У «Райаграсэрвiсе» завяршаюць рамонт тэхнiкi

Общество

Пад веснавую сяўбу у ААТ «Райаграсэрвіс» адведзена сёлета 1843 гектары. З іх 700 складзе клін ранніх яравых.

 Зямля марудлівых не любіць, і з сяўбой той жа ярыны  справіцца тут мяркуюць дзён за дзесяць-дванаццаць. У вясенніх палявых работах будзе задзейнічана 19 трактараў і 21 глебаапрацоўчы агрэгат. Ад таго, наколькі якасна падрыхтавана сельскагаспадарчая тэхніка, у многім, залежыць і поспех хлебаробаў.

Начальнік мехатрада ААТ «Райаграсэрвіс» Уладзімір МАЖУТКА адзначае:

— На сённяшні дзень амаль 80 працэнтаў тэхнікі, прызначанай для правядзення пасяўной, у нас гатова. Кожны механізатар ведае сваю работу, за кожным замацаваны пэўны агрэгат. Акрамя таго, ёсць брыгада слесараў. Вось зараз пераабсталёўваем сеялку «эспэушку». З двух спісаных звычайных прычапных сеялак узялі брусы, уварылі, адтуль жа пераставілі сашнякі. Летась так адну сеялку пераабсталявалі, і яна вельмі добра сябе паказала на полі. На сённяшні дзень у нас поўнасцю адрамантаваны раскідвальнікі арганічных і цвёрдых мінеральных  угнаенняў, спраўныя і абодва імпартныя апырсквальнікі. Даведзены да ладу ўсе плугі. Што тычыцца іншай глебаапрацоўчай тэхнікі, то і яе рамонт амаль што закончаны. Цяжкія дыскі гатовы, а двое другіх, больш лёгкіх — БДТ-4 і БДТ-6, засталося толькі сабраць.

Па культыватарах што маглі самі — зрабілі: замянілі стойкі, «наскі», лапы, засталіся дробязі, трэба толькі замяніць некаторыя дэталі, але пакуль што неабходных грошай на рамонт нам не пералічылі, таму гэтыя агрэгаты знаходзяцца ў паўразабраным стане. Пры наяўнасці патрэбных запчастак паставіць тэхніку на лінейку гатоўнасці — справа некалькіх дзён.

Робім бягучы рамонт трактараў. Для правядзення іх тэхнічнага абслугоўвання набылі неабходную колькасць масла, фільтры.

Рамантуюць ў «Райаграсэрвісе» не толькі ўласную тэхніку. Зараз на стадыі завяршэння рамонт двух раскідвальнікаў арганічных угнаенняў з ААТ «Лядзенскі» і «Валевачы» — ланцугі засталося паставіць. Ёсць тры адзінкі тэхнікі са Смалявіцкага раёна.

— Гэта раскідвальнікі мінеральных угнаенняў замежнай вытворчасці, — гаворыць начальнік рамонтнай вытворчасці Глеб ДЫДЫШКА. — Іх мы рамантуем па папярэдняй аплаце: замяняем рэдуктары, дзесьці па корпусу праводзім зварачныя работы. Свая ж тэхніка практычна гатова. Вось дзве імпартныя сеялкі — «Альпега» і «Пнеўматык». Іх засталося толькі адрэгуляваць і пафарбаваць.  Яшчэ на культыватары трэба падшыпнікі замяніць. Зараз нашы слесары  Аляксандр КАЛТОВІЧ і Сяргей РАДЗІВОН заканчваюць збіраць дыскі.

Менавіта з-за недахопу сродкаў марудзяцца справы з падрыхтоўкай да вясенне-палявых работ і магутнага «Джон Дзіра». Каля 40 мільёнаў рублёў неабходна, каб правесці поўнае тэхнічнае абслугоўванне трактара і адрамантаваць камбінаваны глебаапрацоўчы пасяўны агрэгат да яго. А зрабіць гэта трэба абавязкова, бо «амерыканец» — самы цягавіты «конь» гаспадаркі. Яму толькі поле ўзаранае давай, усё астатняе ён зробіць сам. Адначасова тры аперацыі сумяшчае: фрэза глебу рыхліць, сеялка зерне сее , а «загартачы» закрываюць насенне. Увосень механізатар Віктар КАЗЛОЎСКІ, які пяты год працуе на «Джон Дзіры», засеяў азімымі амаль паўтары тысячы гектараў.

 Віктар ПАРФІЯНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *