Беларусь павiнна кiравацца сваiмi нацыянальнымi iнтарэсамi

Официально

Беларусь павінна кіравацца сваімі нацыянальнымі інтарэсамі, развіваючы супрацоўніцтва як з Усходам, так і з Захадам. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на пасяджэнні сёмай пазачарговай сесіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. 

У прыватнасці, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пасля падзей 19 снежня з’явіліся меркаванні, што Беларусь ад Расіі цяпер нікуды не дзенецца. «Вось, цяпер гавораць: вас тут задушаць і г.д., няправільна прэзідэнт сыграў, — сказаў беларускі лідар. — Прэзідэнт ніколі не іграў і не іграе. У нас ёсць прамая, выразна акрэсленая лінія, мы бачым мэту». Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, на шляху да гэтай мэты бывае, што нешта выгадна Усходу, а нешта наадварот выгадна Захаду. Так, напрыклад, нармалізуючы адносіны з Захадам, Беларусь не выбудоўвала палітыку супраць Расіі. «Мы гатовы былі выбудоўваць нармальныя адносіны з Еўрасаюзам, але яны ж, аказваецца, з намі жартаваць уздумалі: закалыхвалі, закалыхвалі, а самі паціху пад Варшавай, Бруселем і Берлінам выбудоўвалі свае планы, фінансавалі, стваралі пятую калону ў Беларусі», — сказаў Прэзідэнт. 

У сваю чаргу, калі Беларусь развівала адносіны з Расіяй, ідучы сваім шляхам (ніколькі не адыходзячы ад Захаду), то, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, можна было чуць крытыку з боку Захаду. 

Што датычыцца тэзіса аб тым, што Беларусь у цяперашняй сітуацыі нікуды не дзенецца ад Расіі, Аляксандр Лукашэнка сказаў: «Мы ніколі не хацелі дзявацца куды-небудзь ні ад Расіі, ні ад Захаду. Наш лёс такі. Мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы і павінны быць дужым сувязным мостам паміж Усходам і Захадам. І мы будзем праводзіць гэту палітыку». 

БелТА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *