І сяброўка, і дарадца, і настрою добрага крыніца…

Общество

Колькі сябе памятаю, яна заўсёды са мною — у дзяцінстве, юнацтве, сталасці… Прыгадваючы сябе ў маленстве, я разумею зараз тых дзяцей, якія наведваюць нашу бібліятэку па некалькі разоў не тое што на тыдзень — на дзень. Памятаю, набяру ў бібліятэцы маленькіх кніжак… Такіх, як «Гусі-лебедзі»… Выйду на ганак бібліятэкі, пасяджу, прачытаю — і нясу здаваць. А пакуль да дому дайду, магу і ўсе прачытаць…

Як навучылася чытаць, па шчырасці, не памятаю.  Мабыць, як большасць тады — у школе. Па старому  «Буквару» Клышкі.  Адкуль узялася любоў да чытання, таксама не магу сказаць. Але, мусіць, ёсць штосьці ў генах. Бо па лініі маці ў мяне некалькі цётак працавалі бібліятэкарамі. Гэта родная сястра маёй маці і дзве стрыечныя. Адна загадвала аддзелам рэдкай кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы. І калі я вучылася ў інстытуце, любіла наведвацца да яе і знаёміцца з сапраўды рэдкімі экземплярамі. Іншыя працавалі ў Касцюковічах. Бо я сама родам з Магілёўшчыны, і мая радня — пераважна там.

Падчас вучобы ў школе я чытала актыўна. За сёмы-восьмы класы пазнаёмілася амаль з усёй класічнай беларускай літаратурай. Гэтаму спрыяла тое, што менавіта ў нашым класе размяшчаліся шафы з творамі беларускіх пісьменнікаў. Вельмі мяне тады зацікавіў Іван Шамякін. Пакуль ні перачытала ўсе яго творы, не магла адысці. З задавальненнем знаёмілася з кнігамі Кузьмы Чорнага, Васіля Быкава… Ну, і рускую класіку не абмінала ўвагай.

Як зараз памятаю, захварэла на «вятранку» ў шостым класе. Заняткі не наведвала, вядома, затое сяброўкі прыносілі мне кнігі з бібліятэкі. Мяне тады ўразіў «Вишневый омут» Аляксеева. Не па ўзросце… Але запомнілася на ўсё жыццё. Калі вучылася ў тэхнікуме, захапіла кніга Лявонава «Русский лес». Калі ў інстытуце — руская класіка. І ўспрымала я яе ўжо зусім не так, як у школе. Ганчароў, Дастаеўскі прыцягнулі ўвагу… І асабліва — Тургенеў.

Дарэчы, мне ніколі не падабаліся фільмы па творах, па іх матывах. Наколькі я любіла чытаць, настолькі не магла глядзець экранізацыю. Таго ж Караткевіча. Бо адна справа — чытаць, і зусім іншая — глядзець. У мяне — сваё ўспрыманне твора, свой свет уяўленняў. А фільмы… Не пакідалі прасторы для фантазій…

Што датычыцца тэматыкі ўлюбёных кніг… Падабаюцца розныя, розных жанраў, апрача, хіба, фантастыкі. Гістарычныя раманы, дэтэктывы, прыгодніцкая літаратура… А паколькі працую ў дзіцячай бібліятэцы, то шмат увагі ўдзяляю асабістаму знаёмству з творамі для дзяцей. Бо юныя наведвальнікі часта пытаюцца: «А што ёсць цікавага пачытаць?» І калі не буду ведаць фонд, дык які ж я тады бібліятэкар?!

Абавязкова звяртаю ўвагу дзяцей на беларускую літаратуру. І на ранейшую, і на сучасную.  Акцыя «Чытаем па-беларуску», распачатая летась, працягваецца і ў гэтым годзе. У чытальнай зале аформлена выстава «Мілагучнае, звонкае роднае слова». Яна карыстаецца попытам. Плануем распрацаваць праграму «Расцём з кнігай», дзе асобным раздзелам будзе выдзелена работа з беларускай літаратурай. Да таго ж, часта прыязджаюць да нас аўтары гэтых твораў, з якімі ладзім сустрэчы.  Асабліва актыўна прапагандуем чытанне твораў на роднай мове сярод малодшых школьнікаў. Я лічу, што калі дзіця ў такім узросце прывыкне да іх, то цікавасць застанецца на ўсё жыццё.

Паколькі гэты год аб’яўлены ў Беларусі Годам кнігі, то ўся ўвага будзе скіравана на яе. І найперш — на нашых беларускіх аўтараў, юбіляраў — Янку Купалу, Якуба Коласа, Максіма Танка, Валянціна Лукшу…

Апошнім часам я чытаю і рускіх аўтараў. Вось зараз — «Источник счастья» Паліны Дашковай. Калі мне сумна альбо дрэнны настрой, бяру жаночыя раманы Джудзіт Макнот. Яны супакойваюць. Дарэчы, калі падабаецца кніга (і так ідзе з дзяцінства), мне вельмі цяжка з ёю развітацца, выпусціць з рук. Раней калі бачыла ўлюбёныя на прылаўках кнігарні, заўсёды хацела купіць. Таму збірала ўласную бібліятэчку, яшчэ калі вучылася ў школе.

Мая сям’я, усе хатнія з разуменнем ставяцца да таго, што я заўсёды чытаю. Ды і самі любяць гэтую справу. Старэйшаму сыну, Дзмітрыю, чытаць падабаецца больш. Раней я заўсёды прыносіла кнігі з новых паступленняў і прасіла яго прачытаць і выказаць сваё меркаванне, на якое пасля арыентавалася. А меншаму, Паўліку, даводзіцца больш прапагандаваць. Муж чытае таксама. Ну, а ў маім жыцці кніга займае адно з галоўных месцаў… Яна — і сяброўка, і дарадца, і крыніца добрага настрою…

Алена МАТВЕЕВА,

намеснік дырэктара Чэрвеньскай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па рабоце з дзецьмі

Фота Святланы АДАМОВІЧ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *