“GYMNAZIUM”: вандроўкі, лыжныя гонкі…

Общество

і многае іншае, што садзейнічае здароўю і настрою.

Захараў Валерый Васільевіч, настаўнік беларускай мовы, класны кіраўнік 7 класа:

— Адной з умоў трывалага фізічнага здароўя, як вядома, выбраны чалавекам асабісты лад жыцця. Не сакрэт, што значная колькасць навучэнцаў не можа пахваліцца самым каштоўным — здароўем. Малая рухальная актыўнасць, мінімальны час знаходжання на свежым паветры перашкаджаюць гарманічна ўдасканальваць фізічнае развіццё.

Сістэма выхавання ў гімназіі, разам з іншымі напрамкамі, вызначае і канкрэтныя формы работы па аздараўленні навучэнцаў. Прыярытэтнымі з’яўляюцца  заняткі па фізічнай культуры і здароўі.

Значную ролю ў агульнай сістэме адыгрывае і пазакласная праца. Шматлікія экскурсіі, турыстычныя паходы спрыяюць не толькі далучэнню навучэнцаў да нацыянальна-гістарычнай спадчыны, пазнання навакольнага асяроддзя, экалагічнага стану, але і выхоўваюць таварыскасць, вытрыманасць.  Такія формы працы па-за межамі класа даюць магчымасць настаўніку глыбей спазнаць псіхалогію выхаванцаў, іх рысы характару, якія паўней раскрываюцца ў паводзінах.

Гэта — актыўна сцвярджальны метад паляпшэння фізічнага і псіхічнага стану навучэнцаў.

Белакабылаў Арцём, вучань 7 класа:

— У паход мы пайшлі зімой 7 снежня. Негледзячы на холад і завіруху, усім спадабалася. Калі закончыліся лыжныя гонкі, мы распалілі вогнішча, папілі цёплага чаю, пасмажылі каўбасу, хлеб, хто-што, пагулялі ў снежкі. Пасля гэтай аздараўляючай прагулкі  ўсе вярталіся дадому з радасным настроем.

 

Цярэшка Дар’я, вучаніца 7 класа:

— Мы з класам часта ходзім ў кіно, паходы і ездзім у музеі. Але  паход на Іванічы — самы цікавы. Шлях туды быў доўгі — каля дзесяці кіламетраў.  Хаця праз нейкі час усе стаміліся,  ніхто не здаваўся. А калі наблізіліся да лесу, то з вясёлым гулам пачалі ісці хутчэй. Выбралі паляну і ўтульна размясціліся. Паздзяліўшыся на групы, пачалі шукаць сухія галінкі і лісце, каб распаліць вогнішча. Спачатку яно не разгаралася, але пасля доўгіх спроб мы яго ўсё ж такі распалілі. Дасталі бульбу, хлеб, сала, каўбасу і пачалі смажыць. Калі смачна пад’елі, пачалі гуляць. Вельмі шмат было цікавых гульняў.

Удосталь адпачыўшы, накіраваліся дамоў. Цяпер шлях быў ужо хутчэйшы, а  за некаторымі прыехалі бацькі. Я ўпершыню была ў такім доўгім, цікавым паходзе, і мне вельмі спадабалася. Хочацца, каб такіх мерапрыемстваў было яшчэ больш.

 

Шчэрба Юлія, вучаніца 7 класа:

— У паходзе на Іванічы мы гулялі ў развіваючыя гульні, вучыліся гатаваць ежу, бегалі ў пошуках цікавага, таго, чаго патрабавала гульнёвае заданне. І гэта ўсім падабалася. На маю думку, такія вандроўкі садзейнічаюць умацаванню здароўя, далучэнню да прыроды, а таксама спрыяюць умацаванню сяброўства ў класе.

 

Макатовіч Данііл, вучань 7 класа:

— Мне вельмі падабаецца хадзіць у паходы, ездзім у кіно. Нядаўна мы наведалі кінатэатр, дзе глядзелі фільм «Уланская балада». Вельмі цікава было ехаць туды ў аўтобусе з нашымі дзяўчаткамі. Яны такія вясёлыя, смешныя і пацешныя! Мы спявалі, танцавалі і слухалі музыку на ўвесь аўтобус! Мне вельмі спадабалася гэтая паездка.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *