ГАСПАДЫНЮ ЛЕПШАГА ПАДВОРКА ВЫБРАЛІ Ў ВОЛМЕ

Общество

Ужо трэці год запар тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва (ТЦСАН) ладзіць для жыхароў Чэрвеньшчыны, якія знаходзяцца на надомным абслугоўванні, дабрачынную акцыю «Лепшы падворак». Яе мэта — выяўляць сярод іх тых, хто захапляецца развядзеннем кветак і афармленнем прысядзібнага ўчастка. Два гады ў рамках згаданай акцыі аднайменны конкурс ладзіўся ў Чэрвені. А сёлета мы вырашылі выехаць на раён, і ў прыватнасці — у вёску Волма Кліноцкага сельсавета.

У конкурсе «Лепшы падворак в.Волма-2012» узялі ўдзел сем жанчын — Софія Іванаўна Корзун, Марыя Васільеўна Лысая, Софія Аляксандраўна Капанец, Галіна Дзмітрыеўна Корзун, Зінаіда Максімаўна Сязончык, Вольга Мікалаеўна Краснагір, Марыя Іванаўна Балоціна. Пераможцай прызнана Софія Іванаўна Корзун (на здымку), чый падворак знаходзіцца на вуліцы з сімвалічнай назвай Садовая.

Каб падвесці вынікі, мы сабраліся за «круглым сталом» у альтанцы пераможцы. Да нас далучыліся сацыяльныя работнікі, якія абслугоўваюць жыхароў в.Волма. Гэта Наталля Верамейчык і Алена Сязончык. Падыходзілі і іншыя вяскоўцы. Усім удзельніцам конкурсу мы ўручылі памятныя падарункі — лейкі, каб ім зручней было даглядаць свае расліны. А пераможца, Софія Іванаўна Корзун, атрымала ад Цэнтра вялізнае кашпо для вырошчвання пакаёвых раслін, каб і ўзімку ў яе было прыгожа ў хаце.

У сяброўскай абстаноўцы за кубачкам гарбаты з прысмакамі, прыгатаванымі ўдзельніцамі конкурсу і сацыяльнымі работнікамі, мы пагутарылі на розныя тэмы. Жанчыны дзяліліся парадамі па догляду за кветкамі, распавядалі пра любімыя расліны… Цікава было пачуць і пра тое, хто з чаго пачынаў.

Так, гаспадыня лепшага падворка прыгадала, што сама прыйшла да гэтага захаплення. Раней рабіла ўсё разам з мужам, зараз дзеці дапамагаюць. Уразіла нас тое, што жанчыны і ў сталым узросце, з рознымі захворваннямі, у тым ліку і з праблемамі апорна-рухальнага апарату, імкнуцца да таго, каб падворак быў чыстым, дагледжаным, з кветкамі…

Увогуле, тыя, хто знаходзіцца ў нас на надомным абслугоўванні, жывуць у 114 населеных пунктах Чэрвеньшчыны. І мы мяркуем ладзіць такія конкурсы, прыемныя сустрэчы і надалей, каб парадаваць іх, узвесяліць, падтрымаць маральна…

Ну, а нашы канкурсанткі з Волмы з задавальненнем фатаграфаваліся на памяць, шчыра дзякавалі нам і запрашалі прыязджаць яшчэ.

Таццяна АДЗІНЕЦ,

загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму

Чэрвеньскага ТЦСАН.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *