Іх спадчына мае непасрэднае дачыненне да Смілавіч

Люди и судьбы

Вось ўжо 20 год, як Смілавічы сталі маёй другой радзімай — з прычыны аварыі на ЧАЭС мы з сям’ёй мусілі пераехаць з Хойнікаў. Выкладаючы гісторыю ў школе №2 гарадскога паселка Смілавічы, зацікавіўся лёсам знакамітых людзей, жыццёвы і творчы лёс якіх быў звязаны з гэтым гарадскім пасёлкам. Гэты артыкул — вынік маіх пошукаў.

Станіслаў Манюшка

А тое народнае, мясцовае,

што з’яўляецца рэхам нашых

дзіцячых успамінаў, зямлі, на

якой нарадзіліся і выраслі,

ніколі не перастане падабацца.

С.Манюшка

Гісторыя Смілавіч і наваколля цесна звязана з імем Станіслава Манюшкі — кампазітара, дырыжора, стваральніка польскай нацыянальнай оперы, які меў дачыненні і да станаўлення беларускай культуры. Смілавічы — таксама радзіма выдатнага мастака Хаіма Суціна.

Станіслаў Манюшка напісаў музыку да «Сялянкі» В.Дуніна-Марцінкевіча, і ў сувязі з гэтай падзеяй прысутнічае ва ўсіх беларускіх даследаваннях, прысвечаных літаратуры, тэатру, музыцы сярэдзіны ХІХ стагоддзя. Шырокай вядомасці «Сялянка» яму не прынесла, нават музыка да яе захавалася часткова. Папулярнасць ён атрымаў раней, у 1848 годзе, дзякуючы оперы «Галька». Яшчэ адна шырока вядомая опера — «Страшны двор» была напісана ў 1865 годзе, а наогул Манюшка стварыў 20 опер і аперэт, тры балеты, пяць месаў, два рэквіемы і болей за 300 песень, у тым ліку і «Паходную песню літвінаў» на словы паэта Уладзіміра Сыракомлі.

Нарадзіўся Станіслаў Манюшка за 10 верст ад Смілавічаў 5 мая 1819 года ў фальварку Убель, які належаў ягонаму бацьку. Мы ведаем, як выглядала гэтае сямейнае гняздо будучага кампазітара дзякуючы гравюры Напалеона Орды. Дом драўляны, аднапавярховы, з мансардай, гонтавым  дахам. Гэта, канешне, не вясковая хата, але зусім не палац. Недалёка ад дома стаяла па модзе таго часу капліца. Дом згарэў у час вайны, капліца знікла яшчэ раней, і  мясціна, дзе была сядзіба з панскім домам і гаспадарчымі пабудовамі, куды прыязджалі госці, дзе гучалі першыя творы Манюшкі зарасла лесам і акружана паркам санаторыя «Волма». Растуць сосны і ёлкі на месцы парку, што быў перад сядзібай, зарос кустоўем прыгожы луг перад Волмай. Калі б не быў на месцы вядомай калісьці сядзібы пастаўлены памятны знак, ніхто сёння не  здолеў адшукаць месца, дзе вырас прызначаны служыць музыцы Стась Манюшка. Зараз нават уявіць цяжка, што тут, на беразе Волмы, збіралася часам уся вялікая сям’я Манюшкаў і слухала «Пана Тадэуша», якога чытаў з тайна дасланага парыжскага выдання родны дзядзька Станіслава Казімір. Бацька кампазітара, Чэслаў Манюшка, няблага маляваў, уладкаваў у мансардзе майстэрню, дзе разам са сваяком, слынным мастаком Валентам Ваньковічам, бавіў час за мальбертам.

Маці Станіслава мела выдатны голас, добра музыцыравала і заахвоціла сына да музыкі. Тут, ва ўжо страчанай Убелі, на жаль, можна зразумець, як бясследна могуць знікаць усе знешнія прыкметы цывілізацыі і культуры. Быццам і не жыў на гэтым месцы ніхто да таго часу, як збудавалі тут санаторый «Волма»  А некалі, як ведаем з успамінаў кампазітара, чуў ён тут таямнічую музыку званоў смілавіцкага касцела, хадзіў туды паслухаць спевы хору ва ўніяцкай царкве. І гэтыя мясцовыя сялянскія напевы і танцы, журчанне рэчкі, шэпат асакі, і загадкавы шум леса адлюстраваліся ў «Гальцы», надаўшы ёй бессмяротную прыватнасць.

У Смілавічах малы музыка любіў гасцяваць, бо яны належалі ягонаму дзеду, таксама Станіславу Манюшку. Бязумоўна, што з усіх Манюшкаў менавіта стары Стась быў найбольш моцнай асобай — ён здолеў узняць заняпалы род з беднасці, стварыў умовы, пры якіх спраўдзілі свае таленты ягоныя шэсць сыноў і чатыры дачкі.

Было гэта так. У апошнюю чвэрць ХVІІ стагоддзя дзед Станіслава Манюшкі стаў арандатарам Смілавіцкага графства, якое належала вялікаму гетману літоўскаму Міхаілу Казіміру Агінскаму, дарэчы, вядомаму кампазітару, аўтару шматлікіх паланэзаў. У Смілавічах на тым месцы, дзе стаіць зараз палац, стаяў тады пабудаваны Агінскім замак з бастыёнам, ровам і валамі. Бяздумнае жыццё Міхаіла Казіміра Агінскага прывяло да таго, што яго пазыкі і даўгі выраслі да астранамічнай сумы ў некалькі мільёнаў златых. Ягоныя смілавічскія арандатары, маладыя учэпістыя да грошай Манюшка і яго прыяцель Ашторп, выплочваючы гаспадару дамоўленую рэнту, скалацілі сабе на арандаваных гаспадарках такі капітал, што змаглі крэдытаваць Агінскага, і ў выніку ён саступіў ім за даўгі Смілавічы, Дукору, Убель і яшчэ мноства малых маёнткаў. Смілавічы з наваколлем засталіся Станіславу. З цягам часу тут рассялілася вялікае сямейства Манюшкаў. Дарэчы, і мураваны смілавіцкі касцел пабудавалі Агінскія і вялі ў ім свае пахаванні, а потым тут хавалі і Манюшак.

Падрыхтаваў Мікалай Ільіч Барысенка,

выкладчык гісторыі, былы дырэктар СШ №2 г.п. Смілавічы

(Працяг будзе)



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *