Папулярнасць у дзяцей, зацікаўленасць у педагогаў

Общество

Амаль 90 хлопчыкаў і дзяўчынак самага рознага ўзросту з пачатку верасня пачалі наведваць майстэрню па дрэваапрацоўцы пры Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі г.Чэрвеня.

Сёлета яна набыла вельмі прывабны абноўлены сучасны выгляд: поўнасцю аформлена дрэвам з прадуманым цікавым дызайнам. А яшчэ — закуплена новае абсталяванне, электрычны і ручны інструмент, драўніна для работы, сродкі аховы. Словам, вельмі многае зроблена, каб дзеці тут маглі авалодаць першымі неабходнымі ў мастацкай апрацоўцы драўніны навыкамі і ўменнямі.

Сталася гэта магчымым, дзякуючы важкай фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і рэалізацыі праграмы развіцця ААН. Нагадаю, што грашовыя сродкі фундатараў Чэрвеньскі Цэнтр творчасці змог атрымаць толькі таму, што стаў сёлета пераможцам у конкурсе мясцовых ініцыятыў. І вось цяпер актыўна ажыццяўляе ўласны праект пад назвай “Рэалізуй сябе праз творчасць”. Тое, што ўдалося здзейсніць за даволі кароткі час, радуе педагогаў дадатковай адукацыі і іх выхаванцаў.

Сёння майстэрня па дрэваапрацоўцы, быццам вулей, напоўнена задорным гоманам хлопчыкаў і дзяўчынак у творчай працы. Магчыма, імі тут робяцца першыя крокі ў будучую прафесію ці ў кагосьці гэтае захапленне застанецца на ўсё жыццё якраз тым заняткам, які прыносіць вялікую радасць. Ва ўсялякім разе зараз іх вольны час скіраваны на развіццё ўласных здольнасцей, стваральную працу. Так, чацвёртакласнік Мікіта Зыгмантовіч марыць быць будаўніком. А таму ён старанна вучыцца працаваць са сталярным інструментам, настойліва асвойвае асаблівасці мастацкай апрацоўкі дрэва. Летась зрабіў цікавую навагоднюю драўляную кампазіцыю — сям’ю з трох аленяў і заняў трэцяе месца ў рэспубліканскім конкурсе “Прывітанне, свет!”

Стрыечны брат Мікіты — Ілья Рупека — марыць аб зусім іншай прафесіі — выратавальніка, але пакуль стварае з дрэва розныя рэчы. Шчаслівы, калі мама радуецца яго падарункам, вырабленым уласнымі рукамі, нават калі гэта просценькая лыжка, лапатка ці раздзелачная дошчачка. Як расказаў сам Ілья, ён заняў першае месца ў конкурсе, калі зрабіў з дрэва пажарную машыну і пра яго напісалі ў “раёнцы”, а тата пахваліў. Між іншым, бацька, па словах хлопчыка, будаўнік.
Чэрвеньскім дзецям пашанцавала яшчэ вось у чым: вядзе гурток па мастацкай апрацоўцы дрэва амбіцыйны выпускнік Віцебскага тэхналагічнага каледжа Сяргей Клёс, які мае дзве спецыяльнасці — рэзчык па дрэве і настаўнік-мастак. Працуе малады спецыяліст усяго другі год, але ўжо змог са сваімі гурткоўцамі атрымаць тры рэспубліканскія Дыпломы ў прэстыжных конкурсах. Дырэктар Цэнтра творчасці Людміла Дужава вельмі задаволена такімі вынікамі і ўпэўнена, што гэта толькі пачатак поспеху. Па яе словах, Сяргей захоплены абранай прафесіяй, мае здольнасці ў рабоце з дзецьмі, адказны, патрабавальны, імкнецца асвойваць новае, цікавае. У яго шмат задумак, адна з якіх — упрыгожыць Цэнтр творчасці скульптурамі казачных герояў.
Цудоўна, калі намечанае ажыццяўляецца — і ў дзяцей, і ў дарослых.

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *