А час ідзе, зіма — не за гарамі…

Аграрный сектор

Пасля завяршэння працы ў полі, тэхніка гаспадарак, якая ўдзельнічала ў сельгасработах, павінна быць пастаўлена на доўгатэрміновае захоўванне ў адпаведнасці з патрабаваннямі дзяржаўнага стандарту.
У сярэдзіне кастрычніка абласная мабільная група на чале з інжынерам-інспектарам Мінскай абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Русланам Свірыдам, у якую ўвайшлі прадстаўнікі службаў Дзяржтэхнагляду Пухавіцкага, Бярэзінскага, Смалявіцкага і Барысаўскага раёнаў, праверыла, што зроблена ў гэтым накірунку на Чэрвеньшчыне.

Як распавёў начальнік Чэрвеньскай раённай інспекцыі Дзяржтэхнагляду Мікалай Капальнюк, аб’езд, якім былі ахоплены ўсе гаспадаркі, засведчыў, што ні ў адной з іх не было прынята належных мер для пастаноўкі тэхнікі на захоўванне.
— Адна з аб’ектыўных прычын такога становішча — позняе завяршэнне сельгасработ з-за неспрыяльных умоў надвор’я, — кажа ён. — У гаспадарках, дзе адчуваецца недахоп механізатараў, займацца пастаноўкай тэхнікі папросту не было каму. Тым не менш, існуючыя патрабаванні ніхто не адмяняў. Таму на пасяджэнні Савета ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, якое адбылося па выніках працы абласной мабільнай групы, ішла прадметная размова з кіраўнікамі і спецыялістамі інжынернай службы гаспадарак. Як вынік, усе кіраўнікі запэўнілі, што пастаноўка тэхнікі на захоўванне (за выключэннем той, што задзейнічана на ўборцы кукурузы і ворыве) будзе выканана да 1 лістапада…
Менавіта ў першы дзень апошняга месяца восені мы разам з Мікалаем Капальнюком і начальнікам аддзела механізацыі райсельгасхарчу Яўгенам Войцікам выправіліся ў рэйд па гаспадарках. Спачатку вырашылі наведацца ў сельгаспрадпрыемствы, дзе арганізацыя пастаноўкі тэхнікі на захоўванне выклікае абгрунтаваную трывогу.
Машынны двор ААТ «Лядзенскі» (дырэктар гаспадаркі Ігар Ключнікаў, галоўны інжынер Аляксандр Якубоўскі) сустрэў… адсутнасцю значнай часткі агароджы.
— Знеслі яе яшчэ ўлетку, — распавядае Мікалай Капальнюк. — Абяцалі паставіць новую, але так і не паставілі. Хаця даўно павінны былі зрабіць гэта ў рамках патрабаванняў па добраўпарадкаванню…
Ад сябе заўважаю: калі за агароджу яшчэ можна неяк апраўдацца матэрыяльнымі праблемамі, то якія выдаткі патрэбны, каб прымацаваць у належным месцы шыльду з назвай аб’екта? Дык не — тырчыць яна за шклом аконнай рамы будынка дыспетчарскай.
Зірнуўшы на першы ж камбайн, што стаіць на пляцоўцы машыннага двара, Мікалай Капальнюк вызначае «дыягназ»:
— Адразу можна казаць, што ён на захоўванне не пастаўлены.
— Чаму? — цікаўлюся ў спецыяліста.
— Жняярка не знята, а гэта — адно з галоўных патрабаванняў пры пастаноўцы камбайнаў на захоўванне, — тлумачыць ён. — Хутчэй за ўсё, вузлы і агрэгаты дагэтуль не чысціў ніхто. Зараз праверым…

Пажніўныя рэшткі на клавішах саломатрусу камбайна).

Дэталёвы агляд гэтага камбайна, як і ўсіх астатніх, пацвердзіў: да іх пастаноўкі за доўгатэрміновае захоўванне ў ААТ «Лядзенскі» нават не падступаліся.
Падобнае можна сказаць і пра іншую тэхніку гаспадаркі. Напрыклад, самаходны агрэгат «Раса», на спушчаных задніх колах, на момант нашага наведвання машыннага двара не быў пастаўлены на калодкі. Цікава, што завіхацца ля яго пачалі адразу пасля таго, як шчоўкнуў затвор фотаапарата. І тое добра…
З ААТ «Лядзенскі» скіроўваемся ў сельгаспрадпрыемства «Ганута-Агра» (дырэктар Дзмітрый Касіловіч, галоўны інжынер Уладзімір Касцючэнка). Часткова замененая на новую агароджа машыннага двара гаспадаркі вабіць вока. Але на гэтым станоўчыя эмоцыі заканчваюцца. Два камбайны стаяць тут на пляцоўцы, бы на лінейцы гатоўнасці да жніва. Казаць пра іх пастаноўку на доўгатэрміновае захоўванне не выпадае. Будынак майстэрні таксама не падрыхтаваны да рамонтных работ у зімовы перыяд: на вокнах замест шкла — поліэтыленавая плёнка, ды і тое месцамі парваная.
Увагу Мікалая Капальнюка прыцягвае кормараздатчык, які ўжо тры гады стаіць на прыколе. У гаспадарцы запэўнівалі, што самымі бліжэйшымі днямі ён будзе адрамантаваны. Але пакуль толькі запчасткі прывезлі. Тым часам, як заўважае Мікалай Капальнюк, жывёлу на фермах кормяць уручную.
— Увогуле, сітуацыя з захаванасцю тэхнікі ў РСУП «Ганута-Агра», як і ў ААТ «Лядзенскі», вельмі складаная — кажа ён. — У гэтай гаспадарцы яна абцяжарваецца яшчэ і тым, што галоўны інжынер неўзабаве пойдзе на тэрміновую службу ў войска і замены яму пакуль не прадбачыцца…
Апошні пункт нашага рэйду — ААТ «Раванічы» (дырэктар Сяргей Кіпець, галоўны інжынер Вячаслаў Фашчанка). Прыехаўшы сюды пасля дзвюх папярэдніх гаспадарак мы, можна сказаць, як у іншую дзяржаву трапілі. Усе камбайны, за выключэннем аднаго, які яшчэ працуе на ўборцы кукурузы, стаяць у ангарах памытыя, пачышчаныя, са знятымі жняяркамі, акуратна закансерваванымі гідраўлічнымі механізмамі.
Вось і ўзнікае пытанне. Чаму адны могуць і робяць, а іншыя не?
… Вяртаемся з Раванічаў. У лабавое шкло аўтамашыны ляціць густы мокры снег. Як напамін аб тым, што зіма — не за гарамі. І час, каб паставіць тэхніку на захоўванне, няўмольна сыходзіць.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *