Суровая зіма: выпрабаванне на трываласць

Общество

ДАПАМАГАЮЦЬ ЖЫВЁЛАМ І ПТУШКАМ

У сувязі з высокім снежным покрывам паляўнічая гаспадарка Чэрвеньскага лясгаса арганізавала падкормку дзікіх лясных жывёл.

Як паведамляе інтэрнэт-сайт лясгаса chervenleshoz.by, гэтыя меры прыняты з мэтай недапушчэння гібелі дзікіх жывёл і птушак.

Так, калі для лася і казулі зараз здабыць корм нескладана — яны харчуюцца галінкамі, то для кабана высокае снежнае покрыва становіцца сур’ёзнай перашкодай у пошуку харчавання.

Месцы для кармлення жывёл вызначаюцца звычайна егерамі, зыходзячы з назіранняў за ўчасткамі іх пасялення. Практычна ўсе кармушкі абсталяваны падстрэшкамі. У кармы дадаюцца неабходныя вітаміны і мінералы, а таксама антыгельмінтныя прэпараты.

Арганізавана таксама і падкормка птушак. Больш за ўсё ад высокага снежнага покрыва пакутуюць курапаткі. Для гэтых птушак робяць адмысловыя шалашы, каб збожжа і іншы корм не замятала снегам.

 

НЕ ВЫТРЫМАЛІ ТРУБЫ МАРАЗОЎ…

У вёсцы Валевачы з-за аварыі на водаправоднай сістэме, якая адбылася вечарам у аўторак, без вады засталіся 198 жылых дамоў, урачэбная амбулаторыя, магазін, дзіцячы сад, школа, адміністрацыйны будынак мясцовай гаспадаркі. У сераду там ўвесь дзень ішлі ўзнаўленчыя работы.

Як распавёў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Васіль Бойка, прычынай аварыі стала замярзанне трубы, якая падае ваду ў воданапорную вежу. Акрамя таго, у вёсцы ў двух месцах прарвала водаправод. Каб аднавіць водазабеспячэнне, былі прыняты меры па рамонту пашкоджаных участкаў трасы і яе часоваму падключэнню да воданапорнай вежы мясцовай гаспадаркі, якая сілкуе малочнатаварную ферму. Адначасова праводзілася адаграванне замерзлай вежы.

У ліквідацыі аварыі былі задзейнічаны 10 работнікаў ААТ «Валевачы», спецыялісты Чэрвеньскага камунгаса і ўсіх службаў узаемадзеяння. Вечарам у сераду вада па часовай схеме з невялікім напорам пададзена спажыўцам. У чацвер працягвалася адаграванне замерзлай вежы, каб аднавіць водазабеспячэнне Валевачоў у поўным аб’ёме.

 

СЁЛЕТА АБМАРАЖЭННЯЎ МЕНШ

Нягледзячы на моцныя маразы, колькасць зваротаў у раённую бальніцу з абмаражэннямі не павялічылася. Пра гэта распавёў «Раённаму весніку» загадчык хірургічнага аддзялення бальніцы Аляксандр Доўгач.

Паводле яго слоў, у мінулыя гады даводзілася ампутаваць за зімовы сезон па чатырнаццаць ступняў ног. «Пад нож», як правіла, траплялі людзі без пастаяннага месца жыхарства, якія злоўжывалі алкаголем. Сёлета ж падобных выпадкаў не было.

У сярэдзіне гэтага тыдня на лячэнні ў хірургічным аддзяленні райбальніцы з абмаражэннямі знаходзіліся тры чалавекі. Ва ўсіх — халадовыя траўмы пальцаў ног, але, як зазначыў Аляксандр Доўгач, пашкоджанні не дужа сур’ёзныя.

— Адзін з пацярпелых — наш пастаянны пацыент, — распавёў ён. — Гэта сацыяльна неадаптаваны мужчына, які жыве адзін у халоднай хаце. Ён шпіталізуецца да нас трэцюю зіму запар. У папярэднія дзве яму ампутавалі па два пальцы на нагах.

Акрамя таго, як паведаміў Аляксандр Доўгач, не так даўно даводзілася аказваць дапамогу васьмігадоваму хлопчыку, які абмарозіў пальцы ног, сорак хвілін чакаючы на прыпынку аўтобус. Прычына абмаражэння — абутак не па сезону. Дзякуй Богу, траўма аказалася лёгкай.

Таксама Аляксандр Доўгач зазначыў, што ў бальніцы на выпадак паступлення хворых з абмаражэннямі створаны запас спецыяльных набораў медыкаментаў для аказання ім эфектыўнай медыцынскай дапамогі. Ён настойліва параіў не займацца самалячэннем халадовых траўмаў і ў выпадку абмаражэння неадкладна звяртацца да ўрача.

 

МЕРЫ ПРЫНЯЛІ СВОЕЧАСОВА

— Сіноптыкі загадзя папярэдзілі пра рэзкае паніжэнне тэмпературы паветра, — распавёў першы намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Віктар Ляснеўскі. — Таму мы адразу ж далі кіраўнікам і спецыялістам зоатэхнічнай службы адпаведныя рэкамендацыі. Тэрмінова былі прыняты меры па ўцяпленню дзвярэй, вокнаў і пераходаў у жывёлагадоўчых памяшканнях, папярэджанню замярзання сістэм водазабеспячэння і гноевыдалення. Пазбегнуць няштатных сітуацый у цэлым удалося, за выключэннем асобных будынкаў малочнатаварных фермаў у ААТ «Лядзенскі» і «Раванічы», сельгаспрадпрыемстве «Ганута-Агра», састарэлае абсталяванне якіх не прыстасавана да працы ў суровых зімовых умовах. Для ліквідацыі там наступстваў замярзання транспарцёраў гноевыдалення і паілак на месцах былі створаны спецыяльныя брыгады, арганізавана начное дзяжурства спецыялістаў гаспадарак. Дзякуючы своечасова прынятым мерам, у цэлым па раёну ўдалося не дапусціць істотнага зніжэння вытворчасці малака.

Як адзначыў Віктар Ляснеўскі, каб кампенсаваць расход энергіі, які жывёла выдаткоўвае на самасаграванне, на перыяд моцных маразоў рацыён дойнага статку павялічваецца на 30 працэнтаў. У яго дадаткова ўключаюцца энергетычныя кармы — канцэнтраты, шрот.

Паводле слоў Віктара Ляснеўскага, у марозныя дні жывёлаводам выдаюць ўцепленае спецадзенне. У большасці гаспадарак створаны ўмовы для таго, каб даяркі і даглядчыкі ў вольную хвіліну мелі магчымасць папіць гарачай гарбаты, пагрэцца каля печы, прасушыць рабочую вопратку.

Ігар АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *