Дабрачыннасць

Общество

Як распавядаў ужо «Раённы веснік», аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва пры фінансавай падтрымцы рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь з верасня ажыццяўляе праект «Швейная майстэрня». Яго мэта — працоўная рэабілітацыя інвалідаў, навучанне навыкам шыцця для далейшага іх выкарыстання ў штодзённым жыцці.

Паглядзець на першыя ўменні-дасягненні юных і дарослых наведвальнікаў майстэрні завіталі дырэктар рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» айцец Аляксандр Фаміных і супрацоўнік місіі, каардынатар праекта Аляксандр Кудраўцаў. У прысутнасці начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Міхаіла Самца, дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людмілы Шарковай пад кіраўніцтвам загадчыцы аддзялення Валянціны Кацько тут зладзілі цэлую прэзентацыю.

Але напачатку гасцей чакала міні-экскурсія па аддзяленню, якую правяла Валянціна Кацько. Яна распавяла, што апрача праекта «Швейная майстэрня» тут працуюць гурткі «Гліняная казка», «Рукадзельніцы», «Акварэлі», «Гаспадынька» і творчая майстэрня «Майстры і майстрыхі». Адметныя вырабы рук іх наведвальнікаў упрыгожваюць сцены аддзялення, дэманструюцца на шматлікіх выставах. Прадстаўнікі «Карытаса» разглядалі іх са шчырым захапленнем. Айцу Аляксандру Фаміных асабліва спадабаліся ослікі.

Асобную зацікаўленасць выклікаў гурток «Гліняная казка», які зараз знаходзіцца ў пошуку, развіцці і ўдасканальванні. Яго новы кіраўнік Марына Сіняўская прыйшла сюды не так даўно. Але за гэты час, як патлумачыла загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Валянціна Кацько, прыўнесла шмат новага. Раней тут проста стваралі вырабы з гліны і абпальвалі іх. Некаторыя дадаткова пакрывалі лакам. А Марына Сіняўская навучылася сама рабіць апрацоўку, абпальванне, расфарбоўку па-новаму і вучыць гэтаму наведвальнікаў гуртка. У выніку сумеснай творчасці атрымліваюцца самыя разнастайныя арыгінальныя сувеніры. А яшчэ тут мараць аб набыцці… ганчарнага круга!

У памяшканні, дзе размясцілася швейная майстэрня, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова звярнула ўвагу гасцей найперш на шторы, пашытыя юнымі ўдзельнікамі праекта з тканіны, набытай «Карытасам», і на абсталяванні фундатараў. А затым пра дасягненні сваіх гурткоўцаў распавяла інструктар па працоўнай тэрапіі Таццяна Касцевіч. Яна шчыра падзякавала прадстаўнікам «Карытаса» за набытае абсталяванне. Швейныя машыны японскай вытворчасці маюць шмат разнастайных магчымасцяў, зручна запраўляюцца, у корпусе прадугледжана месца для захоўвання ўсяго неабходнага. Можна выконваць шмат відаў радкоў, петляў, прашываць і стрэйч, і мех… Добрая функцыя «Чарапашка», якая ўтрымлівае павольны тэмп шыцця. Вучыцца на ёй — ідэальна для пачаткоўцаў. Таму нават 9-гадовая Паліна паспяхова асвойвае мудрагелістасць шыцця, што і прадэманстравала гасцям. Супрацоўнік «Карытаса» Аляксандр Кудраўцаў зацікавіўся якасцямі швейнай машыны ў дзеянні, распытваючы пра іх з веданнем справы. Таццяна Касцевіч запэўніла, што абсталяванне — годнае, практычна ідэальна падыходзіць для работы на ім людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўсіх узростаў.

Затым супрацоўнікі і наведвальнікі дзённага аддзялення для інвалідаў запрасілі гасцей у фае, дзе прадставілі цэлую прэзентацыю швейнай майстэрні. Але напачатку да прысутных звярнуўся начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Міхаіл Самец. Ён зазначыў, што наведвальнікі аддзялення набываюць тут карысныя навыкі, і гэта вельмі прыемна. Да таго ж, магчыма, для многіх яны адкрыюць шлях у прафесію. І калі людзі з абмежаванымі магчымасцямі змогуць абшываць сябе, сваіх родзічаў, выконваць нескладаныя заказы, гэта будзе значным дасягненнем. Міхаіл Самец таксама выказаў надзею, што з цягам часу ў аддзяленні змогуць навучаць і абыходжанню з камп’ютарам, што таксама важна ў сучасным свеце.

Вершаваныя і празаічныя радкі ад дзяцей пра швейную справу, аповеды пра ўласныя мары і спадзяванні, песня Юрыя Антонава ў выкананні наведвальніка аддзялення Косці Мірановіча змяніліся дэманстрацыяй першых маленькіх дасягненняў удзельнікаў праекта «Швейная майстэрня». Пад тлумачэнні інструктара па працоўнай тэрапіі Таццяны Касцевіч маленькая Паліна прадэманстравала камізэльку і брошку з тканіны, Каця — сумачку з меху, Маша — берэт, які пашылі старэйшыя дзяўчаты, Іна — камплект у спартыўным стылі, Лена — спадніцу, уласнаручна перашытую з вялікай… За такі кароткі час гэта сапраўды значныя вынікі…

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова падзякавала прадстаўнікам «Карытаса» за супрацоўніцтва, фінансавую падтрымку, разуменне, суперажыванні, дапамогу тым, з кім здарылася бяда, і ўручыла ім Удзячны ліст. Дырэктар рэлігійнай місіі «Дабрачыннае каталіцкае таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай Царквы ў Рэспубліцы Беларусь айцец Аляксандр Фаміных зазначыў, што такая дапамога сталася магчымай, дзякуючы іх шматлікім партнёрам. Ён пацвердзіў, што вельмі важна, каб кожны, у тым ліку і чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, змог самарэалізавацца ў якой-небудзь справе. А яшчэ выказаў спадзяванне, што ўменні, набытыя падчас удзелу ў праекце «Швейная майстэрня», стануць значнай падтрымкай і дапамогай наведвальнікам аддзялення і іх сем’ям.

На памяць аб першай прэзентацыі прадстаўнікам «Карытаса» ўручылі невялікія самаробныя сувеніры.

 

Святлана АДАМОВІЧ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *