ВАНДРОЎКА Ў ПЕРШЫ ДЗЕНЬ ЛЕТА…

Общество

Сёлета ў Міжнародны дзень абароны дзяцей вучні-пачаткоўцы Лядзенскай школы, якія жывуць у Горках, вырашылі выправіцца ў паход па маршруце «Горкі-Шарэўка» (лясны масіў, які знаходзіцца за вёскай). Не адны, вядома ж, а з нашымі настаўніцамі — Галінай Аляксандраўнай Ворнік і Людмілай Міхайлаўнай Соніч. Вандроўку распачалі з самага ранку, бо ў гэты дзень абяцалі вялікую спёку. І як толькі рушылі, пачалося незвычайнае…
Найперш нас сустрэў… хор жабак, якія пасяліліся амаль што пры самай дарозе. Калі мы пачулі іх спевы, дык літаральна параскрывалі раты! А пасля падкраліся бліжэй, каб паслухаць спявачак і паглядзець на іх. Кіравала хорам вялікая жабка. А ўсё астатнія ёй падпявалі. Зачараваўшыся выступленнем, мы дружна запляскалі ў ладкі. Але жабкі спужаліся, скочылі ў ваду і зніклі…
Як толькі адышліся ад таго месца, убачылі, што насустрач ляціць «верталёт» — страказа. Мы ёй памахалі рукамі і накіраваліся далей. Наперадзе нас чакала невялікая палянка дзьмухаўцоў, дзе ўсе з задавальненнем пафатаграфаваліся на іх фоне. Асабліва прыгожа атрымаліся дзяўчаты… А да Толі прычапілася пчала! Ён усё крычаў ёй: «Адыдзі!» Чаму менавіта да яго? Аказалася, у рукзаку знаходзіўся салодкі кампот! Як толькі мы завярнулі ў лес, наляцела хмара камароў! Яны думалі нас напужаць… Але Ваня разгарнуў уласную палатку, мы яе хуценька паставілі і ўсе схаваліся. За камарамі назіралі праз акенца і абмяркоўвалі: чаму яны да нас прычапіліся? Відаць, таму, што аказаліся «смачнымі»…
Але вось і камары некуды дзеліся. Мы выбраліся з палаткі і пачалі аглядаць мясцовасць. Прыгадалі правілы паводзінаў на прыродзе. З усімі перасцярогамі абкапалі месца для вогнішча і расклалі невялікі агеньчык. На ім смажылі сала, сасіскі, смакавалі тое, што клапатлівыя мамы палажылі нам у рукзачкі. А пасля распачалі гульню «Знайдзі цікавае». Дашкольніца Палінка адшукала якісьці грыбок белага колеру. Мы яго не чапалі. Каліна, Толя і Мілана паднялі з долу раскрытыя пушыстыя яловыя шышкі, падобныя да півоняў. Даніла ў гэты час назбіраў шышак і зрабіў вялікага вожыка. Толя з Сашам і Ваня ўбачылі маленькі мурашнічак. Пастаялі, падумалі, а пасля абгарадзілі яго галінкамі… Яшчэ мы бегалі, скакалі, фатаграфаваліся… Усё прыбралі за сабой… Дахаты ішлі нашмат павольней, абменьваючыся ўражаннямі…

Саша НЕЖАНКОЎСКІ  і ўсе ўдзельнікі паходу



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *