Удзельнікі нашага конкурсу Марыя Уладзіміраўна Канапацкая са Смілавічаў

Общество

Гэтая абаяльная жанчына з цікаўнымі іскрынкамі ў вачах мае літаратурныя здольнасці.  Але карыстаецца імі занадта сціпла — калі чулую душу напаўняюць думкі так, што не пісаць немагчыма,  альбо па просьбе сваякоў, сяброў… Яна валодае і яшчэ адным не менш каштоўным дарам — тонкім гумарам, уменнем прыкмячаць наўкола ўсё адметнае, характэрнае. Таму і паэтычныя радкі — подпісы пад жартоўныя фотаздымкі — атрымліваюцца ў Марыі Уладзіміраўны  па-жыццёваму мудрымі, вясёлымі, дасціпнымі.

— Напэўна ў маму ўдалася, — распавядае яна падчас сустрэчы. — Хоць і нялёгкае жыццё ў матулі было, а любіла жартаваць. 94 гады пражыла… І старэйшая дачка  Наталля ў мяне такая ж — з гумарам. На кожны выпадак жыцця ў яе знаходзіцца вясёлая прымаўка, цытата, анекдот…

Марыя Уладзіміраўна родам з Клеччыны, з вёскі пад цікавай назвай — Лукаўцы. Неаднойчы задумвалася, чаму так называецца паселішча і не знаходзіла адказу: няма там лукавых жыхароў і колькі памятае сябе — не было. Сама, як толькі скончыла школу, пакінула  сваю маленькую радзіму, каб вучыцца далей, пракласці  ўласную адметную ў жыцці сцяжынку. І ўсё ў яе атрымалася. Набыла спецыяльнасць агранома, выйшла замуж, нарадзіла дзвюх дачушак. Да выхаду на заслужаны адпачынак працавала ў Смілавіцкім завочным тэхнікуме. Як з’явілася шмат вольнага часу, захапілася чытаннем беларускай літаратуры. Асабліва ўскалыхнулі душу класікі. Цікавіцца і перыядычнымі выданнямі.  Выпісвае і чытае “раёнку”.

— Добрая у вас рубрыка “Што б гэта значыла?”.  Пачытала, як пішуць у ёй іншыя, і сама паспрабавала. Калі спадабаецца  конкурсны здымак, словы самі бягуць, — усміхаецца Марыя Уладзіміраўна. — Бывае, што і ўнукі дапамагаюць рыфму падабраць ці нейкую думку падкінуць. Творчасць разам нават лепей удаецца. Унукі жартуюць з мяне, кажуць: ты, бабуля, бы гумарны Галусцян з тэлебачання… Першы свой твор я напісала яшчэ ў школе — смешны шарж на аднакласніка. А па-беларуску атрымлівацца пачало гадоў 15 таму, калі трэба было напісаць прысвячэнне выпускніцы другой школы. Дзяўчына любіла беларускую мову — вось таму трэба было і сказаць па-беларуску. Ёсць у ім такія радкі:

Дзяўчынка з Палесся —

красы Беларусі,

Дзе кружыць над поплавам

з клёкатам бусел,

Дзе раніцай птушак

звіняць галасы.

З маленства пазнала

красу роднай мовы

І ў шчасці жыццёвы

свой шлях пачала…

Яе бацька, тады  дырэктар школы, ажно праслязіўся як пачуў верш. З таго часу і з’яўляецца ў мяне натхненне пісаць на роднай мове. А дзяўчына, здаецца, стала журналісткай.

Як чулая, добрая матуля, бабуля, цешча, Марыя Уладзіміраўна з замілаваннем расказвае пра сваіх дочак, ўнукаў, зяцёў, з задавальненнем паказвае альбом са шматлікімі фатаграфіямі. Сапраўды, маладыя жанчыны — вельмі прыгожыя, а па расповядах іх матулі — яшчэ і разумніцы. Унукі — Ваня (14 гадоў) і Даніла (7 гадоў) — па сціпласці пайшлі ў бабулю. Зараз якраз тут, у Смілавічах. Добрыя, удзячныя словы знаходзяцца і пра зяцёў — клапатлівыя, адказныя…

Марыя Уладзіміраўна — натура рамантычная, а яе муж  — па-гаспадарску дзелавы і не надта ўсхваляе літаратурнае захапленне жонкі. Больш цэніць яе ўменне ўтрымліваць прысядзібны агарод у парадку, вырошчваць на ім багаты ўраджай садавіны, гародніны ды рыхтаваць з іх прысмакі. Зямля і сапраўды пад прафесійным прыглядам агранома добра родзіць,  найболей падабаецца Марыі Уладзіміраўне вырошчваць зеляніну.

Наша сустрэча магла б доўжыцца бясконца, бо гаспадыня адкрытая да людзей, гаваркая, шчырасцю прыцягвае  да сябе. І тэмы для размовы знаходзяцца хутка, лёгка.  Марыя Уладзіміраўна паказала некалькі ўласных вершаў, якія падаліся мне цікавымі, і дазволіла надрукаваць. А таксама паабяцала падрыхтаваць для “Раённага весніка” іншую сваю творчасць — не толькі паэтычную, але і ў прозе. Так што нашы стасункі прадоўжацца і, хочацца спадзявацца, будуць плённымі, парадуюць вас, шаноўныя чытачы. А сёння — толькі часцінка з тых душэўных пачуццяў, якія выліліся калісьці ў Марыі Уладзіміраўны ў паэтычныя радкі. Найперш — пра суседзяў, якіх Канапацкія паважаюць і пра якіх шмат добрага распавядаюць.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 

ОДА СУСЕДЗЯМ

Мо дні са два сусед

стараўся,

Ля плоту нешта

калупаўся.

Усё  капаў і майстраваў —

Вяндлярню спрытна

будаваў.

І вось яна ўжо гатова:

Пабудавана адмыслова.

Ды ядлаўцу тут не хапае,

Але яго прывезла Рая.

“Ну вось і ўсё, —

яна сказала.

— Вывешвай заўтра мяса, сала,

Каўбасы з кубла даставай

І ранкам вэндзіць пачынай.

Бо часу ўжо не так багата —

Праз пару дзён наступіць свята,

А што за свята

без вяндліны, —

Як той грузін

без мандарынаў”.

І ўжо назаўтра вечарком

Прыемна цягне

к нам дымком…

Далей пісаць я ўжо

не стану,

Каб абышлося

без падману.

Бо тэхналогіі не знаю, —

Яшчэ чаго навыдумляю.

Але хачу я тут прызнацца:

На Гену трэба

ўсім раўняцца!

Рая таксама

прыклад нам —

Хвала такім гаспадарам!

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *