Пінскі тур «Будаўніка»

Спорт

Вечарам пятніцы каманда «Будаўнік» (Чэрвень), створаная на базе аднайменнага калектыву і мінскай «SQ.by-BELFIZA», адматаўшы больш за тры з паловай сотні кіламетраў на мікрааўтобусе, дабралася да Пінска. Тут, у спартыўным комплексе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта, ужо ўсё было гатова да ўрачыстага адкрыцця чацвёртага тура ХХ чэмпіянату Рэспублікі Беларусь па футзале.

Сёлета ў красавіку сталіца беларускага Палесся прыме матчы групавога раунду Чэмпіянату свету па гэтаму віду спорту. Таму тур рэспубліканскіх спаборніцтваў стаў своеасаблівай рэпетыцыяй усіх службаў да гэтай адметнай падзеі, пачынаючы з грунтоўнага дагляду сумак супрацоўнікамі міліцыі, да дублявання па-англійску ўсіх паведамленняў дыктара.

Сама ўрачыстая цырымонія атрымалася даволі змястоўнай: парад каманд, выступленні прадстаўнікоў уладаў горада і федэрацыі футзала, прадстаўленне Кубка Еўропы, які зборная Беларусі заваявала летась, канцэртныя нумары. А затым быў першы матч — паміж «Будаўніком» і гомельскім «БелГУТам».

Нашы пасля доўгай дарогі цяжка ўваходзілі ў гульню. Гамяльчане абралі тактыку «ад абароны», таму «Будаўніку» працяглы час не ўдавалася распячатаць іх вароты. Але на 11-й хвіліне трапны ўдар Аляксандра Тарлікоўскага ўсе ж дасягнуў мэты — 1:0. Ён жа на 7-й хвіліне другога тайма выдатна прабіў штрафны і прынёс нашай камандзе перамогу — 2:0.

Праз гульню «Будаўнік» чакала яшчэ больш складанае выпрабаванне — матч з гаспадарамі пляцоўкі. Пры аглушальнай падтрымцы сваіх балельшчыкаў «Аіст» выйграў першы тайм — 1:0, а адразу ж пасля перапынку замацаваў перавагу — 2:0. Нашы футбалісты здолелі хутка адквітаць адзін мяч: вызначыўся Дзмітрый Чысты. Аднак гэта, на жаль, не прынесла «Будаўніку» пералому ў гульні. Пінчукі забілі нам яшчэ тройчы, а гол Антона Масько на апошняй хвіліне сустрэчы толькі крыху падсаладзіў горыч паражэння — 2:5.

На раніцу «Будаўніку» давялося трымаць экзамен перад лідарам чэмпіянату — «Брэстутарчарметам», які сёлета не прайграў у спаборніцтвах ніводнага матча. Хуткі гол, які ўжо на 5-й хвіліне забіў Дзмітрый Чысты, абнадзеіў нашых. Але не больш таго. Вопытныя і майстравітыя футбалісты з Брэста паступова але ўпэўнена ўзялі ніткі гульні ў свае рукі і ў выніку атрымалі пераканаўчую перамогу — 6:1.

Тым не менш, чацвёрты тур не пагоршыў шанцаў «Будаўніка» на ўваходжанне ў тройку прызёраў чэмпіянату. У гэтым можна пераканацца, зазірнуўшы ў  турнірную табліцу спаборніцтваў.

Ігар АДАМОВІЧ.

Фота аўтара

 

На здымках:

«Будаўнік» падчас цырымоніі ўрачыстага адкрыцця тура; момант матча «Будаўнік» — «Брэстутарчармет».   

 

Вынікі астатніх матчаў тура:

«Брэстутарчармет» — «Бабруйск» — 6:3, «БелГУТ» — «Аіст» — 4:7, «ВРЗ» — «Бабруйск» — 5:2, «Бабруйск» — «БелГУТ» — 5:3, «Аіст» — «ВРЗ» — 1:3, «Брэстутарчармет» — «ВРЗ» — 6:2, «Аіст» — «Бабруйск» — 12:1.

 

Турнірная табліца чэмпіянату пасля трох тураў

Каманда Г В Н П   М А
«Брэстутарчармет»(Брэст) 11 11 0 0 51:10 33
«ВРЗ» (Гомель) 10 7 0 3 29:19 21
«Аіст» (Пінск) 11 5 0 6 45:34 15
«Будаўнік»(Чэрвень) 10 4 1 5 18:27 13
«Бабруйск»(Бабруйск) 11 4 1 6 36:45 13
«БелГУТ»(Гомель) 11 1 0 10 19:53 3


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *