Па здароўе — у Сiлiчы

Общество

Кожную суботу ў нашай школе праходзяць спартыўныя мерапрыемствы. А паколькі рэспубліканскі гарналыжны цэнтр «Сілічы» знаходзіцца непадалёк, 22 студзеня мы вырашылі ў чарговы раз наведаць гэтую «беларускую Швейцарыю».

Надвор’е спрыяла нашаму ўзнёсламу настрою. Свяціла яркае сонейка, снег крыху прыцерушыў дарогу. Не прайшло і гадзіны, як мы апынуліся ў «Сілічах».

Тыя, хто прыехаў сюды ўпершыню, спачатку разгубіліся, убачыўшы высокую гару. Хтосьці з вучняў усклікнуў: «Мне з такой духу не хопіць спусціцца!» А я і мае сябры Міша і Улад адразу вырашылі, што абавязкова з’едзем з яе. Сказана — зроблена. Дзве гадзіны мы каталіся на горных лыжах.

Кожны вучань знайшоў тут сабе занятак па душы. Адным даспадобы прыйшліся снегаходы. Хуткасць была вялікая, і мая сяброўка Аліна Шумко так ухапілася за інструктара… Потым усе пайшлі катацца на надзьмутых колах (цюбінгах), але не кожны адважыўся з’ехаць з высокай гары. А Ягор Толкач зрабіў гэта толькі пасля таго, як пракацілася наша настаўніца Лідзія Яўгенаўна. Мае сябры ездзілі на лыжах, з захапленнем дзяліліся ўражаннямі. А я ледзь не згубіла шапку і больш за ўсіх падала. Не было межаў радасці і захаплення ў Юліі Варсоцкай і Юліі Жыгімонт, якія асвойвалі канатную дарогу.

Настаўнікі ад нас не адставалі. Таццяна Пятроўна і наш дырэктар Святлана Фёдараўна спускаліся з гары, паднімаліся па канатнай дарозе, каталіся на снегаходзе…

Мы не толькі добра адпачылі, умацавалі здароўе, але і шмат чаго цікавага даведаліся. У аўтобусе ўсе дзяліліся сваімі ўражаннямі і нават не заўважылі, як прыехалі дадому.

Паліна ЗАПРУДСКАЯ,

вучаніца Руднянскай школы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *