19 лютага Альфрэду Шутаву споўнілася б 80

Общество

На жаль, да гэтага юбілею ён, беларускі дзеяч самадзейнага мастацтва, Заслужаны работнік культуры рэспублікі, не дажыў. Як, зрэшты, і да папярэдняга. У 2005-ым Альфрэд Шутаў пайшоў з жыцця…

Пяць гадоў таму ў артыкуле «раёнкі» «На ўспамін пра сябра» яго калега, настаўнік музыкі Анатоль Турбал напісаў: «Хочацца, каб пра гэтага знакамітага чалавека не забываліся яго землякі. І прыгадвалі хаця б зрэдку — у дзень народзінаў». На кожны, на жаль, не ўсім выпадае. А вось на юбілейны…

На гэтым фотаздымку, які захоўваецца ў адным з альбомаў-летапісаў Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі, Альфрэд Пятровіч якраз-такі ў свой апошні прыжыццёвы юбілейны год — на пасяджэнні літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь», якое адбылося 28 лютага 2002 года. Гэта быў вечар-сустрэча маладых талентаў Чэрвеньшчыны «Нас слова Купалы да творчасці кліча…» з удзелам юбіляра…

Каштоўны здымак, каштоўныя ўспаміны бібліятэкараў пра тую сустрэчу і пра асобу Альфрэда Шутава. Як і ўспаміны яго сяброў, калег, знаёмых, родзічаў… Усё гэта беражліва захоўваецца ў Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Асноўныя звесткі сабрала ў адзін аповед загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу Галіна Ніціеўская (на здымку побач з юбілярам).  Яна і прапаноўвае чытачам «Раённага весніка» ўзгадаць асноўныя жыццёвыя і творчыя вехі Альфрэда Пятровіча Шутава:

— Нарадзіўся ён на колішнім хутары Дубовы Лес Чэрвеньскага раёна, якога, як і многіх іншых, даўно не існуе. Першыя класы школы скончыў у нямецкую акупацыю. Затым вучыўся ў сярэдняй школе №1 г.Чэрвеня.

Па ўспамінах, хлопчык з самага дзяцінства марыў стаць музыкам. Але спецыяльнага музычнага навучання тады не было. Затое трапіўся на шляху Альфрэда лётчык, франтавік, музыкант Міхаіл Ладуцька. Менавіта ён стаў першым самадзейным настаўнікам-практыкам А.Шутава.

Вядомы такі выпадак. Яшчэ да вайны ў наш горад прыязджаў знакаміты ў той час тэнар Міхаіл Александровіч — выканаўца неапалітанскіх песень. Яго летнік знаходзіўся на Кладбішчанскай вуліцы  (зараз — А.Кашавога). Альфрэд прыгадваў, што бацькі абяцалі ўзяць яго на канцэрт, але па якіхсьці прычынах… не ўзялі. Тады хлопчык зняў афішу, прывязаў яе да грудзей, хадзіў па вуліцы і казаў: «Я вырасту і буду артыстам. Мае афішы таксама будуць вісець». І як у ваду глядзеў…

Пасля заканчэння сямі класаў Альфрэд Шутаў паехаў паступаць у Мінскае музычнае вучылішча імя Глінкі. Экзаменацыйнай камісіі сказаў, што ўмее іграць дзевяць вальсаў і сем полек. Яго прынялі, бо Альфрэд меў ідэальны музычны слых. А яшчэ добра граў на акардэоне. Падчас вучобы практыку праходзіў у Варонежскім хоры імя Пятніцкага.

Пасля заканчэння ў 1963 годзе музычнага вучылішча па класу харавога дырыжыравання Альфрэд Шутаў служыў у войску. І не дзе-небудзь, а ў Германіі. Зрэшты, гэта тады было звыклай справай — служыць за мяжой. Да ўсяго іншага, Альфрэд там знайшоў і прымяненне свайму таленту — стаў мастацкім кіраўніком ансамбля песні і танца групы войскаў Германіі.

Па вяртанні ў Беларусь арганізоўвае Брэсцкі народны хор у Палацы культуры прафсаюзаў. Там напоўніцу раскрываецца шматграннасць яго таленту, праяўляюцца арганізатарскія здольнасці. Вакальны ансамбль «Алёнка», створаны ім з салістак, гастраляваў і па Беларусі, і за яе межамі. Там наш зямляк складае ўласныя песні і таленавіта апрацоўвае народныя. Магчыма, хтосьці і зараз памятае яго песню «Вьюга», бо яе выконвала Людміла Зыкіна. А першай выканаўцай песні «Вішня белая» стала жонка Альфрэда Пятровіча Вольга Шутава — народная артыстка Беларусі. Яна нават выступала ў Крамлі — з песняй «Растет в Волгограде березка». Было гэта ў 1967 годзе.

Ну, а хор, які ўзначальваў Альфрэд Шутаў, даволі хутка атрымаў вядомасць не толькі на Брэстчыне. Гастролі ладзіліся ў Мінску, іншых населеных пунктах Беларусі, у Расіі, Польшчы, на Украіне… Часта даводзілася выступаць да позняй ночы — не адпускалі гледачы, прасілі паўтарыць любімыя песні. І зноў шчыравалі на сцэне баяністы-прафесіяналы Яўген Солапаў, Уладзімір Збароўскі, Іван Жук. І хор! Менавіта дзякуючы ўдзелу ў ім трапілі на прафесійную сцэну сёння вядомыя артысткі Вольга Шутава, Ніна Бранковіч. Яго выхаванкі Валянціна Барташ і Надзея Якімава сталі прафесійнымі артысткамі на Украіне, а Валянціна Рабцэвіч спявала ў Арэнбургскім народным хоры.

У Брэсце прайшла значная частка жыцця кампазітара (1956-1980 гады). Гэтаму легендарнаму гораду прысвечаны лепшыя яго песні  — «Брэсцкі вальс» (на словы Захарычава), «Наш Брэст» (на словы Дзяльца). Тут нарадзіліся і шмат іншых яго твораў, якія таксама сталі вядомымі.

На Чэрвеньшчыну Альфрэд Пятровіч прыязджае ў 1990 годзе. І робіць значны ўклад у культурнае жыццё раёна — адраджае Натальеўскі хор. А яшчэ ён піша вершы. Думаю, многія жыхары Чэрвеньшчыны ведаюць, што першы зборнік самадзейных паэтаў «Мая Ігуменшчына» (Чэрвень, 1994) адкрываецца аднайменным вершам Алеся Жарта (творчы псеўданім Альфрэда Шутава):

А на Ігуменшчыне — палі бяскрайнія,

Зямля багатая і ўраджайная,

Лясы прыгожыя ды з пералескамі,

Палянка кожная зіхціць

пралескамі.

Мая Ігуменшчына — старонка дзіўная,

Зямля цудоўная,

зямля былінная.

Тут светла марыцца

і лёгка ходзіцца,

Без песень людзі

тут не абыходзяцца.

Тут праца з песняю вякамі

звязаны.

Паданні мудрыя

не ўсе расказаны.

Легенды сівыя спяць

пад курганамі

З гадамі блізкімі, з часамі даўнімі.

Мая Ігуменшчына —

зямля бацькоўская,

Мая гаротная, мая геройская…

Сюды вярнуўся я,

як птушка з выраю.

Табе — любоў мая, падзяка шчырая.

 

Дарэчы, брат Альфрэда Барыс Шут (гэта сапраўднае прозвішча і Альфрэда, якое ён змяніў падчас службы ў Германіі, бо ў перакладзе з нямецкай яно азначае «смецце») прыгадваў, што ў апошнія гады свайго жыцця творца прызнаваўся, што музыка, якую ён пісаў раней, застаецца ў мінулым. Бо сёння, маўляў, запатрабавана іншая, дзе менш лірыкі, меншае значэнне надаецца зместу. У адным з сшыткаў у Альфрэда Пятровіча зроблены запіс: «О, Боже, жаль, что Ты мне дал дар писать так поздно!»

У ліпені 2005 года Альфрэда Пятровіча Шутава не стала. Вечны спакой нястомны музыка знайшоў на Чэрвеньскіх могілках побач з магілай маці…

Мы хацелі яшчэ пры яго жыцці выпусціць зборнік вершаў. Сустракаліся, размаўлялі на гэты конт… «Было б добра, — казаў Альфрэд Шутаў, — але ж іх трэба сабраць…» І паказваў, на якіх лісточках — старонках календара ды іншых — яны запісаны. Пазней жа казаў, што даў перапісаць іх знаёмай, Вользе…

Шаноўныя чытачы! Магчыма, яшчэ і дагэтуль у кагосьці захоўваецца творчая спадчына кампазітара, паэта, творцы. Супрацоўнікі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі вельмі просяць, каб вы прынеслі да іх тыя лісточкі з вершамі — перапісанымі альбо не… Не назаўсёды просяць, толькі пакарыстацца. Набраць на камп’ютары для будучага зборніка — і вярнуць захавальнікам.

І няхай сабе не прыжыццёвы атрымаецца зборнік. Але ён можа стаць найлепшым успамінам пра Альфрэда Пятровіча Шутава ў яго юбілейны год, каштоўным унёскам у культурную спадчыну раёна.

Святлана АДАМОВІЧ

Фота з архіва цэнтральнай раённай бібліятэкі

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *