Навагрудак

Общество

Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага

Паселішча Навагрудак ўзнікла тысячу гадоў назад і звестак пра тую яго сівую даўніну няшмат. Вядома, што палітычны і духоўны  росквіт пачынаецца ў 13 стагоддзі. Тады пад пагрозай татара-мангольскага нашэсця  па дамове вялікіх князёў, каб захаваць незалежнасць,  было створана Вялікае Княства Літоўскае, Рускае, Жамойцкае (ВКЛ). Заснавальнік яго — князь Міндоўг. У сярэднявеччы паняцце «Літва» азначала землі паміж сённяшнімі Маладзечна, Мінскам, Навагрудкам і Слонімам, «Рускае» – найперш Полацкая зямля, а  «Жамойць» – абшары цяперашняй Літвы.

Навагрудак стаў першай сталіцай новага Вялікага Княства і рэзідэнцыяй Міндоўга. Каб умацаваць уласную ўладу, ён, язычнік, прыняў хрысціянскую веру сваіх падданых — праваслаўе. Але праз некалькі гадоў палітычная сітуацыя змусіла змяніць веравызнанне, і  князь стаў католікам. Гэты хрост дазволіў яму зблізіцца з заходнім каталіцкім светам. Рымскі папа Інакенцій ІV пачаў асабіста апекаваць Міндоўга. У 1253 годзе ў Навагрудку  князь атрымаў ад рымскага папы каралеўскую карону. Адбылася каранацыя.  Наладзіліся добрыя стасункі з многімі еўрапейскімі дзяржавамі.

Навагрудак на працягу некалькіх стагоддзяў  заставаўся адным з самых значных гарадоў у Вялікім Княстве Літоўскім. Тут, па адной з версій, і быў пахаваны Міндоўг. Яго імем назвалі гару, дзе назаўжды засталіся ляжаць астанкі караля.  Па іншай версіі, назва “Гара Міндоўга”  ўзнікла таму, што тут адбывалася каранацыя, бо, як сказана ў летапісе, каранавалі не ў замку, а каля яго.

У ліпені 1993 года на свяце з нагоды 740-годдзя каранацыі Міндоўга ля падножжа гары быў устаноўлены памятны знак.

Існуе мясцовае рамантычнае паданне, паводле якога калісьці на вяршыні Гары Міндоўга была пахавана пенкная дзяўчына Крысціна, а закаханы ў яе італьянскі скульптар паставіў на магіле мармуровую пліту з цудоўнай выявай прыгажуні.

З канца XVIІ стагоддзя на Гары Міндоўга размяшчаліся могілкі. Найстарэйшы  помнік тут, які захаваўся да нашага часу, датуецца 1820-м годам.

Аб далёкім часе нагадвае яшчэ і Замкавая гара.

На ёй цяпер толькі разваліны калісьці непрыступнага замка.  Да выкарыстання  пораху ў вайну гэтая магутная крэпасць нікому ніколі не скарылася. Так, паводле летапісу, у 1314 годзе атрад крыжакоў асадзіў Навагрудак. Захопнікі спалілі горад, а жыхары зачыніліся ў замку і мужна абараняліся. Марна заканчваліся захопніцкія намеры ворагаў і ў іншыя часы.

Цяпер на Замкавай гары, ля рэштак старажытных муроў, ладзяць рыцарскія турніры і фестываль сярэднявечнай музыкі “Навагрудскі замак”. Тут збіраецца моладзь з рыцарскіх клубаў не толькі Беларусі, але і краін Еўропы, і ў гэтыя дні асабліва адчуваецца атмасфера далёкай мінуўшчыны.

Дарэчы, умацаванні Навагрудскага замка за сваё існаванне прайшлі шлях ад прасцейшага драўлянага абарончага збудавання да магутнейшай шматвежавай мураванай крэпасці. Калі праводзіліся тут археалагічныя раскопкі, былі знойдзены лінія замкавых сцен, рэшткі дзвюх вежаў і фундаменты некаторых будынкаў. Гісторыкі распавядаюць, што на тэрыторыі замка стаяла царква, якую асвяцілі ў гонар Успення Прасвятой Багародзіцы. У ёй у 1415 годзе сабраліся праваслаўныя епіскапы Вялікага Княства Літоўскага і абралі незалежнага ад Масквы мітрапаліта Рыгора Цамблака. У гэтай царкве з ХVI стагоддзя знаходзілася вядомая па здзейсненых цудах ікона Маці Божай Навагрудскай.

Быў на тэрыторыі замка і двухпавярховы каменны  княжацкі палац, які выкарыстоўваўся для ўрачыстых прыёмаў. Любіў у ім гасцяваць князь Вітаўт. Дарэчы, гэта ён, прадаўжальнік  справы па збіранні беларускіх зямель, пабудаваў у Навагрудку велічны мураваны замак, а з усходняга боку Замкавай гары заклаў фарны (прыхадскі) касцёл.

Пабудова касцёла распачалася якраз пасля афiцыйнага хрышчэння Літвы па каталіцкаму абраду. Як выглядаў першы яго будынак, невядома. Ёсць толькі звесткі, што быў ён драўляны і пабудаваны на месцы капішчы язычніцкага бога Перуна.  У гэтым касцёле польскі кароль Уладыслаў Ягайла ў 1422 годзе ўзяў шлюб з юнай  княжной Соф’яй Гальшанскай.

Гатычны храм праіснаваў да 1712 года.  Затым замест яго ўзвялі новы — з двухвежавым фасадам і вялiкай паўкруглай алтарнай канструкцыяй. У 1799 годзе мясцовы святар ахрысціў тут сына Барбары і Мікалая Міцкевічаў, даўшы яму, будучаму славутаму паэту, імя Адам.

Зараз фарны касцёл Перамянення Пана мае выгляд беласценнага храма пад высокім чырвоным дахам. На мемарыяльнай дошцы занатавана: «У гэтай святыні кароль польскі і Вялікі князь Літоўскі Ягайла браў шлюб з беларускай князёўнай Соф’яй Гальшанскай». У касцёле  знаходзiцца цудоўны абраз Мацi Божай Навагрудскай. На ім яна прадстаўлена з дзіцяткам Езусам і жэзлам у правай руцэ. Постаці ўпрыгожваюць сарэбраная сукенка і дзве сарэбраныя кароны. Знаўцы кажуць, што абраз адносіцца да першай паловы 18 стагоддзя, а папярэдні згарэў падчас пажару ў Навагрудку.

Сцвярджаюць, што Найсвяцейшая Пані здзейсніла цудоўнае выратаванне  Адама Мiцкевiча.  Аднойчы маленькі Адам выпаў з акна і страціў прытомнасць. Ён моцна ўдарыўся і ўжо ніхто не верыў, што дзіця застанецца жыць. Напалоханая, Барбара з амаль нежывым сынам на руках пабегла маліцца да цудадзейнага абраза. Мацi Божая была яе апошняй надзеяй…  І сталася так, што хлопчык апрытомнеў.

Да Мацi Божай звярталіся і сёстры  Навагрудскай манаскай абшчыны каталіцкага ордэна “Свяцейшай Сям’і з Назарэта” ў 1943 годзе падчас акупацыі горада. Яны маліліся, каб дазволіла ім пайсці на смерць замест арыштаваных гітлераўцамi  заложнiкаў. Яны прасілі: «Калi патрэбна аддаць у ахвяру жыццё, няхай лепш расстраляюць нас, чым тых, што маюць сям’ю». Выйшла так, як было пажадана. Фашысты спачатку не пагаджаліся на замену мужчын веруючымі жанчынамі, але потым адправілі ахвярніц у турму, вывезлі за горад і на досвітку першага жніўня расстралялі. Праз некалькі дзён пасля іх смерці мужчын адпусцілі дамоў.  У гэтай трагедыі ўцалела адна сястра-назарэтанка — Малгажата Банась.  У час арышту яна працавала ў бальніцы. Пазней Малгажата адшукала месца расстрэлу. Целы законніц былі перанесены ў касцёл і перазахаваны.

Зараз у святыні ў спецыяльным саркафагу захоўваюцца мошчы гэтых адзінаццаці сясцёр-мучаніц. 5 сакавіка 2000 года ў Рыме Ян Павел II залічыў іх у лік благаславёных за духоўны і грамадзянскі подзвіг. “Благаславёны” азначае шчаслівы, святы. Папа назваў іх заступніцамі сем’яў.

Манаская абшчына сясцёр-назарэтанак актыўна дзейнічае ў Навагрудку і сённяшнім часам.

Навагрудская зямля дала свету шмат вялікіх людзей, сярод якіх класік літаратуры

Адам Міцкевіч.

Дакладнае месца нараджэння  паэта  канчаткова  не высветлена, але часцей называюць вёску Завоссе. Там дванаццаць гадоў  таму адкрыўся музей-сядзіба Міцкевіча. А ў Навагрудку на месцы, дзе калісьці стаяла бацькоўская хата, створаны Дом-музей Адама Міцкевіча. Ён уяўляе сабой шляхецкую сядзібу:  дом, флігель, свіран, альтанка, калодзеж.  Усяго тут музейных экспанатаў каля васьмі тысяч. А сама экспазіцыя размешчана ў пяці  пакоях і выставачнай галерэі. Першы пакой прысвечаны сям”і Міцкевічаў. Як вядома, радавод Міцкевічаў бярэ пачатак з XVIII стагоддзя, калі прадзед пісьменніка са сваёю сям’ёю пакінуў Лідскі павет і асеў на Навагрудчыне, дзе купіў невялікі фальварак. Для агляду выстаўлены  дакументы, партрэты бацькоў, братоў, падручнікі тых часоў, сярод якіх ёсць падручнік па матэматыцы 1772 года.

Наступны пакой распавядае пра бацьку паэта і яго адвакацкую практыку. Праца адвакатам давала мажлівасць забяспечыць даволі высокі ўзровень жыцця сям’і. У экспазіцыі знаходзяцца судовыя пратаколы, юрыдычная літаратура і кнігі, выдадзеныя да 1812 года, “Біблія” на французскай мове 1775 года выдання. Асобны раздзел прысвечаны паўстанню  1794 года пад кіраўніцтвам славутага генерала Тадэвуша Касцюшкі. Бацька, Мікалай Міцкевіч, быў жывым сведкам тых падзей і шмат цікавага пра іх расказваў свайму сыну. Напрыканцы  жыцця вялікі паэт, дакладна вывучыўшы гістарычныя падзеі і факты, напісаў у гонар Касцюшкі і гераічных паўстанцаў знакамітую паэму «Пан Тадэвуш».

У трэцім пакоі музея экспануюцца мэбля 19 стагоддзя, посуд, гадзіннік Адама Міцкевіча, матэрыялы, якія даюць уяўленне аб вучобе  ў Віленскім універсітэце і пачатку творчасці таленавітага земляка. Адам Міцкевіч пакінуў Навагрудчыну ва ўзросце 24 гадоў. Падчас вучобы ў Вільні ён быў адным з ініцыятараў стварэння тайнага студэнцкага Таварыства Філаматаў  — «тых, хто імкнецца да ведаў». Калі ўлады даведаліся пра  дзейнасць гэтага згуртавання, пачаліся арышты. Схапілі і Міцкевіча. На той час ён быў ужо вядомым паэтам, аўтарам зборніка паэзіі «Балады і рамансы», пралога да паэмы «Дзяды» і паэмы «Гражына». Прысуд маладым патрыётам вынеслі суровы: большасць з іх, у тым ліку і Адама Міцкевіча, адправілі ў аддаленыя губерніі Расіі. Тады Адам яшчэ не ведаў, што развітваўся з Літвою назаўсёды, што застанецца выгнаннікам да канца сваіх дзён.  Але куды б не закідваў яго жыццёвы лёс, душа паэта заставалася на любімай Навагрудчыне. Успаміны пра родны край сагравалі сэрца, давалі яму сілы і натхненне для творчасці.

Чацвёрты пакой музея якраз і прысвечаны знаходжанню Міцкевіча ў Расіі, а пяты — у Нямеччыне, Швейцарыі, Італіі, Францыі… У Парыжы Міцкевіч працаваў выкладчыкам у славутым каледжы дэ Франс і чытаў лекцыі па славянскай літаратуры, з гонарам распавядаў пра родны край і яго таленавітых людзей, пра беларускі фальклор. У сталіцы Францыі Адам Міцкевіч ажаніўся з Цалінай Шыманоўскай, з якой бачыўся яшчэ ў Расіі. У іх нарадзіліся дзеці — чатыры сыны і дзве дачушкі.  Мужны змагар за волю і дэмакратыю, паэт у якасці пасланніка ад французскага міністэрства асветы патрапіў у Турцыю. Там ён разгарнуў актыўную дзейнасць па падтрымцы польскіх патрыётаў і раптоўна памёр. Па афіцыйнай версіі — ад халеры, але існавала меркаванне, што быў атручаны. Цела паэта забралі ў Парыж, а праз 35 гадоў палякі перавезлі прах паэта ў Кракаў у кафэдральны сабор каралеўскага палаца Вавель побач з Тадэвушам Касцюшкам.

У музейных пакоях у Навагрудку можна ўбачыць партрэты жонкі і тых жанчын, якія ўплывалі на лёс паэта, дзяцей Адама Міцкевіча, матэрыялы пра апошнія дні яго жыцця. Захоўваецца бронзавая мадэль помніка Міцкевічу ў Парыжы і многае іншае.

Патрыёт Айчыны, пясняр беларускай зямлі, Адам Міцкевіч пакінуў нашчадкам запавет захоўваць любоў і вернасць да краю, у якім нарадзіўся і ўзрос.

 

 

Эма МІКУЛЬСКАЯ.

Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *