У СВФ “Аграбуд” на 11 працэнтаў павялічылі прадукцыйнасць дойнага статка

Аграрный сектор Актуальное

Жывёлаводы Чэрвеньшчыны пачалі 2021 год з прыбаўкі ў вытворчасці малака. За 16 дзён студзеня тэмп росту валавых надояў склаў па раёну 101 працэнт да адпаведнага леташняга перыяду, а надой ад фуражнай каровы павялічыўся на 1,8 кілаграма.

Галоўны заатэхнік СВФ «Аграбуд» Ірына Анціфеева

У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле “Аграбуд” адкрытага акцыянернага таварыства “Мінскжалезабетон” гэтымі днямі апярэджваюць мінулагодні ўзровень валавой вытворчасці малака на 6,7 працэнта. Прадукцыйнасць дойнага статка складае 15,7 кілаграма, што амаль на кілаграм больш, чым было на такі ж час летась.

Яшчэ менш за пяць гадоў таму малочная галіна гаспадаркі, якая прадстаўлена адзінай фермай “Грабёнка”, перажывала не лепшыя часы.
– Калі я прыйшла працаваць у “Аграбуд”, у сярэднім ад каровы тут даілі не больш за 10 літраў малака, – прыгадвае галоўны заатэхнік сельгасфіліяла Ірына Анціфеева. – А “дараслі” ўжо да 16 – 16,5. Штогод дадавалі ў прадукцыйнасці дойнага статка па 4-5 працэнтаў, летась – адразу 11. Не менш як пяціпрацэнтны рост запланаваны і на сёлета.

Аператар машыннага даення кароў Галіна Калтовіч

Зразумела, за гэтымі лічбамі – карпатлівая праца ўсяго калектыву і кожнага работніка паасобку. Бо гэта не тое, што прыйшоў, паглядзеў на карову, пакарміў яе і ўсё будзе “ў шакаладзе”. Карову трэба правільна пакарміць, правільна падаіць, правільна палячыць, правільна запусціць. Адным словам, вытворчасць малака – вялікі і складаны механізм, звяна з яго не выкінеш. А выкінеш – абавязкова будзе збой.

Паводле слоў Ірыны Анціфеевай, адным з першачарговых крокаў, які ў далейшым паспрыяў росту прадукцыйнасці дойнага статка, стала замена кароў мясной пароды на малочную. Вынікі павышэння генетычнага патэнцыялу жывёлы шляхам галштынізацыі нават чыста знешне добра бачныя на цялушках: яны цяпер больш высокія і стройныя.

Аператар па догляду і вырошчванню маладняку буйной рагатай жывёлы Святлана Азаранка

І, канешне ж, аснова вытворчасці – трывалая кармавая база. У апошнія гады галіна раслінаводства забяспечвае не толькі істотны рост аб’ёмаў нарыхтоўкі травяністых кармоў, але і высокую іх якасць. У тым ліку – за кошт тэхнічнага пераўзбраення. З апошніх набыткаў – прэс-падборшчык для нарыхтоўкі сенажу ў вакуумнай поліэтыленавай упакоўцы. Гэта, у прыватнасці, дае магчымасць балансаваць рацыён кароў па бялку, замяніўшы канцэнтраты, якія не лепшым чынам уплываюць на здароўе жывёлы, на люцэрну з рулонаў.

Дарэчы, скласці правільны рацыён – штодзённы важны клопат галоўнага заатэхніка гаспадаркі.

– Асноўны дойны статак фермы, за выключэннем цэхаў раздою і сухастою, падзелены на шэсць груп у залежнасці ад фізіялогіі і ўзроўню надояў, – распавядае Ірына Анціфеева. – Для кожнай групы прадугледжаны свой рацыён. Складаю яго з дапамогай адмысловай камп’ютарнай праграмы, зыходзячы са спажыўнасці кармоў. Затым, калі механізатар зробіць сумесь у кормараздатчыку, бяру кантрольную пробу і завожу ў кармавую лабараторыю суседняга філіяла “Агра-Бокс”. Дзякуючы зробленаму аналізу, можна параўнаць “камп’ютарны” варыянт рацыёну з рэальным і, пры неабходнасці, унесці карэкціроўку. Гэтак жа кантралюю і канцэнтраваныя кармы. Мы іх вырабляем самі, за выключэннем стартарнага камбікорму для маладняку. Атрымліваецца і танней, і лепш.

Тэхнік па штучнаму асемянненню жывёлы Павел Васільеў

Адзначыла Ірына Анціфеева і старанную працу ветэрынарнай службы сельгаспрадпрыемства. Спецыялісты падбіраюць для лячэння статка прэпараты, якія эфектыўна дзейнічаюць у мясцовых умовах. Грошай на лекі ў гаспадарцы не шкадуюць, усведамляючы, што згубіць карову каштуе нашмат даражэй.

Цяляты ў «юртах»

Зрэшты, не толькі лекі дапамагаюць клапаціцца пра здароўе жывёлы. Філіял “Аграбуд” адзіны ў раёне наладзіў групавое ўтрыманне маладняку ўзростам ад двух месяцаў да паўгода ў так званых “юртах”. Кожнае збудаванне, якое па форме сапраўды вельмі нагадвае жытло качэўнікаў, разлічана на 10-15 цялят. “Юрты” размешчаны на агароджанай пляцоўцы пад павеццю, кожная з іх мае прасторны выгул і паілкі з падагрэвам. У адрозненне ад хлява, тут заўсёды свежае паветра і няма павышанай вільготнасці, якая спрыяе развіццю бактэрый. У такіх умовах цялушкі пачалі хутчэй расці: іх сярэднясутачныя прывагі дасягаюць амаль кілаграма.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *