Тут па-гаспадарску дбаюць пра веснавую сяўбу

Аграрный сектор

Неўзабаве ў земляробаў наступіць тая гарачая пара,  пра якую кажуць: адзін дзень год корміць. Ад таго, наколькі  якасна сумеюць падрыхтавацца яны да пасяўной і зладжана правесці яе,  у многім залежыць будучы ўраджай.

А тэрміны прыспешваюць. Спецыялісты раяць пачынаць работу ў полі, як толькі верхні слой глебы прагрэецца да плюс пяці градусаў. Канешне, нельга марудзіць, каб паспець захапіць вільгаць у глебе.  Пра тое, як падрыхтаваліся да веснавой сяўбы ў ААТ “Валевачы”, распавядае  дырэктар гаспадаркі Пётр МАЛАХАЎ:

Пад ураджай сёлетняга года мы плануем пасеяць 1170 гектараў ранніх зерневых, 900 — кукурузы (з іх 150 гектараў на зерне), 470 гектараў аднагадовых траў. Насеннем мы забяспечаны поўнасцю. Закуплена 40 тон эліты ячменю і яравой пшаніцы. На 65 працэнтаў забяспечаны мінеральнымі ўгнаеннямі, а да пачатку палявых работ  набудзем і астатнюю колькасць. Спраўляемся з планам вывазкі арганікі. Пры плане 32 тысячы тоны ўжо ўнесена яе 35 тысяч.  Тэхніка падрыхтавана на 100 працэнтаў. У поле выйдуць 20 трактароў. З іх чатыры — энерганасычаныя. Для правядзення сяўбы ў гаспадарцы створаны комплексны тэхналагічны атрад. Распрацаваны аплата працы, умовы спаборніцтва. Ёсць нормы выпрацоўкі і заданні для механізатараў на ўвесь светлавы дзень. Вынікі работы будзем падводзіць штодзённа з налічэннем заработнай платы і адлюстраваннем на экране спаборніцтва.  Рабочы дзень у нас пачаўся ўжо з шасці гадзін раніцы.  Прадумана таксама арганізацыя гарачага харчавання людзей — два разы на дзень.

Словам, у гаспадарцы робіцца ўсё магчымае, каб у аптымальныя тэрміны справіцца з пастаўленай задачай. У прыватнасці,  плануем правесці закрыццё вільгаці за 12 каляндарных дзён, падкарміць 1500 гектараў азімых за 7 дзён, пасеяць яравыя зерневыя і зернебабовыя за 12-14 каляндарных дзён…

Цяпер у нас праводзяцца работы па ўнясенню хлорыстага калію. У прыватнасці, гэтым займаецца механізатар Іван Савічаў (на здымку).  Ён унёс ужо ўгнаенні на плошчы ў 600 гектараў.

 У пасяўную дробязяў не існуе. Бо дзень прамаруджвання вясной можа абярнуцца значнай затрымкай на ўборцы. Наколькі трывалы падмурак будучаму ўраджаю створаць у ААТ “Валевачы”, пакажуць вынікі жніва.

Эма МІКУЛЬСКАЯ.
Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *