Уся зала iм падпявала…

Общество

Адметны канцэрт зладзілі для жыхароў вёскі Грабянец напярэдадні 9 Мая чатыры цудоўныя жанчыны і адна маленькая артыстка, вучаніца трэцяга класа мясцовай школы, у памяшканні бібліятэкі-клуба.

Прысутныя не маглі стрымаць слёз падчас душэўнага выканання песень часоў Вялікай Айчыннай вайны бібліятэкарам Майзароўскай сельскай бібліятэкі Зінаідай Дзмітровіч. Вельмі краналі песні, асабліва — ад імя жанчыны-маці, якая чакае з фронту свайго мужа, шчыра верыць у Перамогу. У выкананні бібліятэкара Грабянецкай бібліятэкі-клуба Святланы Пархамовіч, па ініцыятыве якой было арганізавана гэтае мерапрыемства, гучалі песні 40-50-х гадоў, творы сучасных беларускіх кампазітараў. А калі выходзіла на сцэну выхавальніца мясцовага дзіцячага садка Ганна Пархомчык, зала з задавальненнем падпявала ёй, выконваючы вясёлыя, заліхвацкія песні часоў Вялікай Айчыннай. З вялікім замілаваннем слухалі прысутныя дзіцячыя песні ў выкананні самай маленькай артысткі — Марыны Гурынай. Вялікі дзякуй усім ім, а таксама кіраўніку гэтага маленькага, але зладжанага калектыву — акампаніятару Галіне Пракапенка.

Доўга не адпускалі гледачы самадзейных артыстаў. Пасля прадстаўленай імі праграмы пачаўся самы сапраўдны канцэрт па заяўках, калі спявалі любімыя песні ўсе разам. Дарэчы, Зінаіда Дзмітровіч прадэманстравала яшчэ і адметны талент апавядальніка. Дружным смехам сустракалі гледачы яе гумарэскі, байкі, прасілі чытаць яшчэ і яшчэ…

Гэты канцэрт даў усім нам зарад бадзёрасці , падараваў добры настрой напярэдадні свята Вялікай Перамогі.

Ад імя жыхароў в.Грабянец — Галіна МІЦКЕВІЧ,

пенсіянерка, колішняя настаўніца беларускай мовы і літаратуры



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *