Поўняцца рады піянераў

Общество

«Юныя арляняты» — пад такой назвай прайшоў у Хутарскай школе ранішнік, прысвечаны Дню юнага героя-антыфашыста і прыёму ў піянеры вучняў чацвёртага класа.

У актавай зале сабраліся піянеры школы, каб ушанаваць памяць аб сваіх равесніках героях-антыфашыстах. Ім, юным арлянятам усіх краін, якія загінулі ў барацьбе з ворагам, вучні выказалі шчырыя словы пашаны.

Вядучыя чыталі запісы з дзённіка Тані Савічавай, якія яна вяла ў блакадным Ленінградзе, успомнілі трагічныя эпізоды ваенных гадоў. Расказалі таксама аб гераічных подзвігах юных патрыётаў. Назвалі імёны піянераў Герояў Савецкага Саюза. Затым прысутныя ўшанавалі памяць юных герояў-антыфашыстаў хвілінай маўчання.

Пасля гэтага пачалася другая ўрачыстая частка ранішніка. Група юных піянераў з папяровымі галубкамі ў руках выканалі песню «Хай заўжды будзе сонца!». Затым на сцэну запрасілі сем чацвёртакласнікаў, якія пажадалі ўступіць у рады дзіцячай піянерскай арганізацыі (БРПА).

…Адкрываецца ўрачыстая лінейка пад гукі піянерскіх горнаў. Уносіцца сцяг піянерскай дружыны, гучыць  Гімн Рэспублікі Беларусь. Наступае адказны момант. Чацвёртакласнікі даюць урачыстае абяцанне: любіць сваю Радзіму, быць добрымі і чэснымі…

Права завязаць новым піянерам чырвона-зялёныя гальштукі прадаставілі ветэранам працы, бацькам. Выступіла былая піянерважатая школы, ветэран педагагічнай працы В.Ф.Белязяк. Яна дала наказ юным грамадзянам, пажадала поспеху ў Краіне Піянерыі. Затым выступалі вучні 4 класа. У кожнага з іх адчуваўся прыўзняты настрой. Яны чыталі вершы, спявалі песні. Напрыканцы ім уручылі памятныя сувеніры.

Святочны настрой юным арлянятам падарылі педагог-арганізатар Л.У.Кульман і настаўніца Л.Г.Рабцэвіч. Актыўны ўдзел у піянерскім свяце прынялі вучні 7 класа Крысціна Пліс, Яўгенія Абрамава, Дзіяна Жылянок і іншыя (класны кіраўнік І.М.Няборская).

Піянеры наведалі школьны краязнаўчы музей, дзе пазнаёміліся з матэрыяламі, якія расказваюць пра ўдзел юных герояў Хутаршчыны ў барацьбе з фашыстамі. Затым вучні пабывалі на брацкай магіле, каб аддаць даніну памяці загінуўшым воінам.

Глядзеў я на сённяшнюю жыццярадасную дзятву і душа радавалася за іх шчаслівае, бестурботнае дзяцінства, успамінаў свае нялёгкія пасляваенныя піянерскія гады, параўноўваў іхняе, мірнае,  і сваё, апаленае вайной, маленства. Спадзяюся, што гэты святочны дзень назаўсёды застанецца ў памяці юных арлянят Рэспублікі Беларусь.

Пётр Сакаў,

кіраўнік краязнаўчага музея Хутарскай школы.

Фота Л.КУЛЬМАН

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *