Народны каляндар. Сакавік

Общество

Даўней казалі гаварылі: «Люты вады падпусціць, а сакавік падбярэ». Але надта давярацца лагоднасці першага веснавога месяца было б неабачліва, паколькі  «Марац кусае за палец». Такі ён месяц сакавік: часамі снегам сее, а часамі сонцам грэе.

2 сакавіка. Дзень пакутніка Фёдара Цірана, які ўспрымаўся сялянамі як ахоўнік ад злодзеяў.

4 сакавіка. Згодна ж з каталіцкім календаром, адзначаецца Казімір. Яго імя, зарыфмаванае ў народнай прыкмеце з адпаведным станам прыроды, нібы падводзіла рысу пад панаваннем зімы: «На Казімера зіма ўмера».

9 сакавіка. Прысвятак Паўраценне, або Абратанне (ад царкоўнага «Обретение» — знаходжанне галавы Іаана Хрысціцеля). Асабліва шанавалі яго пчаляры. Яны заглядвалі ў вуллі і калі знаходзілі («обретали») пчол жывымі, то ўжо не сумняваліся ў паспяховай іх перазімоўцы.

14 сакавіка. Дзень Аўдакеі (Яўдокі). Імя святой нярэдка ў народзе гучала таксама і ў мужчынскай форме: «Аўдакей». Радок з валачобнай песні быццам пацвярджае беларускую назву першага веснавога месяца: «Святы Аўдакея сокі збіраець». Да гэтага тэрміну, як правіла, сыходзіў снег, нярэдкім быў і галалёд, таму і зазначана ў прыказцы: «На Яўдокі — голы бокі».

19 сакавіка. Кастусь, Феафіл, Хведар, Аркадзь. У каталіцкім жа календары — Язэп. Народная прыказка таксама не абышла гэтую дату ўвагаю: «Як Язэп кіўне барадою, дык зіма ўцякае ўніз галавою». Наогул жа ясная пагода на Язэпа прыносіла спадзяванні на добры ўраджай. Як вядома, у перыяд пастоў (на які прыпадае і Язэп) існуе афіцыйная забарона на вянчанні. Калі ж такое здаралася, то ў народзе знаходзіла адпаведную ацэнку: «Святы Язэп сярод посту шлюб дае прахвосту».

22 сакавіка. Сорак пакутнікаў, або па народнаму Саракі (Соракі). Калі на Саракі здараўся мароз, то меркавалі, што пасля яго адбудзецца яшчэ 40 маразоў. На Саракі сарока пачынае віць гняздо і прыносіць для яго 40 пруткоў. Раніцай перад усходам сонца хлопчыкі стараліся перакінуць цераз страху 40 трэсак — калі гэта ўдасца, то ўлетку добра будуць ім знаходзіцца птушыныя гнёзды. Свае звычаі былі і ў дзяўчат: яны пераломвалі 40 дошчачак і перарывалі 40 вяровачак і шнуркоў. Прадметы, што пераломваліся і разрываліся, напэўна, павінны сімвалізаваць сабою сілы, якімі была скавана зямля, і выкананне гэтага абраду мела сваёй мэтаю наблізіць надыход цяпла, абудзіць ад зімовага сну ўсю жывую прыроду. «На Саракі дрэвы адпушчаюцца» — сведчылі народныя назіранні. «На Саракі прыляцелі з-за мора птакі» — падказвалі вясковыя фенолагі і нават удакладнялі: «Прылятае 40 жаўранкаў». Калі ў гэты дзень на стрэхах ляжаў снег, то на Благавешчанне снег будзе пакрываць усю зямлю, а на Юр’я — асобныя мясціны. Калі на Саракі ўволю нап’ецца вол ад расталых ледзяшоў — значыць, будзе добрая вясна.

А яшчэ 22 сакавіка – дзень веснавога раўнадзенства.

30 сакавіка. Аляксей, Макар, Марына. «На Аляксея зіма пацея» — адзначалі ў народзе.  А яшчэ казалі: «рыба — аб лёд, саначкі — аб плот», г. зн. рэкі ўскрываліся, а селянін з саней канчаткова пераходзіў на калёсы. Аляксей настойліва нагадваў земляробу пра набліжэнне палявых работ.

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *