МАЙСТРЫХА-ЧАРАЎНІЦА

Общество

Калі хтосьці грае на некалькіх музычных інструментах, ды яшчэ адначасова, яго называюць «чалавек-аркестр». А вось якое азначэнне прыдумаць для таго, хто сваімі рукамі стварае адметныя вырабы з розных матэрыялаў, у розных тэхніках? Майстар — залатыя рукі? Творца? Чараўнік?

Далібог, усё гэта не дае поўнага ўяўлення пра асобу кіраўніка гурткоў Смілавіцкага Дома дзіцячай творчасці Ірыну Пазняк. Яна без перабольшання — супертворца, прычым ад Бога. Зрэшты, мяркуйце самі — па фотаздымках і аповеду…

Яшчэ падчас працы ў дзіцячым садку Ірыне Аляксандраўне захацелася самой стварыць штосьці адметнае. Яна пагартала кнігі — і зрабіла аплікацыю з саломкі. Атрымалася. Спадабалася. Захапіў працэс. І пайшлі ў ход пілавінне, крупы, каляровы пясок, скура… Усё  больш і больш вырабаў цешылі вока. І, у рэшце рэшт, Ірына Пазняк перайшла на працу ў Смілавіцкі Дом дзіцячай творчасці. Так яе захапленне перарасло ў прафесію. І ўжо чацвёрты год гэтая надзвычай таленавітая жанчына ў «Дзіцячай майстэрні» вучыць школьнікаў сапраўднаму чараўніцтву.

Як толькі трапляеш у кабінет да Ірыны Аляксандраўны, адразу ж спасцігаеш сэнс выразу «вочы разбягаюцца». І ў гэтым няма ніякага перабольшання. Кветкавыя матывы, зімовыя малюнкі, іншыя сюжэты настолькі захапляюць, што напачатку нават слоў не падбярэш, каб выказаць свае ўражанні.

А колькі тэхнік тут прадстаўлена! Адразу і не здагадаешся, дзе які матэрыял выкарыстаны. Думаеш — бісер, а гэта… крупы! Здаецца — роспіс, аказваецца — сурвэткі…

— У «Дзіцячай майстэрні» займаюцца школьнікі, пачынаючы з першага класа, — тлумачыць Ірына Пазняк. — Самыя маленькія напачатку працуюць з паперай. Гэта — квілінг, арыгамі… Калі трохі падрастаюць, пераходзім да высыпання асновы  крупамі, аплікацый з розных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца манка, проса… Апошняе на карцінах сапраўды здалёк падобна на бісер, многія блытаюць. Дарэчы, з просам працаваць цяжкавата. Яно спачатку фарбуецца па адной (!) штучцы, а пасля прыклейваецца. Гэта займае шмат часу, таму такіх вырабаў у нас яшчэ мала. Складана таксама дакладна перадаць колер малюнка. Дзве работы, якія вісяць на сцяне, выкананы вучнямі шостага і дзевятага класаў. Малодшыя займаюцца больш простым — высыпаннем асновы манкай, грэчкай, пілавіннем, зярнятамі, якія спачатку прыклейваюцца, а потым фарбуюцца…

Далей ідзе больш складаная праца — з тканінай. Сёлета заняліся яшчэ дэкаратыўнай тынкоўкай і ўзялі зусім новы накірунак — флорадызайн (фота 2), які захапіў і мяне саму. Мы паспрабавалі ствараць карціны яшчэ ўлетку — падчас працы дзіцячага аздараўленчага лагера. Выкарыстоўваюцца тут штучныя кветкі і прыродны матэрыял. Працуем у сурвэтачнай тэхніцы (дэкупаж). Асвойваем тарцаванне па пенапласту (фота 1). Работа вельмі складаная. Напачатку склейваецца плітачны пенапласт для столі, затым на яго наносіцца малюнак. Гафрыраваная папера рознага колеру наразаецца квадрацікамі 1х1 см. Бярэцца клей, і дзюбкай алоўка папера тарцуецца ў пенапласт. Павінна закрыцца толькі яго верхняя частка, а з адваротнага боку каб было без праколаў. Работа патрабуе ўседлівасці і акуратнасці. Больш простая разнавіднасць гэтай тэхнікі — тарцаванне ў пластылін. З ёй спраўляюцца нават трэцякласнікі…

Увогуле, як зазначыла Ірына Пазняк, усе гэтыя тэхнікі — не новыя. Проста яны, так бы мовіць, не на слыху. Таленавіты кіраўнік гуртка знаходзіць іх у кнігах, часопісах, Інтэрнэце, прапускае праз сябе, адаптуе да дзіцячага ўзросту. Галоўнае, сцвярджае, ухапіць ідэю. А пасля на яе аснове можна столькі нафантазіраваць…

Асвоіць Ірына Аляксандраўна адно — і адразу ж да другога цягнецца. Сама. Бо цікава. Сапраўды, няма мяжы дасканаласці…

Між іншым, бацькі яе гурткоўцаў таксама просяцца ў майстэрню — навучыцца розным цудам. Мяне асабіста такое жаданне проста накрыла! Але пакуль не атрымліваецца ў Ірыны Пазняк пазаймацца з дарослымі — часу не стае. Бо яна, апрача «Дзіцячай майстэрні», вядзе яшчэ і «Развіваючае навучанне» — рыхтуе малых да школы. Вось так мірна суседнічаюць педагагічная дзейнасць і захапленне.

Дарэчы, таленавітасць Ірыны Пазняк і яе выхаванцаў добра вядома не толькі на Чэрвеньшчыне. Вось, напрыклад, што-кольвечы для афармлення дзіцячага садка ім заказалі… з Беразіно.

Насамрэч пашанцавала выхаванцам Ірыны Аляксандраўны. Гэта ж колькі тэхнік яны маюць магчымасць асвоіць! Пасля хочаш — рабі карціны для ўласнага захаплення, хочаш — у падарунак. А творчасць і ўмелыя рукі ў нас цэняцца заўсёды…

Святлана АДАМОВІЧ.

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *