Кiраўнiк гуртка «Народныя промыслы» Надзея Альхіменак

Общество

Яе няўрымслівасці можна толькі па-добраму пазайздросціць. За той час, які  выпускніца дэкаратыўна-прыкладнага аддзялення Маладзечанскага музычнага вучылішча імя Агінскага Надзея Альхіменак  шчыруе ў Смілавіцкім  Доме дзіцячай творчасці  столькі новых тэхнік грунтоўна асвоіла! Прычым усе яны, што надзвычай каштоўна, бяруць пачатак з сівой даўніны. Такім чынам, Надзея вывучае гісторыю народных промыслаў, сама асвойвае іх і перадае навыкі дзецям.

Кожны раз, калі бываеш у яе працоўным кабінеце, захапляешся чымсьці новым. То лялькамі з ільну і тканіны, то гістарычнымі іх касцюмамі, то выцінанкамі… А зараз гурткоўцы пад яе кіраўніцтвам асвойваюць вырабы з лямцу.

Колькі тут усяго! Нават не ведаеш, у які бок напачатку глядзець. А рукі так і цягнуцца, каб пакратаць каралі, завушніцы, брошкі, кветкі, дыванкі, мяккія цацкі, шалік… Якое ўсе прыемнае навобмацак, цёпленькае, пяшчотнае…

— Сапраўды, рэчы з лямцу атрымліваюцца дзівосныя, — згаджаецца Надзея. — Працы з ім я вучылася на курсах, якія сама адшукала і сама за іх заплаціла. Выкарыстоўваем мокрае і сухое валенне — каму што падабаецца. Толькі сухое — больш простае. Сядзіш, іголачкай працуеш… А да мокрага трэба прыкласці пэўныя намаганні… Ажно горача робіцца, і іголкі часта ломяцца. Яны насамрэч крохкія…

Гэта — яшчэ адзін від мастацтва нашага народа. Мы працягваем вывучаць тое, чым займаліся нашы продкі, і развіваем далей, удасканальваем. Калі раней лямец быў выключна практычным матэрыялам — для вырабаў валёнкаў, шапак, то цяпер ён становіцца больш дэкаратыўным… Тыя ж валёнкі і шапкі мы ўпрыгожваем кветкамі. І яшчэ ствараем рэчы для масавага выкарыстання, прычым не толькі ўзімку. Апрача пералічанага — завушніц, брошак ды іншага — робім бірулькі на ключы, чахлы на мабільныя тэлефоны…

Дарэчы, мне вельмі цікава было даведацца, што па легендзе лямец бярэ пачатак яшчэ з часоў Ноевага каўчэга. Маўляў, авечкі, якія былі там сярод розных жывёл, церліся адна аб адну. Поўсць ляцела на падлогу, узаемадзейнічала з вадою. Яны яе тапталі… А калі сышлі на бераг, на каўчэгу застаўся дыван з лямцу…

Як патлумачыла Надзея Альхімёнак, зараз прыгожы каляровы лямец рознай якасці і фактуры яна набывае ў Мінску. Вырабы з яго ствараюцца хутка. Практычна пасля кожнага занятку гурткоўцы ідуць дахаты з чымсьці гатовым. Але і матэрыял разыходзіцца таксама хутка… Затое з якім гонарам дзеці носяць упрыгажэнні з лямцу ды іншыя рэчы, зробленыя сваімі рукамі! Гэта, зазначае Надзея, — візітная картка выхаванцаў гуртка «Народныя промыслы» Смілавіцкага Дома дзіцячай творчасці.

Між іншым, усе мудрагелістасці працы з лямцам асвойваюць не толькі дзяўчаты, але і хлопцы. Зрэшты, у сваім гуртку Надзея Альхімёнак займаецца з дзецьмі рознага ўзросту некалькімі відамі творчасці адначасова. Маленькім, маўляў, не дасі лямец — сілы не хопіць, таму яны малююць (па адукацыі кіраўнік гуртка — мастак-дэкаратыўнік). Хтосьці бісерам займаецца, хтосьці — выцінанкай… Густы розныя, і ўсе яны тут задавольваюцца.

Апрача смілаўчанаў, Надзея Альхімёнак працуе яшчэ з дзецьмі з Валевачоў, прычым пачынае з дашкольнага ўзросту. Таксама спачатку яны малююць. А пасля, падросшы, пераходзяць да іншых відаў творчасці, больш складаных і працаёмкіх. Ёсць ужо ў кіраўніка гуртка і выпускнікі, якія вучацца ў ВНУ. Ведаючы імкненне Надзеі Віктараўны да ўсяго новага, яны стараюцца хаця б раз у месяц зазірнуць да яе, каб пацікавіцца, пераняць штосьці і проста атрымаць асалоду ад прыемных стасункаў.

— Калі ёсць магчымасць вучыцца, я заўсёды яе выкарыстоўваю, — зазначае Надзея Альхімёнак. — Прычым вучуся з вялікім задавальненнем…

І ў гэтых фразах яна ўся — шчыра зацікаўленая, старанная, усмешлівая, летуценная…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *