Конкурс вызначыў лепшых па прафесіі

Общество

Адбыўся традыцыйны конкурс прафесійнага майстэрства на званне «Лепшы па прафесіі» сярод сацыяльных работнікаў і брыгадзіраў Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання.

Мерапрыемства праводзілася ў прыгожай зале ў адрамантаваным будынку аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту цэнтра, што на вуліцы Савецкай. Конкурс ладзілі ў два этапы: у першым вызначалі лепшых сацыяльных работнікаў, у другім — лепшага брыгадзіра.
Спаборніцтва праводзілі спецыяліст па сацыяльнай рабоце тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання Алена Гацко і псіхолаг аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Людміла Марціновіч.
З уступным словам выступіла дырэктар Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Людміла Шаркова. Яна выказала надзею на тое, што канкурсанткі пакажуць высокі ўзровень прафесіяналізму і пажадала поспехаў, удачы, аптымізму.
Ацэньвала канкурсантаў журы: начальнік упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне Чэрвеньскага райвыканкама Алена Калтовіч, загадчык аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту Аксана Бурлуцкая, загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Таццяна Адзінец, старшыня прафсаюзнага камітэта цэнтра Валянціна Кацько і загадчык аддзялення суправаджальнага пражывання Вольга Жураўская.
Сёлета ўдзельнічалі ў спаборніцтве восем сацыяльных работнікаў. Аліна Ельніцкая прадстаўляла брыгаду аб’яднанага Валявацкага і Смілавіцкага сельсаветаў, Наталля Верамейчык — Кліноцкага, Святлана Цалуйка — Раваніцкага, Ларыса Шчакала — Чэрвеньскага, Эма Раманоўская — Лядзенскага, Ганна Елісеева — Калодежскага, Вольга Багінская — Лядзенскага, Людміла Яблонская — г.Чэрвеня.
Напачатку сацыяльныя работнікі павінны былі расказаць пра аддзяленне, паказаць прафесійныя абавязкі падчас конкурсу «Прывітанне» (візітоўка). Удзельніцы дэманстравалі гэта ў самых розных формах: у выглядзе вершаў, тэатральных пастановак, відэапрэзентацый. А падтрымлівалі іх калегі з брыгады.
Самым адказным было выпрабаванне «Тэорыя і практыка работы». Журы ацэньвала узровень ведаў у сферы сацыяльнага абслугоўвання, падыходы да вырашэння праблем. Канкурсанткам прапанавалі адказаць пісьмова на тэсты, а таксама вусна вырашыць две задачы з сітуацыямі. Нягледзячы на тое, што прыклады былі ўмоўнымі, некаторым удзельніцам ужо прыходзілася з імі сустракацца на практыцы.
Іспыт «Хатняе заданне» дазволіў бліжэй пазнаёміцца з працай канкурсантак. Жанчыны распавядалі пра сваю паўсядзённую працу, падапечных, дэманстравалі фотаздымкі і відэапрэзентацыі, плакаты. У конкурсе «Творчая майстэрня» ўдзельніцы засведчылі свае здольнасці і захапленні. Канкурсанткі з фантазіяй і зацікаўленасцю паставіліся да выступлення на сцэне. Кожнае з іх было па-свойму адметным і цікавым — з вершамі, песнямі, танцамі, тэатральнымі міні-прадстаўленнямі. Акрамя гэтага, яны таксама праявілі сябе як умелыя рукадзельніцы — прадставілі вязаныя рознакаляровыя шкарпэткі, лялек, вырабы з паперы, бісера, дрэва. А яшчэ ім давялося пастаяць за плітой, каб прыгатаваць кулінарныя прысмакі. Торты, пірагі, кексы, печыва і смажаная курыца, якія стаялі на стале, вабілі прыемным водарам і прыгожым знешнім выглядам. Асабліва ўразіў торт у выглядзе вожыка ў камандным выкананні брыгады Раваніцкага сельсавета.
У наступшым этапе за тытул «Лепшага брыгадзіра» змагаліся сацыяльныя работнікі-брыгадзіры: Вольга Фурс з Калодзежскага сельсавета, Святлана Гурская — з Раваніцкага, Таццяна Горгун — з Кліноцкага, Лізавета Мяшкова з брыгады г.Чэрвеня. Яны прадэманстравалі арганізатарскія здольнасці, уменне згуртаваць калектыў, паставіць пэўную задачу і вырашыць яе. Іх паўсядзённая праца была адлюстравана на фотаздымках у выглядзе відэапрэзентацыі. Дарэчы, сёлета менавіта такім спосабам вырашана было правесці гэты этап упершыню.
Перад гледачамі выступіў калектыў «Ігуменскі настрой» на чале з музычным кіраўніком Дзянісам Галавенчыкам, спявала кіраўнік гурткоў «Швейная майстэрня» і «Майстэрня рукадзелля» Валянціна Баглова, вясёлыя байкі чытала пенсіянерка Ганна Круглік.
Падвяла вынікі спаборніцтва і ўручыла Дыпломы старшыня журы Алена Калтовіч. Першае месца заняла Святлана Цалуйка, Людміла Яблонская — другое, Ларыса Шчакала — трэцяе. Сярод брыгадзіраў лепшай стала Вольга Фурс, якая працуе ў сацыяльнай сферы ўжо 25 гадоў. Пераможцаў заахвоцілі таксама грашовымі прэміямі.
Пераможцаў павіншавалі дырэктар установы Людміла Шаркова, а таксама старшыня прафсаюзнага камітэта цэнтра Валянціна Кацько, якая ўручыла каштоўныя памятныя падарункі.
Конкурс вызначаўся і разнастайнымі эмоцыямі: было весела ад жартаў і сцэнак выступоўцаў, пазнавальна ад іх адказаў.

Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *