ЯШЧЭ АДЗІН ХРАМ БУДУЮЦЬ НА ЧЭРВЕНЬШЧЫНЕ

Общество

Падмурак і бярвенні зруба драўлянай праваслаўнай царквы ў гонар прападобнага Амфілохія Пачаеўскага асвечаны ў сераду на тэрыторыі Чэрвеньскага дома-інтэрната для псіханеўралагічных хворых. Абрад асвячэння правёў епіскап Барысаўскі Веніямін, вікарый Мінскай епархіі пры ўдзеле святароў чэрвеньскай і смілавіцкай цэркваў айца Аляксандра і айца Валяр’яна.


Звяртаючыся да насельнікаў і абслугоўваючага персаналу дома-інтэрната, епіскап Веніямін сказаў:
— Мы закладваем гэтую царкву, каб тут прысутнічала Боская ласка, каб яна дапамагала ўсім, хто тут жыве. Каб больш было радасці і ўзаемаразумення, цярплівасці і любові. Бо ўсё гэта даецца ад Бога.
Сёння мы ўзгадваем прападобнага Амфілохія Пачаеўскага. Ён жыў і служыў у сярэдзіне мінулага стагоддзя ў Пачаеўскай лаўры. Гэты манастыр ніколі не зачыняўся і многія насельнікі заззялі ў ім сваёй святасцю. У цяжкія для царквы 60-я гады, калі вернікаў хацелі пазбавіць манастыра, праследавалі яго святароў і манахаў, прападобнага Амфілохія абылгалі і змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу. Там ён тварыў малітву, і людзі, якія знаходзіліся ў бальніцы, адчувалі сябе лепей. Нават урачы звярталіся да Амфілохія па дапамогу, калі не маглі даць рады хворым.


І тут, дасць Бог, будзе пабудаваны храм. І мы спадзяёмся, што малітвамі ўгодніка Божага людзі будуць атрымліваць дапамогу, падтрымку, вылечванне і ўсё, што неабходна для нашага выратавання. А тым, хто тут працуе, Гасподзь несумненна будзе аказваць дапамогу па малітвах угодніка Божага…
Пасля асвячэння падмурка будучай царквы святары ўзнеслі першую малітву прападобнаму Амфілохію Пачаеўскаму, уславілі яго царкоўнымі спевамі.

Вось, што распавёў пра ідэю будаўніцтва храма і яе ўвасабленне ў жыццё дырэктар дома-інтэрната Уладзімір Семіжон:
— Напачатку мы хацелі паставіць хаця б крыж ля ўвахода на тэрыторыю, улічваючы, што ў нас шмат хворых, многія іх сваякі і нашы работнікі веруючыя. Але паступова гэтая ідэя пераўвасобілася ў магчымасць пабудаваць царкву. Спрычынілся да гэтай святой справы ўсе, хто мог. Прадпрымальнік Валерый Белакапытаў хутка зрабіў зруб. Дапамаглі многія сельгасарганізацыі. У прыватнасці, СВФ «Аграбуд» ААТ «Мінскжалезабетон» даў раствор. Каменне для фундамента збіралі на палетках раёна…

Уладзімір Семіжон выказаў спадзяванне, што ўжо сёлета царква ў гонар прападобнага Амфілохія Пачаеўскага прыме вернікаў. Паводле яго слоў, дзверы храма будуць адчынены не толькі для насельнікаў і работнікаў дома-інтэрната, але і для жыхароў навакольных вёсак.

Ігар АДАМОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *