Зладзілі матулям свята

Культура

Яркім, прыгожым мерапрыемствам пачаўся Тыдзень Маці ў нашым раёне. Ладзілі яго на тэрыторыі Чэрвеньскага сельскага Савета. Запрасілі на свята старшыняў сельвыканкамаў з дзвюма прадстаўніцамі ад кожнага сельсавета.

Па традыцыі ва ўрачыстым адкрыцці Тыдня Маці прымаюць удзел лепшыя жанчыны-маці. У прывітальным слове старшыня Чэрвеньскага сельвыканкама Наталля Свірыдовіч пазнаёміла гасцей з адметнасцямі сённяшняга жыцця Савета. Нагадала, што як адміністрацыйная адзінка ўтварыўся ён нядаўна шляхам аб’яднання Вайнілаўскага і Грабянецкага сельскіх Саветаў. На тэрыторыі размяшчаюцца 25 вёсак, у якіх пражывае 2 522 чалавекі. Буйныя населеныя пункты — вёскі Вайнілава, Астравы, Грабянец. Сацыяльная сфера прадстаўлена ФАПамі і ўстановамі культуры. Дзіцячых садкоў і школ на тэрыторыі сельсавета няма. Мясцовыя дзеці наведваюць гарадскія ўстановы адукацыі.
Ля дзіцячага сада-ясляў №1 Чэрвеня гасцінна сустракала ўдзельнікаў свята загадчык Галіна Грынько. Яна правяла жанчын па ўтульных пакоях садка, расказала аб асаблівасцях навучання, аб групах пяцідзённага знаходжання дзяцей з цяжкімі парушэннямі вымаўлення і развіцця. Загадчык пазнаёміла з дзейнасцю музычнага гуртка. Маленькія дзеткі разам са сваімі выхавацелямі падрыхтавалі цудоўны канцэрт.
Уразілі гасцей не толькі творчыя танцавальныя нумары дзетак, але і артыстычнае майстэрства мастацкіх нумароў, якія выканалі выхавацелі садка. Сапраўды, таленавітыя вучні растуць толькі ў таленавітых настаўнікаў.
Пабачыць, дзе набываюць працоўныя навыкі старэйшыя дзеці, змаглі ўдзельнікі свята ў Чэрвеньскім прафесійным будаўнічым ліцэі. Выконваючая абавязкі дырэктара ліцэя Наталля Саўко правяла гасцей па майстэрнях. Паказала, дзе і як вучацца падлеткі сталярнічаць, фарбаваць, тынкаваць, выконваць сантэхнічныя і газазварачныя работы. Усе былі прыемна ўражаны ўзроўнем тэхнічнага абсталявання майстэрняў, прафесіяналізмам выкладчыкаў і навучэнцаў.
Аб рознабаковых паслугах тэрытарыяльнага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва расказала яго дырэктар Людміла Шаркова падчас наведвання матулямі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў. З абмежаванымі магчымасцямі яны з радасцю паказвалі свае вырабы з бісера, гліны, тканіны, праспявалі гасцям песню пра матулю, а Косця Мірановіч выканаў прыгожую кампазіцыю на сінтэзатары.
Наступным пунктам наведвання быў вытворча-харчовы завод. Амаль усе ўдзельнікі свята наведалі гэтае прадпрыемства ўпершыню. Таму так уважліва, з цікавасцю слухалі расказ дырэктара Васіля Лагуна, калі ён праводзіў экскурсію па цэхах завода. Матулі ўбачылі, як вырабляюць смачныя газіраваныя напоі, як разліваюць пладова-ягаднае віно.
Спадабаўся гасцям свята і фізкультурна-аздараўленчы комплекс «Ігумень».
Падчас пераезду да аб’ектаў наведвання цікавую інфармацыю з гісторыі ўтварэння і развіцця Чэрвеня расказала жанчынам старшы навуковы супрацоўнік раённага музея Ірына Вабішчэвіч.
У сярэдняй школе №3 Чэрвеня, дзе займаюцца дзеці з вёсак Чэрвеньскага сельсавета, матулі пазнаёміліся з навучальным і выхаваўчым працэсам, наведалі музей школы. А вучні падрыхтавалі душэўнае, кранальнае музычнае віншаванне жанчынам-матулям, пачаставалі гарбатай з хатняй выпечкай.
Традыцыйную алею матуль у гэтым годзе высадзілі ля будынка трэцяй школы. Абапал цэнтральнай уваходнай дарожкі будуць прыгажэць туі.
Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Алена Калтовіч ва ўрачыстай абстаноўцы перадала сімвалічны фотаальбом-летапіс правядзення Тыдня Маці Валявачскаму сельскаму Савету. Жыхары гэтага сельсавета будуць сустракаць лепшых матуль у наступным годзе.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *