У яе рэкордны працоўны стаж

Люди и судьбы

Многія жыхары нашага раёна ведаюць прывабную, рухавую, ветлівую жанчыну — Галіну Канстанцінаўну Патапейка, медыцынскую сястру стаматалагічнага аддзялення.

Нарадзілася Галіна Канстанцінаўна ў Чэрвені ў 1937 годзе. Ад’язджала адсюль толькі ў час Вялікай Айчыннай вайны. Сям’я ваеннага (маці і пяць дачок) была эвакуіравана ў Краснадарскі край. На Кубані пайшла ў першы клас. Аб тым часе яна памятае толькі тое, што было холадна, голадна, галеча. Маці, адмысловая швачка, у эвакуацыю ўзяла швейную машынку. Мела заказы, за выкананне якіх разлічваліся прадуктамі. Так і выжывалі маці і пяцёра дзяцей на Кубані да 1949 года, пакуль бацька іх не адшукаў. Вярнуліся сям’ёй у Чэрвень. У 1950 годзе Галіна закончыла школу, потым двухгадзічныя курсы медыцынскіх сясцёр. Накіравалі на працу ў Мінскую абласную псіханеўралагічную бальніцу, якая знаходзілася ў Чэрвені па вуліцы Гарбачова. Там дапамагала хворым, узорна выконвала прафесійныя абавязкі на працягу сарака гадоў. У 1997-ым перайшла на працу ў раённую стаматалагічную паліклініку. І яшчэ дваццаць гадоў клапацілася аб пацыентах. На сённяшні дзень Галіна Канстанцінаўна мае болей шасцідзесяці гадоў працоўнага стажу. Своеасаблівы рэкорд у нашым раёне!
Шмат паспявала рабіць і грамадскіх спраў. Была сакратаром камсамольскай, партыйнай арганізацый, узначальвала прафсаюзную арганізацыю бальніцы. Удзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах, мастацкай самадзейнасці. У 60-м годзе па закліку камсамола ў складзе маладзёжнага атрада раёна ездзіла на Цаліну ў Казахстан дапамагаць убіраць ураджай. Разам з мужам Аляксандрам Іосіфавічам, які выкладаў у школе чарчэнне і маляванне, выгадавалі двух дачок. На жаль, муж і дачка Таццяна ўжо пайшлі з жыцця. Марына жыве ў Маскве, замужам за ваенным, узначальвае юрыдычны аддзел у дзяржаўнай структуры. Галіна Канстанцінаўна мае трох унукаў, падрастае праўнучка Аліса. Родныя часта прыязджаюць у госці да бабулі.
Галіна Канстанцінаўна не ведае як гэта прасядзець дзень на канапе, гледзячы серыялы. Яна прывыкла рухацца, працаваць. Любіць збіраць ягады, грыбы. Трымае курэй, парсючка. Пад лапату ўскапала агарод (чатыры соткі!), пасадзіла і выкапала бульбу і іншую гародніну.
Апошні працоўны дзень 31 кастрычніка для Галіны Канстанцінаўны Патапейка прайшоў у прыемных клопатах. Падзякаваць за шматгадовую працу, урачыста праводзіць на заслужаны адпачынак адметнага работніка прыехалі галоўны урач бальніцы Андрэй Прахарэнка і старшыня прафсаюзнай арганізацыі Уладзімір Рандзіцкі. Шмат цёплых слоў выказалі калегі, работнікі стаматалагічнай паліклінікі. Паабяцалі ў снежні наведаць Галіну Канстанцінаўну, каб павіншаваць з 80-годдзем.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *