Сон в руку…

Общество

(Было тое напрыканцы існавання СССР)

Чарговы адпачынак падаспеў пад самы Вялікдзень.  Вырашыў правесці святы з сям’ёй на радзіме. На новай машыне праехаліся з форсам па вялікай маёй вёсцы, наведалі сваякоў, сяброў. Настрой быў цудны.

Жонка кажа за сталом:

— Дзіўляюся! Спаць немагчыма. Усю ноч размаўляеш і смяешся.

— Бабу Верку сніў.

— К чаму б гэта? Наведалі яе магілу першай. Каб не зрабілася штосьці…

Дзве ночы запар снілася бацькава маці. Твар забыўся, хоць і памірала на маіх вачах. Цяжкай была яе смерць. Ад спужання я пэўны час заікаўся. У снобачаннях апынаўся на хутары. З ёй збівалі грушы з самай вершаліны дрэва. Моцна смяяліся, калі “мазалі” — кій пралятаў міма і далёка.

На трэці дзень Вялікадня, з самага ранку, наведаўся былы школьны сябра Адам.

— Бачу, ты гойсаеш на машыне. Гарэлкі не п’еш ці па-начальніцку не баішся ездзіць “пад мухай”?

— Не, не п’ю. Неяк не выпадае, ды і не цягне. Так, вечарынаю, кілішак з роднымі падымаю. У чым справа?

— Можа маю дачушку завязеш сёння ў райцэнтр да аўтобуса на Мінск? Я б напакаваў торбы мясам, салам.

— Чаму ж не падкінуць. Змагу.

Машына новая, ляціць сама. Дарога роўная, як падлога. Няма сустрэчнага транспарту. Хочацца яшчэ і яшчэ прыбавіць газку.

На аўтастанцыі прыпыніўся непадалёку ад гурта вясёлай моладзі. Выйшаў з машыны. І тут убачыў чалавека ў чорным адзенні вельмі ж незвычайнага выгляду: блішчасты голы чэрап, празмерна вялікія доўгія і шырокія вушы, вочы — шчылінкі. Твар яго рабілі страшэнным два вялікія жоўтыя зубы ў вуглах рота. Адной рукой ён трымаўся за плот, а другою падпіраў свой бок. Няспынна цмыгаў вакол сябе. Сапраўдны дзікун. Хлопцы кпілі з яго. Раптоўна ў маіх вачах штосьці бліснула, як маланка, затым пацямнела. Цела агарнуў жар. Убачыў сябе з бабуляй у жнівеньскі дзень на хутары. Чакаем дзеда. Ён абяцаў прывезці цукерак. Нечакана шалёна забрахаў сабака. Пачуўся стрэл і ён завыў. Яшчэ адзін стрэл. Бабуля спалохана выглянула ў вакно.

— Бандыты, унучак, якіх учора шукалі энкэвэдысты. Хуценька лезь у падпечак, дзе зімою трымаем курэй. Ціхенька-ціхенька сядзі. Штоб не адбылося — маўчы, не плач, не крычы, кусай руку. Калі ж, што кепскае са мною здарыцца — вылазь у дзірку, праз якую іх выпускалі вясною ў агарод. І бяжы ў вёску да сваякоў — першыя дзве хаты.   Толькі маўчы ў падпечку, хутчэй, саколік. Са схованкі чую: з грукатам, лаянкай у хату ўвайшлі людзі.

— Карга старая! Дзе энкэвэдысты?

— Паночкі! Па іх патрабаванню дзед павёз у сельсавет.

— Давай золата, калі хочаш жыць!

— Паночкі! Няма, жывем толькі з працы. Далібог!

Дрыжанне прайшло, крыху супакоіўся і выглянуў. Чужакі ў хаце ўсё пераварочвалі, тапталі нагамі. Хтосьці сказаў:

— Знайшлі добрае сала, свежы хлеб і старыя кажухі.

— Сала, хлеб, забірайце!

Ля стала стаяў чалавек:астрыжаны, вушы, як у каня, за ніжнюю губу выходзілі два вялікія жоўтыя зубы. Адною рукою ён апіраўся аб стол, другую трымаў на баку. Пляваўся няспынна. Злосна прамовіў:

— Як няма, сука старая? Ляснік хваліўся, што дзед за стрыжнёвы лес даплаціў чырвонай капейкай.

— Блазніць ён, паночкі. Вымагаў, але нічога не атрымаў. Богам клянуся, няма.

— Гэта ты блазніш. Хлопцы агрэйце яе добра прыкладамі, каб захаркала крывёю!

Бабулю пачалі біць. Яна ўпала на падлогу і я ўбачыў акрываўленую галаву. Прахрыпела:

— Злітуйцеся! Няма … ма…ма. У нейкі момант вушасты чалавек адарваўся ад стала і пачаў біць яе нагамі.

Я кусаў руку, каб не закрычаць Ён прапанаваў:

— Спаліць усё!

Хтосьці запярэчыў:

— Старога злавіць патрэбна. На папялішчы нічога не знойдзем. Пайшлі!

Некалькі хвілін пасядзеў яшчэ ў схованцы, затым папоўз да бабулі. Кроў булькала з яе рота. Мелася штосьці сказаць: «Па…па…па…» Схапіў падушку з падлогі і падклаў пад галаву. Спытаў:

— «Бегчы?» Яна квола кранула рукою.

Праз падпечак вылез на агарод і пашыбаваў у сяло. Слёзы засцілалі вочы — не надта бачыў сцежку. Збіваў аб карэнні да крыві пальцы на нагах, ды боль не адчуваўся. У першай жа хаце, ікаючы ад плачу, расказаў пра здарэнне. Людзі кінуліся на хутар, але жывою бабулю не засталі…

І вось гэтая сустрэча. Глянуў яшчэ раз на чалавека ля плоту:

Несумненна — гэта быў забойца бабулі, ўжо састарэлы. Надаўшы абыякавасць, запытаў у юнакоў:

— Адкуль узяўся марсіянін? Яны зарагаталі. Гумар спадабаўся.

— Гэта — Пацук з нашай вёскі. Сваяк прывёз яго да аўтобуса, а ён спазняецца. Заплюе ўсю плошчу. На нашу заўвагу не павёў і вухам сваім конскім.

— З якой вы кажаце вёскі?

— Заастраўляны.

Сэрца маё ёкнула — недалёка ад былога хутара.

— Даражэнькія! Прашу падысці да машыны. Вось вам добрая гарэлка, шкварка і шклянка. Мне ж патрэбна на хвілін колькі адхінуцца Уладкуйце прыгажуню ў мінскі аўтобус. А галоўнае — да майго звароту затрымайце гэтага ікластага цвыгуна, нават калі з’явіцца ваш аўтобус. Завязу дамоў з ветрыкам, на машыне, ды яшчэ і  прастаўлю ў вашай вёсцы. Вельмі мне гэта патрэбна. Прашу вас.

— Зробім, зробім! Не сумнявайцеся. Дзякуем за «Крышталь».

Кінуўся на аўтастанцыю. Тэлефон-аўтамат у чакальнай зале не працаваў. Звярнуўся ў дыспетчарскую. Супрацоўніцы падаў вадзіцельскае і службовае пасведчанні:

— Калі ласка, дапамажыце выклікаць тэрмінова міліцыю.

— Навошта яна вам?

— Я пазнаў забойцу маёй бабулі. Аўтобус яго затрымліваецца, але можа з’явіцца ў любую хвіліну і звяруга знікне.

— Алё, дзяжурны? Дыспетчар аўтастанцыі. У мяне на руках дакументы аднаго грамадзяніна. Не, не п’яны. Просіць вас тэрмінова прыехаць сюды.  Маўляў пазнаў забойцу бабулі. Па яго словах, амаль ці не сорак гадоў таму назад. Выгляд салідны, але хвалюецца. Заявіў, што калі вы не прыедзеце — пачне біць манціроўкай таго злачынца. Не хапала мне яшчэ гвалту. Не аддаваць дакументы? Добра.

Міліцэйскі нарад з’явіўся хутка.

— Гэта вы выклікалі нас?

— Менавіта я.

— А калі вы памыліліся? Амаль сорак гадкоў праляцела, кажаце.

— Не, не — памылкі не будзе.  Калі ж яна высветліцца  —  пры ўсім народзе, на каленях буду прасіць прабачэння. Але цвёрда ўпэўнены — такое не здарыцца.

— Пойдзем да яго. Толькі спакойна, ціха, каб не скалыхнуць людзей.

— Добры дзень! З якой вы вёскі?

— Заастраўляны.

— Вось гэты грамадзянін заявіў нам, што ў вашай асобе апазнаў забойцу яго бабулі. Дзесці сорак гадоў таму адбылося. Паедзем у аддзел для ўдакладнення абставін.

— Нікуды я не паеду. Нікога не забіваў. Як мог  мяне пазнаць — пад стол яшчэ не хадзіў ён сорак гадоў таму.

— Памыляецеся — старэйшы ён, але выглядае добра. Калі пакінем цябе — заб’е. Мы будзем адказныя.

Я пільна назіраў за ім. Ён перастаў плявацца. Вялікімі кроплямі пайшоў па лысіне выпат. Вочы сталі шклянымі, нерухомымі, утаропленымі на мяне. Твар зрабіўся зусім шэрым, як зямля. Змены прыкмеціў міліцэйскі афіцэр. Ён рашуча ўзяў яго пад руку і адарваў ад плоту. Да мяне падышлі хлопцы. Яны чулі размову.

— Выбачайце нас. Мы заплацім за гарэлку. Святая справа ў вас.

— Навошта, сябры! Удзячны вам за дапамогу. Упэўнены — ён забойца.

У аддзеле міліцыі мяне падрабязна  распытвалі пра той жудасны дзень. Забойца сядзеў анямелы. Чым больш прасілі дэталей успомніць — тым мацней ён мяняўся ў твары. Клыкі схаваліся. Вочы закрыліся. Пачалі тэлефанаваць у архіў па колішняму забойству. Ён звярнуў увагу на тэлефонную размову. У нейкі момант Пацук ціха прашмакаў:

— Не забіваў я. Гэта яны прыкладамі…

— Ты, гад, біў нагамі ў галаву!

— Я біў у плечы. Прыкладамі разбілі галаву.

— Вы прызнаецеся, што ў складзе банды знаходзіліся на хутары?

— Прызнаю, прызнаю…

У мяне закружылася галава, страціў прытомнасць. Прыйшоў у сябе на канапе ад паху нашатыру. Жанчына падала гарачую гарбату.

— Выклікалі медыкаў. За вас увесь аддзел непакоіцца.

Пасля агляду доктара, пракурор дапамог мне напісаць адпаведную заяву. Самому вясці машыну забаранілі — далі вадзіцеля. Маё вяртанне дамоў у суправаджэнні міліцыянера спалохала сям’ю:

— Што адбылося?

— Пазнаў забойцу бабкі Веры і заявіў у міліцыю. Выпадкова ўбачыў яго на аўтастанцыі. Перахваляўся…

Зноў прыснілася бабуля: яна пяшчотна гладзіла шурпатымі далонямі шчокі, галаву і гаварыла:

— Паспі, паспі, любы ўнучак. Сон твой буду ахоўваць сама.

Праз  нейкі час кранула за твар:

— Пайду, дзіцятка. Вяртацца мне пара ўжо. Усім раскажу, які ты ў нас малайчына.

— Я цябе завязу.

— Не, не трэба, я сама. Спі, саколік, дзякую, дзякую. Усім раскажу.

Больш яна ў маіх снах не з’яўлялася, але вобраз яе трымаецца ў памяці.

Іван  Ярашэвіч

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *