«МЫ РАЗАМ — І НІЯК ІНАКШ»

Общество

Так называецца другі этап нашага школьнага праекта «Жыццё дадзена на добрыя справы», які стартаваў першага верасня 2012 года. Па выніках «Рэйтынгу актыўнасці ўдзелу ў мерапрыемствах шостага дня» лідарамі за першае паўгоддзе сталі вучні пятага і восьмага класаў.

Зразумела, перад намі паўстала пытанне: як жа іх заахвоціць?! Па дапамогу звярнуліся ў РАС ДТСААФ. Тым больш, што вучні нашай школы папоўнілі рады гэтай арганізацыі ў снежні мінулага года.

Як паведамляў ужо «Раённы веснік», пятага студзеня дзесяць нашых  актывістаў-старшакласнікаў у ліку іншых школьнікаў наведалі музей авіяцыйнай тэхнікі ў Мінску. Старшыня РАС ДТСААФ Дзмітрый Байко адгукнуўся і на гэты раз. У гонар святкавання 75-годдзя Мінскай вобласці, у рамках нашага праекта, з мэтай  фарміравання патрыятычнай свядомасці школьнікаў і іх прафесійнай арыентацыі была арганізавана экскурсія ў Чэрвеньскі будаўнічы ліцэй і спаборніцтвы па стральбе.

Прыемна, што сам дырэктар ліцэя Яўген Гільніч правёў для нас захапляльную экскурсію: паказаў «свежанькія» дыпломы навучэнцаў, выставу іх вырабаў з дрэва, зладжаную ў фае, правёў па майстэрнях — такіх светлых, чыстых, абсталяваных па-сучаснаму, падобных на выставачныя залы: тынковачная, малярная, сантэхнічных работ, муляраў, дрэваапрацоўкі… І ўсюды нас сустракалі майстры, якія адказвалі на пытанні падлеткаў.

Аказваецца, у ліцэі, апрача ўсяго іншага, ёсць зала для тэніса, для заняткаў аэробікай і гімнастыкай, станок для армрэслінгу, трэнажорная зала… І, нарэшце, спартыўная, дзе нас чакалі прадстаўнікі ліцэя і ДТСААФ.

Ліцэй арганізаваў стральбу на трэнажоры «Скат» з АК і пісталета Макарава. Страляеш у мішэнь, а вынікі адразу бачыш на экране ноутбука і карэкціруеш наступны стрэл. Паверце, вельмі азартна! Яшчэ ўсе жадаючыя паспрабавалі свае сілы ў зборцы і разборцы АК. Актыўнасць і  цікаўнасць асабліва праявілі пяцікласнікі.

Апошні этап аказаўся вельмі сур’ёзным. Наша каманда (Павел Разумоўскі, Руслан Зарыфулін, Яўген Прымака, Кірыл Высоцкі, Ганна Ганчук, Ігар Харытановіч, Максім Сячны, Аляксандр Пекар, Андрэй Путрык, Улад Краснагір) узяла ўдзел у спаборніцтвах па стральбе з пнеўматычных вінтовак. Кожнаму давалася тры пробных і пяць заліковых стрэлаў. Кіраваў нашымі дзеяннямі, дапамагаў, кансультаваў намеснік старшыні РАС ДТСААФ па ідэалагічнай рабоце Іван Штахура.

Ох, і нялёгкая гэта праца — стральба! Наша каманда заняла другое месца. Вызначыліся і лепшыя ў асабістым першынстве. Сярод дзяўчат першай стала пяцікласніца Ганна Ганчук. Сярод васьмікласнікаў першае месца — у Паўла Разумоўскага, другое — у Яўгена Прымакі, трэцяе — у Руслана Зарыфуліна. Сярод пяцікласнікаў — у Кірыла Высоцкага, Ігара Харытановіча і Максіма Сячнога адпаведна.

Дзякуй арганізатарам! Было цікава! І гэта здорава, што жыццё нам дадзена на добрыя справы…

Тамара ЗАБАЎСКАЯ,

намеснік дырэктара СШ №2 г.Чэрвеня па выхаваўчай рабоце.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *