І падзякі, і падзеі душы аўтарскія грэюць

Общество

Не толькі падзякі добрым людзям, але і расповеды пра цікавыя падзеі, і разважанні атрымліваем мы ад вас, шаноўныя чытачы, па звычайнай і электроннай пошце. Кожны ваш ліст з увагаю прачытваецца супрацоўнікамі рэдакцыі. Сёння — чарговы іх агляд. І пачнём традыцыйна з падзякі медыцынскім работнікам.

«Я — чалавек са слабым здароўем, — чытаем у лісце жыхаркі Чэрвеня Людмілы СТАНКЕВІЧ, — таму мне даволі часта даводзіцца звяртацца па медыцынскую дапамогу ў хірургічнае аддзяленне цэнтральнай раённай бальніцы. Заўсёды ветліва і ўважліва ставяцца да мяне загадчык аддзялення Аляксандр Доўгач, урач Анатоль Ісачкін, перавязачная медсястра Валянціна Манулік, перавязачная санітарка Марыя Петрачэнкава, паставыя медсёстры Таццяна Канапелька і Алеся Ждановіч, паставая санітарка Ларыса Ярашэвіч. Усім работнікам гэтага аддзялення я жадаю моцнага здароўя, шчасця, удачы, усяго найлепшага. Нізкі вам паклон за вашы дабрыню, клопат і ўважлівыя адносіны да хворых!»

А вось жыхар Чэрвеня Іосіф ЖДАНОВІЧ па-добраму ўразіўся адносінамі адміністрацыі і калектыву крамы «Будмаркет». «Мы з жонкай вырашылі пераабсталяваць ванны пакой і набыць мыйку на кухню, — тлумачыць наш даўні падпісчык. — З гэтай мэтай завіталі ў вялікую і прыгожую краму «Будмаркет». Дзяўчаты-прадаўшчыцы прадэманстравалі нам узоры, пракансультавалі. А дырэктар крамы Ваге Грыгаран параіў набыць душавую кабіну. Ён прыехаў да нас, зрабіў у ванным пакоі неабходныя вымярэнні, распланаваў, як лепей яго абсталяваць. А затым прывёз з Мінска пад заказ душавую кабіну, разам з вадзіцелем даставіў яе нам. Мы з жонкай былі вельмі задаволены і крануты такім абслугоўваннем, а яшчэ — увагай, ветлівасцю, добразычлівасцю. І нават калі высветлілася, што ў нас крыху не хапае грошай, каб расплаціцца за пакупку, дырэктар крамы пагадзіўся пачакаць некалькі дзён да нашай пенсіі. Шчыра дзякуем усяму калектыву «Будмаркета»!»

Пра літаратурна-музычную кампазіцыю «Жывая памяць», прымеркаваную да Дня памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, распавяла вучаніца 9 класа Грабёнскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Хрысціна КЛЮЧНІК. Падрыхтавалі сумеснае мерапрыемства бібліятэкар мясцовай сельскай бібліятэкі Святлана Панцялеева, дырэктар сельскага Дома культуры Анатоль Кеда, класны кіраўнік 9 класа Марыя Руцько, вучаніцы Анастасія Юшчанка, Хрысціна Ключнік, Таццяна Яковіна, Любоў Пуплікава, Юлія Русецкая. «Мы паглядзелі ўрыўкі з тэматычных дакументальных фільмаў, прадстаўленых чэрвеньскім «Кінавідэапракатам», — чытаем у лісце юнай аўтаркі, — уславілі подзвіг жывых, хвілінай маўчання ўшанавалі памяць загінуўшых».

Адзінаццацікласніца Запольскай школы Паліна ХАЗЯЕНКА ў сваім допісе разважае пра ролю жанчыны-маці, жанчыны-гаспадыні, жанчыны-настаўніцы. «Быць настаўнікам — гэта няпроста, — зазначае наша чытачка, — а быць настаўнікам-жанчынай — складаней удвая. У нас у школе цэлы букет іх, цудоўных жанчын-педагогаў. Кожная — адметная, непаўторная, прыязная і прывабная. І ўсе яны хочуць з кожнага вучня зрабіць сапраўднага чалавека, з чыстым сумленнем і добрым сэрцам, каб з гонарам выправіць іх у дарослае жыццё. І за гэта ім наша шчырая падзяка!»

Надоўга застанецца ў памяці вучняў Руднянскага дзіцячага сада-сярэдняй школы сустрэча гасцей з Расіі. Пра гэта ў сваім лісце распавяла васьмікласніца Кацярына САСУНКЕВІЧ. «Дзесяцікласнікаў з падмаскоўнага горада Юбілейны мы сустракалі па даўняй традыцыі — хлебам-соллю, — піша яна. — І хаця нашы госці былі стомленымі, бо ў гэты ж дзень бралі ўдзел у «Ігуменскай завеі», але яны наведалі наш музей Лесу і з вялікай цікавасцю выслухалі экскурсаводаў. Спадзяёмся, што расійскія школьнікі надоўга запомняць і наш канцэрт, і песні пад гітару ля вогнішча, і беларускія капусту ды кашу. Мы абмяняліся адрасамі — будзем дасылаць лісты адзін аднаму. А яшчэ госці з Падмаскоўя запрасілі нас да сябе. І гэта — здорава!»

Ну вось і ўсё на сёння. Пішыце!

Лісты чытала Святлана АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *