Мікрараён Барыкіна: учора, сёння, заўтра

Общество

Сёлета ва УП «Чэрвеньская ЖКГ» — вялікія планы па навядзенню парадку ў горадзе. У тым ліку — і ў мікрараёне Барыкіна. У прыватнасці — на тэрыторыі паміж дамамі №№ 99, 101, 103, 97. Выгляд гэтага ўмоўнага двара плануецца змяніць, і даволі істотна. А першыя крокі работнікі камунгаса зрабілі ўжо ў красавіку, у тым ліку — і падчас рэспубліканскага суботніка.

У адзін з дзён тут паспілоўвалі большасць кустоў і нізкарослых дрэў. Ахвярамі бензапілы сталі і расліны, пасаджаныя самімі  жыхарамі. «Мо, дзесьці і перагнулі палку», — давялося затым пачуць ад дырэктара УП «Чэрвеньская ЖКГ» Ігара Навіцкага. Аднак дарагія сэрцу і прыемныя зроку расліны назад ужо не вернеш… Пасля іх засталіся высакаватыя і даволі вострыя пянькі. Што, канешне ж, стварае небяспеку. Асабліва для гарэзлівых дзяцей, якія падчас гульні любяць падаць… І з гэтым Ігар Эдуардавіч пагадзіўся — трэба выкарчоўваць…

Падчас рэспубліканскага суботніка шмат работнікаў камунгаса ўзяліся за ачыстку тэрыторыі вакол трансфарматарнай падстанцыі (выбачэнне энергетыкам, калі назвала недакладна). Чаго там толькі ні было! Скарыстоўваючы зараснікі, некаторыя нядобрасумленныя жыхары навакольных дамоў шпурлялі туды бытавое смецце ў разарваных пакетах. Яго яшчэ больш разрывалі-раскідалі бадзяжныя каты і сабакі. Дадайце да гэтага пабітае шкло і разнастайнае жалеззе — і атрымаецца поўная карціна тамтэйшай занядбанасці.

Шчыравалі там работнікі камунгаса ці не больш за паўдня. Таксама зразалі дрэвы і кустоўе, зносілі галіны, зграбалі смецце, падмяталі… У рэшце рэшт, той прагалак цяпер чысты і светлы. «Ці надоўга?» — турбуюцца ўладальнікі гаспадарчых пабудоў, што знаходзяцца побач…

Адначасова ля згаданых шматпавярховак замест старых, часам і добра разваленых лавак устанаўлівалі файныя новыя — на металічнай аснове. І хаця хтосьці з жыхароў пасля незадаволена вурчаў, — маўляў, нізкія, — але і выгляд іх, і зручнасць ацанілі многія. Гэтыя лаўкі сталіся яркімі кропкамі ў пуставатым пакуль без зеляніны наваколлі…

Вядома, ніхто не супраць такіх станоўчых перамен. Наадварот! Але вось наступныя задумкі Чэрвеньскай ЖКГ закранулі многіх і многіх жыхароў шматпавярховак. Градкі… Здаецца, гэтым сказана ўсё. Няхай сабе і невялікія лапікі зямлі, але з іх сапраўды кормяцца цэлыя сем’і. Прынамсі, тых агуркоў, што раслі на дзвюх нашых невялікіх градках, хапала і на штодзённыя свежыя салаты, і на нарыхтоўкі на зіму, і на пачастунак тым, у каго яны не параслі… Не кажучы ўжо пра тую ж зялёную цыбулю, кілаграм якой у краме зараз каштуе… 30 тысяч рублёў.

… Хаця я ў час засялення і была малая, але цудоўна памятаю, як выглядала тады тэрыторыя вакол нашага дома № 97. Горы будаўнічага друзу — рэшткі цэглы, цэменту, шкла і г.д. Плюс быльнік. Ды і зямля, што датуль пуставала, зусім неўрадлівая была. Людзі ўсё прыбралі. Распрацавалі, ўгнаілі, засеялі. І, можа, не адразу, але зямля сапраўды пачала аддзячваць за клопат. На штогадовыя суботнікі ўвесну тады выходзілі ўсе — ад малых да старых. Дружна грэблі, падмяталі, наводзілі чысціню вакол шматпавярхоўкі…

Добра памятаю градкі воддаль дома, якія хтосьці вымераў і пазначыў калкамі. Аднолькавыя акуратныя надзелы. Іх выдзелілі жыхарам дома № 97. Вось толькі цяпер не скажу, хто. Але размечаны яны былі ў адпаведнасці з нумарамі кватэр. Гэтак жа, як і падвальныя памяшканні.

Праіснавалі градкі некалькі гадоў. Затым на месцы некаторых паўстаў… калі правільна запомніла, пажарны рэзервуар. Карацей, вялікі насып, які хутка зарос травой, а затым і дрэўцамі. Іх спілавалі сёлета ў красавіку. А некалькі гадоў таму зааралі і засеялі травою астатнія градкі. Мяркуемы газон зарастаў хутка. Касілі яго рэдка. А зараз праз яго пралягае сцежка і цэлая стыхійная дарога для машын. Абсталяванай аўтастаянкі там няма таксама.

Для жыхароў дома № 97 «святлом у акне» засталіся градкі з боку шматпавярхоўкі і за ёй. Таму калі сёлета ўвесну ля пад’ездаў з’явіліся аб’явы камунгаса — пад пагрозай штрафу іх не засяваць, — народ узварухнуўся. Гэтак жа, як і жыхары дамоў №№ 99 і 101. А што датычыцца № 103, то градкі за ім зааралі і засеялі травой яшчэ раней.

Сваім пунктам гледжання па добраўпарадкаванню тэрыторыі і планамі падзяліўся падчас рэспубліканскага суботніка дырэктар УП «Чэрвеньская ЖКГ» Ігар Навіцкі:

— Наша абласное ўпраўленне патрабуе навядзення парадку і на дваровых тэрыторыях. Таму мы вырашылі пачаць найперш з Барыкіна — з тэрыторыі паміж дамамі №№ 99, 101, 103, 97. Запрашаем з абласнога ўпраўлення дызайнераў, каб яны дапамаглі ўсё спланаваць. Канешне, не штосьці там звышнатуральнае… З выкарыстаннем тых асаблівасцяў, якія ўжо ёсць. Каб было прыгожа і добра, так, як належыць. Машыны на зялёнай зоне стаяць не павінны. Таму, зразумела, дзесьці тут трэба абсталёўваць аўтастаянку. Над гэтым таксама трэба думаць. Тэрыторыя вакол дамоў належыць ЖКГ. І нягледзячы на наяўнасць градак, мы будзем настойваць на вызваленні ад іх як мінімум 5-метровай зоны — для праезду ў выпадку неабходнасці спецтэхнікі…

Зрэшты, удакладненне пра 5-метровую зону было зроблена крыху пазней — падчас агульнага сходу жыхароў згаданых дамоў. На ім прысутнічаў не толькі дырэктар камунгаса Ігар Навіцкі, але і іншыя адказныя асобы — старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік, галоўны санітарны ўрач раёна Мікалай Лойка, начальнік аддзела ЖКГ райвыканкама Алена Новікава, начальнік аддзела будаўніцтва і архітэктуры Уладзімір Ніціеўскі…

Размова атрымалася эмацыянальнай. Асобных адказных асобаў запрашалі агледзець тэрыторыю, каб вырашыць на месцы, ці ёсць магчымасць пакінуць людзям градкі хаця б часткова…

Тлумачыць старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік:

— Увогуле, градак у горадзе быць не павінна. Але ўсё ж мы ідзём людзям насустрач. Бо шмат у каго насамрэч няма больш нідзе зямлі, а зеляніну мець хочацца. Напачатку камунгас настойваў на поўным заворванні градак. Але мы прыслухоўваемся і да просьбаў людзей. Цяпер размова ідзе пра вольную пяціметровую зону вакол шматпавярховак — для праезду ў выпадку неабходнасці спецтэхнікі. Там  не павінна быць ніякіх цяпліц, кустоў, дрэў… І калі яна будзе засеяна, а машынам спатрэбіцца праехаць… Давядзецца ехаць па пасадках. Што датычыцца астатніх градак, то дамова такая: поўны парадак на працягу ўсяго сезону. Своечасовыя засяванне, уборка, праполка…  Калі за гэты час выявіцца хаця б адна незасеяная градка альбо зараснікі, смецце, то ўся тэрыторыя, на якой знаходзяцца грады, будзе заарана… Пакуль вырашаем вось так… А далей — згодна праекта УП «Чэрвеньская ЖКГ»…

Відавочна, што жыхарам шматпавярховак цяпер трэба больш старанна і адказна ставіцца да захавання парадку на прылеглай тэрыторыі. І зноўку ўспомніць, што такое суботнікі, на якія выходзяць усе — ад малых да старых. Ну, і яшчэ прыгадаць элементарнае: чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць…

Святлана АДАМОВІЧ.  Фота аўтара



1 комментарий по теме “Мікрараён Барыкіна: учора, сёння, заўтра

  1. Был во многих городах Беларуси, в том числе и в маленьких райцентрах. Нигде грядок во дворах многоэтажек нету. Сейчас свободно дают землю для сельскохозяйственных нужд за городом всем желающим. Не дело это, город должен выглядеть городом, а не фермой. А то есть желающие и курей-свиней держать в сарайчиках возле дома.

    Насчёт стоянки — да нужна. Но «автолюбителям» тоже нужно иметь совесть. Раскатали зеленую зону дорогами, на танковый полигон стала похожа. А после вырубания деревьев и кустов вообще им раздолье — ставят авто куда угодно.

    За трансформаторной подстанцией заросли убрали — замечательно. Но что мы теперь там видим вместо кустов? Правильно, грядки! Там бы асфальтовую дорожку сделать напрямую до улицы Барыкина, вдоль забора детского сада. Сколько уже лет люди ходят между грядками и сарайчиками по грязи.

    Эх, жаль что за криком бабулек с колхозно-совковым менталитетом не слышно мнение молодёжи, которая хочет жить не среди навоза, а в современном городе.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *