СМАЧНА ЕСЦІ!

Общество

У Чэрвеньскай гімназіі прытрымліваюцца сцвярджэння знатнага педагога Сухамлінскага аб тым, што харчаванне ўплывае на здароўе вучня, а ў выніку — і разумовае развіццё, трываласць ведаў. Таму, па словах дырэктара Аксаны Мікалаеўны Калтовіч, усе 332 гімназісты забяспечаны паўнацэнным гарачым харчаваннем — збалансаваным і каларыйным. Гэта вельмі важна яшчэ і таму, што пасля ўрокаў многія шмат часу аддаюць прадметным факультатывам, творчым і спартыўным гурткам, некаторыя адразу спяшаюцца ў Цэнтр дзіцячай творчасці ці Школу мастацтваў…

Нядаўна ў гімназіі сярод 5-6 і 10-11-х класаў праводзілася анкетаванне па пытаннях харчавання. Яго вынікі сведчаць: большасці  вучням школьныя абеды смакуюць, падабаецца іх разнастайнасць.

Шэф-повар Таццяна Леанідаўна Арлоўская (на здымку), якая ўжо 27 гадоў гатуе тут стравы, гэтым вельмі задаволена.

Цяпер лепей кормім, чым раней, — зазначае яна. — Калісьці салаты ў меню  былі толькі два разы ў тыдзень, а зараз — штодня. Мы працуем па перспектыўнаму меню, распрацаванаму мінскімі тэхнолагамі. На мой погляд, дзецям хапае порцыі, каб падсілкавацца. Тых, хто наведвае групу падоўжанага дня, кормім тры разы ў дзень. Усе вучні з першага па чацвёрты клас харчуюцца бясплатна, астатнія плоцяць пэўную суму. Танейшымі абеды робіць бясплатная гародніна, якую мы ўвосень атрымалі з Заполля, Валевачоў, Натальеўска і Рудні.

Шэф-повар першая адказвае за тое, каб дзеці мелі неабходны мінімум харчовых, вітамінных, мінеральных рэчываў, і робіць усё дзеля гэтага. Але ёй хочацца яшчэ, каб, нягледзячы на разнастайнасць густаў, у кожнага быў апетыт на прыгатаваныя з мацярынскай любоўю аладушкі, салат, рыбу, катлеты… Каб кожны хлопчык і дзяўчынка хацелі шчыра сказаць: «Дзякуй!». І, калі гучыць гэтае чароўнае слова, Таццяна Леанідаўна радасна і шчасліва ўсміхаецца.

Між тым, педагагічны калектыў паставіў  мэту: сфарміраваць у сваіх юных выхаванцах культуру харчавання, навыкі самаабслугоўвання. У гэтых намаганнях настаўнікаў актыўна падтрымліваюць бацькі. Вось і на апошнім бацькоўскім сходзе засяроджвалася ўвага на развіцці культурных звычак дзяцей, фарміраванні ў іх схільнасці да здаровага ладу жыцця.

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *