95 гадоў Чэрвеньскай міліцыі: гісторыя, напісаная лёсам

Общество

Учора споўнілася 95 гадоў з дня заснавання Чэрвеньскага раённага аддзела ўнутраных спраў. За гэты час, засведчыўшы адданасць Айчыне, шмат адметных старонак у гісторыю праваахоўных органаў упісала некалькі пакаленняў яго супрацоўнікаў.

На ўрачыстасць, якая адбылася з нагоды юбілею ў раённым Цэнтры культуры і адпачынку, сабраліся дзеючыя вартавыя правапарадку і члены іх сем’яў, шаноўныя ветэраны міліцэйскай службы.

Намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама падпалкоўнік міліцыі Дзмітрый Глушкоў у сваім выступленні высока ацаніў працу Чэвеньскага РАУС. Ён перадаў аддзелу падарунак да юбілею – спартыўны трэнажор, а таксама ўручыў узнагароды групе супрацоўнікаў.

Медаль “За бездакорную службу” ІІІ ступені за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў атрымаў памочнік дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы, старшы прапаршчык міліцыі Алег Харытановіч. За праяўленую прафесійную ініцыятыву і высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці Граматай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь узнагароджаны старшы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх маёр міліцыі Яўген Арочка. За дасягнутыя высокія паказчыкі ў службовай дзейнасці, паспяховае выкананне задач, якія стаяць перад органамі ўнутраных спраў міліцыянеру-дзяжурнаму ізалятара часовага ўтрымання прапаршчыку міліцыі Віталю Навумцу і начальніку фінансавай часткі Аляксандры Ражковай аб’яўлена Удзячнасць Міністра ўнутраных спраў. Юбілейным медалём “70 год перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў” за значны ўклад у справу выхавання асабістага саставу і ўзорнае выкананне службовых абавязкаў уганаравана начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі падпалкоўнік міліцыі Наталля Ісачкіна.

За праяўленую прафесійную ініцыятыву і забеспячэнне высокай эфектыўнасці працы Ганаровай граматай упраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама ўзнагароджана начальнік аддзялення па грамадзянству і міграцыі маёр міліцыі Наталля Мадэнава. Граматай ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама адзначаны спецыяліст крымінальна-выканаўчай інспекцыі Сяргей Сцяжко. Удзячнасць начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама аб’яўлена інспектару дарожна-патрульнай службы ДАІ старшаму лейтэнанту міліцыі Валянціну Зыку, старшаму  оперупаўнаважанаму аддзялення крымінальнага вышуку старшаму лейтэнанту міліцыі Ігару Дзядзюлю і старшыні ветэранскай арганізацыі аддзела Леаніду Комелю.

Удзячны ліст начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама за выхаванне сына ўручаны бацькам оперупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі лейтэнанта міліцыі Міхаіла Былінкі – Анатолю Анатольевічу і Галіне Сямёнаўне.

Чатыры супрацоўнікі аддзела атрымалі з рук Дзмітрыя Глушкова новыя пагоны. Загадам начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама прысвоены чарговыя спецыяльныя званні: маёр міліцыі – старшаму інспектару прафілактыкі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі капітану міліцыі Аляксандру Семчанку, старшы лейтэнант міліцыі – участковаму інспектару міліцыі аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі лейтэнанту міліцыі Яўгену Цекераву і оперупаўнаважанаму аддзялення крымінальнага вышуку лейтэнанту міліцыі Антону Бразгоўку. Загадам начальніка Чэрвеньскага РАУС чарговае спецыяльнае званне малодшы сяржант міліцыі прысвоена міліцыянеру-канваіру ізалятара для часовага ўтрымання асоб радавому міліцыі Яўгену Сілкову…

– 95 гадоў – не проста сур’ёзны і шаноўны ўзрост, – адзначыў начальнік Чэрвеньскага РАУС Аляксей Пратаповіч. – Гэта – лёсы соцень супрацоўнікаў, якія ўсклалі на сябе абавязак у мірны час ахоўваць парадак, берагчы грамадства ад злачынных замахаў, абараняць спакой людзей.

Сёння мы працуем у камфартабельных, абсталяваных камп’ютарнай тэхнікай кабінетах, у дастатковай колькасці забяспечаны службовым транспартам, падтрымліваем фізічную форму ў цудоўнай спартыўнай зале. Думаю, што большасць прысутных ветэранаў органаў унутраных спраў марылі б несці службу ў такіх умовах. І гэтыя ўмовы патрабуюць ад супрацоўнікаў адпаведнай аддачы. Перакананы, што кожны з тых, хто сядзіць у зале ў белых сарочках з залатымі пагонамі на плячах, гатовы ў любы момант выканаць абавязак па абароне дзяржавы ад злачынных замахаў, ад бед, якія, барані бог, могуць здарыцца на нашай зямлі.

Сёння ў калектыве працуе 22 прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Нароўні з пяшчотай і далікатнасцю яны спалучаюць у сабе патрабавальнасць і адказнасць за даручаны ўчастак службы. Яны плячом да пляча стаяць у страі з мужчынамі і без усякіх паблажак выконваюць ускладзеныя на іх абвязкі.

Асобныя словы удзячнасці – ветэранам органаў унутраных спраў. Вы дзесяцігоддзямі фарміравалі грамадскую думку аб працы чэрвеньскай міліцыі, унеслі свой важкі ўклад у набыткі, якія мы маем зараз. Гэта стабільная крымінагенная абстаноўка ў раёне, кантралюемая сітуацыя з дарожнай бяспекай, карупцыйнымі праявамі. Дзякуючы вам, нашы людзі сёння могуць спакойна хадзіць па гораду, адпачываць у парках, на пляжы, не баючыся за сваё жыццё, за сваю маёмасць. Пакаленне сённяшніх супрацоўнікаў – гэта высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія перанялі ад вас вельмі сур’ёзны пастулат: “Быць супрацоўнікам міліцыі – быць чалавекам, які ў любую хвіліну можа адклікнуцца на просьбу аб дапамозе”.

Шчыры дзякуй усім супрацоўнікам, ветэранам, членам сем’яў, бацькам, якія вырасцілі годную змену. Мірных вам перамог, дабрабыту! І каб кожнага дома з любоўю чакалі родныя нам людзі…

Знакам удзячнасці за ўнёсак у развіццё раённага аддзела ўнутраных спраў стала запрашэнне на сцэну былых яго начальнікаў: Міхаіла Вядзёркі, які адпрацаваў на гэтай пасадзе дваццаць гадоў, Івана Іванцова і Сяргея Цераша, пры самым непасрэдным удзеле якога аддзел ў 2011 годзе займеў новы сучасны будынак. Аляксей Пратаповіч уручыў ім памятныя падарункі.

Старшыня Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Зубар у сваім прывітальным слове юбілярам з прыемнасцю адзначыў, што мясцовая міліцыя адыгрывае вялікую ролю ў развіцці рэгіёна, падтрыманні стабільнасці, захаванні правапарадку, а Чэрвеньскі РАУС з’яўляецца адным з лепшых у Мінскай вобласці.

— Калі б усе так працавалі, як вы, то наш раён выглядаў бы зусім па іншаму, – сказаў ён.

Высокія паказчыкі працоўнага калектыву аддзела ў аператыўна-службовай дзейнасці адзначаны з нагоды юбілею Ганаровай граматай райвыканкама. Начальнік РАУС Аляксей Пратаповіч заахвочаны грашовай прэміяй, супрацоўнікі Генадзь Корзун і Аляксей Красікаў – Удзячнасцю старшыні райвыканкама, Дзмітрый Касцючэнка і Віктар Бандыка – Удзячным лістом.

Да шматлікіх віншаванняў Чэрвеньскаму РАУС далучылася старшыня Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік. Яна ўручыла Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў ветэрану аддзела Віктару Казачонку і супрацоўніку Уладзіміру Ермаловічу…

Кранальнай песняй “А знаешь, так хочется жить”, якая завяршылася хвілінай маўчання, была прыгадана жалобная старонка гісторыі аддзела. Прысутныя аддалі даніну памяці супрацоўнікам, што загінулі пры выкананні службовых абавязкаў: малодшаму лейтэнанту міліцыі Анатолю Плуцу, малодшым сяржантам міліцыі Сяргею Клачкову і Івану Лучыну…

Важным момантам у працы органаў унутраных спраў з’яўляецца пераемнасць пакаленняў. Адметны міліцэйскімі дынастыямі і калектыў Чэрвеньскага РАУС. Іх таксама ўшанавалі на ўрачыстасці.

Ветэран аддзела Васіль Міхайлавіч Жабурдзёнак праходзіў службу на розных пасадах з 1959 да 1983 года, узнагароджаны медалямі “За бездакорную службу” трох ступеняў, нагрудным знакам “Выдатнік міліцыі”, медалём “50 год савецкай міліцыі”. Яго сын Андрэй – прапаршчык міліцыі, міліцыянер-вадзіцель аператыўна-дзяжурнай службы, мае больш за 20 гадоў міліцэйскага стажу, узнагароджаны медалём “За бездакорную службу” трэцяй ступені.

Віктар Станіслававіч Саўко аддаў службе ў чэрвеньскай міліцыі амаль чвэрць жыцця. Узнагароджаны медалямі “За бездакорную службу” другой і трэцяй ступеняў, нагруднымі знакамі “Выдатнік міліцыі МУС СССР” і “Выдатнік міліцыі”. Яго сын Віталь – маёр міліцыі, участковы інспектар міліцыі. У органах унутараных спраў – больш за 20 гадоў .

Уладзімір Віктаравіч Івашкевіч з 1974 да 2002 года праходзіў службу ў Чэрвеньскім РАУС на пасадах малодшага начальніцкага саставу. Амаль 25 гадоў адпрацаваў інспектарам дарожна-патрульнай службы ДАІ. Яго сын Аляксандр – маёр міліцыі, начальнік Дзяржаўтаінспекцыі, узнагароджаны нагрудным знакам Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь “Выдатнік ДАІ”, служыць у гэтым падраздзяленні на працягу 17 гадоў. Дачка Уладзіміра Івашкевіча, маёр міліцыі Таццяна Шульга – старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі, служыць у органах унутраных спраў з 1999 года. Сын Аляксандра Івашкевіча Дзмітрый – курсант 1 курса факультэта міліцыі Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, марыць звязаць свой лёс са службай у Дзяржаўтаінспекцыі…

Па-дамашняму цёплай, нязмушанай атмасферы свята спрыяў прафесійна пабудаваны сцэнар, у які арганічна ўліліся канцэртныя нумары ў выкананні  ансамбля пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь і яго салістаў Крысціны Язукевіч, Таццяны Галубец, Андрэя Луда, салістаў Цэнтра выхаваўчай работы ўпраўлення ўнутраных спраў Мінаблвыканкама Вольгі Край і Аляксандра Саванца, акардэаніста-віртуёза Дзмітрыя Корсака, беларускіх эстрадных выканаўцаў Яўгена Доліча і Жанэт.

На здымках:

1 2 3 4 5

1 — начальнік РАУС Аляксей Пратаповіч прымае віншаванні ад старшыні райвыканкама Андрэя Зубар.

2 — на сцэне – міліцэйская дынастыя Івашкевічаў.

3 — на юбілеі сабраліся разам былыя і цяперашні начальнікі РАУС.

4 – Дзмітрый Глушкоў уручае медаль “За бездакорную службу” III ступені Алегу Харытановічу.

5 – ветэраны РАУС перад пачаткам урачыстасці.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *