кіраваць камбайнам.

Зусім не нашмат адстае ад лідара мінулагодні пераможца раённага маладзёжнага спаборніцтва на жніве камбайнер Сяргей Ларыёнаў, у якога памочнікам Валерый Бародзіч. Больш за ўсіх у гаспадарцы перавёз збожжа ад камбайнаў вадзіцель Дзмітрый Радчанка.

 

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

На здымках: Андрэй Пятруша і Аляксандр Бандаровіч

Сяргей Ларыёнаў

Дзмітрый Радчанка

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *