«Нічога ў сваім жыцці не памяняў бы»

Люди и судьбы

— сказаў падчас сустрэчы з карэспандэнтам Мікалай Мікалаевіч Яфімчык, ветэран працы, жыхар горада Чэрвеня, якому ўчора споўнілася 80 гадоў. — Толькі б выкрэсліць з яго вайну…

Вайна пакінула глыбокія раны на сэрцы Колі, якому было чатыры гады, калі яна пачалася. Нагараваўся, як і ўсе дзеці вайны…
Нарадзіўся Мікалай Мікалаевіч на Гродзеншчыне ў вёсцы Раманавічы Дзятлаўскага раёна ў сям’і сялян. Пасля вайны пайшоў вучыцца ў Накрышскую сярэднюю школу. Скончыў там сем класаў. Вучыўся добра. З матэматыкай сябраваў.
Калгасы на Гродзеншчыне арганізаваліся толькі ў 1951 годзе. Бацька працаваў конюхам і на палявых. Пасля сямігодкі Мікалай таксама працаваў у гаспадарцы на розных работах. Прыгадвае, як на конях араў. Пара коней была. За плугам штодня праходзіў да 40 кіламетраў, па 90 сотак зямлі ўзорваў. Коней мянялі. Адна пара працавала да абеда, другая — пасля. Араты працаваў без падмены…
Паглядзелі ў калгасе, што талковы хлопец, прызначылі ўчотчыкам. Падлічваў работы, якія выконваліся ў брыгадзе. А ўвечары пералічваў усё на працадні, каб да раніцы было гатова і на калгасным двары абвясціць, хто што зарабіў…
У 1956 годзе Мікалая прызвалі ў войска. Служыў у Маскве ў двойчы Чырвонасцяжнай ордэна Леніна дывізіі імя Дзяржынскага асобага прызначэння, якая непасрэдна падпарадкоўвалася Крамлю. Там скончыў школу сяржанцкага саставу на «выдатна». За гэта быў удастоены сфатаграфавацца ля Сцяга Часці. Служыў тры з паловай гады, дэмабілізаваўся ў званні старшыны роты ў лістападзе 1959 года. Удзельнічаў у парадах у Маскве на Чырвонай плошчы. Войска шмат дало хлопцу. Атрымаў трэці разрад па бегу на дыстанцыі 20 кіламетраў. На лыжах хадзіў таксама, у спаборніцтвах удзельнічаў. Атрымаў значок «Выдатнік Савецкай Арміі». Пакідалі яго на звыштэрміновую службу. Не пагадзіўся. Бацькі чакалі.
Вярнуўся дамоў. Прыйшоў станавіцца на воінскі ўлік у ваенкамат, там прапанавалі работу ў сельсавеце загадчыка ваенна-уліковага стала. Папрацаваў крыху на гэтай пасадзе. Неўзабаве старшыня калгаса прапанаваў працаваць брыгадзірам, маўляў, што гэта за работа для хлопца — паперкі перакідваць. Перайшоў у брыгаду ў родную вёску Раманавічы. Брыгада была комплексная. Пад 170 чалавек у ёй працавала. Праца ручная тады ўся была. Праз пэўны час калгас пераўтварылі ў саўгас. Да брыгады далучылі яшчэ дзве вёскі. Адлегласць ад адной да другой — 17 кіламетраў. Далі ў дапамогу ўчотчыка.
Работа брыгадзіра патрабавала спецыяльных ведаў. Паступіў вучыцца завочна ў Мар’інагорскі саўгас-тэхнікум на агранома. Скончыў яго. Пасля вучобы працаваў начальнікам участка. Былі і грамадскія нагрузкі: дэпутата сельсавета і сакратара партыйнай арганізацыі.
З жонкай Галінай Міхайлаўнай пазнаёміўся ў 1962 годзе. Яна пасля заканчэння на Гродзеншчыне Шчучынскага сельгастэхнікума працавала ў Раманавічах заатэхнікам. Пажаніліся.
У 1973 годзе бацькі жонкі захварэлі, спатрэбілася ім дапамога. Галіна Міхайлаўна родам з вёскі Марыямпаль Чэрвеньскага раёна. Вырашылі пераехаць сюды. Купілі дом у Чэрвені.
Пайшоў Мікалай Мікалаевіч станавіцца на партыйны ўлік у райкам партыі. Там прапанавалі ісці аграномам у саўгас «Грабянецкі». Але тут у райкам зайшоў Сямён Майсеевіч Стэльмашонак. Ён і забраў Мікалая Яфімчыка да сябе ў калгас «Бальшавік».
— Будзеш другім аграномам, — сказаў. І дадаў: — І жонка таксама няхай прыходзіць.
На наступны дзень старшыня павёз новага агранома па палях, да механізатараў. Напэўна, хацеў праверыць яго кампетэнтнасць. А ў Мікалая Мікалаевіча вопыту ўжо хапала. «Прыйшоўся да двара», як кажуць. Працаваў у гаспадарцы з 1973 па 1978 год. Жонка працавала эканамістам па жывёлагадоўлі. Пасля змены кіраўніцтва ў гаспадарцы Чыж Анатоль Паўлавіч, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі ў Чэрвеньскім райвыканкаме, прапанаваў работу ва ўпраўленні. Тады арганізоўвалі абласное аб’яднанне па вытворчасці насення траў. Патрэбен быў занальны аграном для работы на два раёны — Чэрвеньскі і Бярэзінскі з рабочым месцам ў Чэрвені. Вось на гэтую пасаду і трапіў Мікалай Яфімчык. У раёнах у яго было па некалькі гаспадарак. У Чэрвеньскім — саўгас «Дамавіцкі», калгас імя Фрунзе, саўгас «Светач» і эксперыментальная база «Натальеўск». У Бярэзінскім раёне гаспадаркі: калгасы Ільіча, «Памяць Леніна» і «Бярэзіна». Яны займаліся вытворчасцю элітнага насення. Пачынаючы з 1978 года і да выхаду на заслужаны адпачынак працаваў на гэтай пасадзе. І яшчэ шэсць гадоў пасля. Вынікі былі нядрэнныя. Аб гэтым сведчаць шматлікія ўзнагароды: знак «Ударнік Х пяцігодкі», пасведчанні пераможцы сацыялістычнага спаборніцтва ў 1975, 1979, 1980 гадах, Ганаровыя граматы раённыя за высокія паказчыкі ў працы, медаль «Ветеран труда», памятны медаль ЦК КПРФ у азнаменаванне 140-годдзя з дня нараджэння В.І.Леніна, пасведчанне да яго з подпісам Генадзя Зюганава. Ёсць значок «Малады гвардзеец ХІ пяцігодкі УЛКСМ». Мікалай Мікалаевіч быў актыўным удзельнікам прафсаюзнага руху, дэлегатам 33-й справаздачна-выбарчай канферэнцыі Мінскай абласной арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі, сакратаром партарганізацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі. Узнагароджаны Ганаровай граматай Мінскага абласнога камітэта прфсаюза. Шмат гадоў з’яўляўся народным засядацелем, дэпутатам Вайнілаўскага сельскага Савета дэпутатаў.
Ужо адзінаццаты год, як Мікалай Мікалаевіч жыве адзін. Яго любая жонка, Тамара Міхайлаўна, пайшла з жыцця. З хатнімі справамі спраўляецца сам. Дачка Тамара, філолаг па адукацыі, настаўніца СШ №4 г.Чэрвеня, часта наведвае бацьку, дапамагае. Унучка і дзве праўнучкі — Лера і Віка — частыя госці ў дзядулі. Быў ячшэ сынок у Мікалая Мікалаевіча, памёр маленькім. Гэта бацькоўскі няўцешны боль…
Ёсць у яго захапленні. Чытанне — гэта першае. Як пераехаў на Чэрвеньшчыну, з таго часу — пастаянны падпісчык «раёнкі». З’яўляецца членам бюро раённай партыйнай арганізацыі. Далучаюць яго да розных мерапрыемстваў.
— На жыццё не крыўдую, — сказаў на развітанне Мікалай Мікалаевіч. — Хаця ўсяго давялося перажыць. Асабліва ваеннае і пасляваеннае дзяцінства. Працавалі па 10-12 гадзін за 300 грамаў зерня на працадзень. Шкада, што жонка рана пайшла з жыцця, пражылі 45 гадоў разам. Каб давялося нанава пражыць, нічога не памяняў бы ў жыцці, акрамя таго, што выкрэсліў бы вайну…
Віншуем Вас, шаноўны Мікалай Мікалаевіч, з юбілеем, зычым моцнага здароўя, дабрабыту і даўгалецця.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *