«ЧЭРВЕНЬСКІЯ БАЛАГУРЫ» — ПРЫЗЁРЫ ФЕСТЫВАЛЮ

Общество

У мінулыя выхадныя ў суседняй Мар’інай Горцы адбыўся рэгіянальны фестываль песні і музыкі «Майскі вальс» на прыз народнага артыста СССР, кампазітара Ігара Міхайлавіча Лучанка.  Яго мэта — падтрымка і стымуляванне таленавітых кіраўнікоў творчых калектываў і іх удзельнікаў усіх узроставых катэгорый, павышэнне ролі народнай творчасці ў развіцці грамадскай культурнай дзейнасці насельніцтва. Заснавальнікамі рэгіянальнага фестывалю выступілі Пухавіцкі райвыканкам і Саюз кампазітараў Беларусі.

фестывалі бралі ўдзел народныя і ўзорныя калектывы, асобныя выканаўцы. Калектывы павінны былі выканаць два творы, адзін з якіх — напісаны Ігарам Лучанком, а адзіночныя выканаўцы — два любыя творы беларускіх і рускіх аўтараў.

Пераможцаў і прызёраў вызначалі ў трох намінацыях. Прыемна, што ў намінацыі «За захаванне і развіццё фальклорных традыцый рэгіёна» Дыплом трэцяй ступені і грашовую прэмію заваявала добра вядомая жыхарам нашага раёна мужчынская вакальная група «Чэрвеньскія балагуры» ў складзе Міхаіла Шчэрбача, Міхаіла Раманенкі, Яўгена Качана, Уладзіміра Крамарчука, Паўла Давідоўскага, Дзмітрыя Ісачэнкі, Уладзіміра Гнедчыка і іх кіраўніка Андрэя Каленіка. Яны выканалі папуры на тэмы твораў Ігара Лучанка і беларускую народную песню «Люлечка-дудалка» ў апрацоўцы Андрэя Каленіка.

Як зазначыў кіраўнік вакальнай групы Андрэй Каленік, выступленнем яны задаволены, месца добрае. Але лепшага, вядома, хочацца заўсёды. Уражанні ад фестывалю самыя станоўчыя. Спадабалася выступленне ваенных аркестраў, атмасфера свята. Прыемна было сустрэцца са знаёмымі, аднакурснікамі, паслухаць і пабачыць выступленні іншых удзельнікаў, асабліва — пераможцаў з суседняга Бярэзінскага раёна.

Шчыра віншуем «Чэрвеньскіх балагураў», чый склад апошнім часам прыкметна пашырыўся,  і іх кіраўніка Андрэя Каленіка з поспехам і зычым ім новых творчых перамог!

Святлана АДАМОВІЧ

 

P.S. Дарэчы, як паведаміла аўтарка здымка Таццяна Правасуд, у «Чэрвеньскіх балагураў» узялі інтэрв’ю для праграмы «Арсенал». Як мяркуецца, яна выйдзе на тэлеканале «Беларусь 1» у адну з наступных нядзель.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *